Гарэтная маці

0
Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Горны інжынер Віталій Крахмалёў, адпрацаваўшы змену ў шахце, у добрым душэўным настроі вяртаўся на сваім аўто ў горад, дзе чакала яго сям`я: жонка, двое дзяцей і маці-пенсіянерка. Не даехаўшы да горада з дзясятак кіламетраў, ён убачыў пры самай дарозе пажылую жанчыну, якая вельмі старанна махала рукою, прасілася падвезці. Не першы раз ён бачыў такое, рэдка калі падвозіў. Але на гэты раз затармазіў, з`ехаў на абочыну.

Жанчына шпарка падбегла да аўто і ў адкрытае акно залямантавала: «Падвязіце гарэтную маці ў горад». «Сядайце», — ад­ка­заў Віталій. Не паспеў адчыніць дзверкі, як жан­чына пабегла ў кувет і з торбамі вярнулася да машыны. Торбы былі звязаны шлейкаю па дзве так, каб іх можна было перакінуць цераз плячо. У торбах была свежая гародніна, з адной віднеліся парасончыкі зялёнага кропу. Смешна стала ад такой хітрасці жанчыны: ніхто не хоча браць папутных пасажыраў з багажом, таму торбы пахавала ў кусты.

Віталій выйшаў з машыны, абышоў вакол ба­гаж­ніка, адчыніў заднія дзверы. «Сядайце. Торбы пастаўце пад но­гі», — парэкамендаваў ён. Жанчына хуценька ўладкавалася з торбамі і прагаварыла: «Дзякуй, уважылі гарэтную маці».

Реклама

Жанчына была пенсіён­нага ўзросту, але рухавая: нічога гарэтнага ў ёй не было. Твар абветраны, загарэлы, як у большасці вясковых жанчын, для якіх фізічная праца з`яўляецца штодзённай нормай жыцця.

У думках Віталій параў­наў гэтую незнаёмую цётку са сваёй маці. Яна з нараджэннем першага ўнука пераехала да яго, з вёскі ў горад, ды так і засталася, стала гарадской. Цяпер ніколі і не ўспамінае пра вёску.

«Прабачце, а чаму вы сябе называеце гарэтнай маці? — звярнуўся да пасажыркі Крахмалёў. — У вас мно­га дзяцей, якія не ўлад­каваны ў жыцці, ці гора ў сям`і?».

Пасажырка, здаецца, абрадавалася, што з ёю загаварыў кіроўца аўто. «Была сям`я, ды не стала. Два сыночкі былі, выраслі і пажаніліся. Трое ўнукаў маю, у школу ходзяць. Працуюць у шахце сынкі, а нявесткі — беларучкі, у канторах. Дома з мужам у сваёй хаце жывем. Толькі на агародзе ніхто не хоча працаваць. Агароды ўраджайныя, што грэх не сеяць. Нездарма вёску назвалі Зажэвічы. Зажывалі калісьці тут людзі багата. А цяпер разленаваліся, агароды травою засяваюць. Мой старэйшы сынок на шахце нейкім начальнікам, дык ад нас патрабуе таксама агарод засеяць травою», — дзялілася «горам» пасажырка.

«Вырашчанай гароднінай не грэбаюць, бяруць?» — спытаўся Віталій. «Не, не бяруць. Вязу на базар, прадам. На гэтыя грошы ўнукам да школы куплю што-небудзь», — адказала пасажырка.

Крахмалёў рассмяяўся: «Бедныя ўнукі. Хай сыны купяць аўтамабіль ды возяць вас на рынак». Пасажырка замахала рукамі: «У кожнага сына свой аўтамабіль, нявесткі маюць па аўтамабілю. І ў майго старога ў гаражы стаіць аўтамабіль. Але гора мне — ніхто не хоча адвезці на базар. Калі вы не едзеце міма базара, то высадзіце мяне каля вакзала. Даеду на аўтобусе».

«Гарэтную маці давязу да базара», — з усмешкай адказаў Крахмалёў і ад вакзала павярнуў на вуліцу Кастрычніцкую, у бок калгаснага базару.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии