Апошнім майскім цёплым вечарам, калі сонца ўжо закацілася ў канец вуліцы, на лавачку выйшла яе гаспадыня Мар`я Сквапніца. Так склалася па жыцці, што гэта лава стала месцам збораў апошніх жыхароў вуліцы. Сюды прыходзілі тыя, у каго часта пячэ на душы, а патушыць агонь няма чым, бо ў кармане поўнае безграшоўе. Збіраюцца, вырашаюць.
Сядзіць Мар`я і ўглядаецца ў канец вуліцы: мо нясе чорт якую грэшную душу. Раптам замільгала постаць у сонечных промнях. Яна абрадавалася — у яе бок ішоў мужчына.
Гэта быў чужак, незнаёмец. Калі наблізіўся, спытала: «Куды насупраць ночы ідзе чалавек?»
Незнаёмец падышоў бліжэй, пажадаў добрага вечара і адказаў: «Гора чалавека гоніць, жыць няма дзе, шукаю жанчыну, каб у прымакі прыбіцца на старасці».
Мар`я агледзела чалавека: апрануты па-вясковаму, не ў новае, але ў чыстае, нават чаравікі наваксаны.
«Колькі ж гадоў табе? На пенсіі, мусіць?» — спыталася. Прышэлец расказаў, што жыў у суседняй вёсцы, працаваў на ферме, мае пенсію ледзь не ў тры мільёны, але новыя гаспадары папрасілі пакінуць хату, у якой ён жыў.
Пачуўшы пра такую пенсію, Мар`я ажывілася, вырашыла галоўнае вызнаць: «А жонка, дзеці твае дзе, што ты адзін?» Прышэлец адказаў: «Усё жыццё пражыў адзін, не жаніўся. На старасці няма прытулку». — «Бабыль, — прамовіла Мар`я з журботай у голасе і заківала галавой. — Гэту праблему вырашым, мужчына патрэбен многім. Бачу, мужык ты працавіты. Узяла б да сябе, але сын даведаецца, паляцім з хаты разам у белы свет. Таму трэба пачакаць трошкі. Як атрымаеш пенсію, прыходзь. У мяне ў горадзе ёсць тры жанчыны, павязу цябе на паказ, хоць адна з іх цябе возьме. Будзеш гарадскім чалавекам. Толькі трэба паказаць сябе, што ты не жмот, не злодзей, не скупы. Яны не п`яніцы, але такі звычай, што без гарэлкі ды закусі не абыдзецца. Таксі нанімаць не будзем, папросім знаёмага з машынай, яму таксама трэба заплаціць, але гэта значна менш, чым гарлахватам-таксістам. І лічы, што ты гарадскі. Будзеш жыць як сыр у масле».
Мар`я запрасіла чалавека на чай. Пакуль частавала, дагаварыліся, што ён прыйдзе да яе з пенсіяй праз тыдзень, а за гэты час яна дагаворыцца з жанчынамі, знойдзе вадзіцеля з машынай. І будуць сваты не горшыя, чым у маладажонаў.
Калі бабыль прыйшоў з пенсіяй да Мар`і Сквапніцы, перад дваром стаяла аўто. Гэта прыдало яму больш смеласці. Аднекуль у галаве з`явілася думка, што жанчына яна сур`ёзная, не падмане. А значыць, і тыя, з кім яго будуць знаёміць, — жанчыны сур`ёзныя. Ён не вельмі ўяўляў, як будзе жыць з жанчынаю ў гарадской кватэры, чым будзе займацца цэлы дзень. Лічыў, што пенсіянеры ў горадзе — лайдакі. Праўда, ёсць і заўзятыя дачнікі. Калі ў той жанчыны, што згодзіцца яго ўзяць, будзе дача, то ён будзе заўсёды пры рабоце, бо без яе не жыць. Пры такой думцы яму стала весялей. Ён смела пераступіў з вуліцы ў двор да Мар`і.
Ён не дайшоў да парога, як насустрач выйшла Мар`я з мужчынам. Той быў каля пенсіённага ўзросту, у руках пакручваў ключы ад машыны. Невысокага росту, з жыватом, які перавешваўся цераз папругу. «Такі не працуе цяжка», — падумаў ён. Мар`я прадставіла: «Гэта наш шафёр, яму трэба цяпер заплаціць 400 рублёў».
Бабыль дастаў грошы, адлічыў дзве паперкі па 200 тысяч, так павольна, каб бачылі. Астатнія схаваў назад.
Куды падвезці, вадзіцель ведаў ад Мар`і. Прыпыніліся каля гастранома «Народны». Мар`я адразу павяла свайго «жаніха» ў аддзел моцных напояў. «Бяром тры пляшкі,— давала парады. — Пасля купім закусі». Закусь выбірала ў асноўным Мар`я. Ён паслухмяна браў, клаў у кошык. Калі пачалі разлічвацца, кошт купленаму пацягнуў амаль на мільён. Нешта нядобрае варухнулася ў душы бабыля, але за будучае шчасце трэба плаціць.
Вадзіцеля з машынай ужо каля магазіна не было. Пайшлі да суседняга дома, падняліся на трэці паверх. Толькі зазваніў званок, як расчыніліся дзверы. Поўнацелая кабета з густымі белымі валасамі лагодна запрасіла заходзіць: «Чакаем, баяліся, што раздумалі і не прыедзеце», — гаварыла яна.
Ён усё-такі хваляваўся, бо забыў, што, пераступіўшы парог, трэба зняць абутак. Калі яму аб гэтым напомніла жанчына, што сядзела ў зале, то гаспадыня з усмешкай сказала: «У вёсцы гэта не засвоена, навучым». Калі Мар`я стала выстаўляць на стол пакупкі, гаспадыня быццам сорамна сказала: «Ну, Мар`я, можна было б без гэтага».
Толькі селі за стол, з`явілася трэцяя жанчына.
Гаспадыня смела адкаркоўвала пляшкі, налівала ў стаканчыкі. Выпівалі да дна. Калі пачалі разліваць апошнюю пляшку, Мар`я спытала, каму спадабаўся мужчына. Тут усе звярнулі ўвагу на мужчыну сярод жанчын. «Я ўзяла б да сябе, — пачала гаварыць гаспадыня. — Але яго пенсія малавата. За пакойчык трэба плаціць не менш за сто тысяч у дзень. Не пацягне. Таму прыняць не магу».
«Магу забраць на вёску да зімы. Даглядаць агарод, спадзяюся, умее. Але толькі да зімы,— сказала худая чорная жанчына. — Яму патрэбна пастаяннае жыллё. Таму сама прыняць не магу».
Да бабыля павярнулася жанчына, што прыйшла апошняй. «Нам трэба вадзіцель аўто, маладзейшы і больш дужы, каб шторанку развозіў тавар».
«Мне куды цяпер?» — звяртаючыся да Мар`і, спытаў ён. «Як палучыш пенсію, прыходзь. Да таго часу пашукаю іншых жанчын».
Бабыль падняўся ад стала і пайшоў да дзвярэй. Абувацца не стаў, спускаўся па лесвіцы ўніз, трымаючы чаравікі ў руках.