1920 год: што было на Случчыне

0

У мінскі магазін «Акадэмкніга» паступіла для продажу кніга жыхара горада Слуцка А. Жука «1920 год на Случчыне», якую ў маі 2016 года выпусціла ў свет выдавецкае прадпрыемства «Белстан».

160629_book

Аўтар узяў для разгляду 1920 год таму, што лічыць яго адным з самых насычаных падзеямі ў гісторыі Случчыны ў ХХ стагоддзі.

Мяркуйце самі: акупацыя яе тэрыторыі польскімі войскамі, антыпольскае падпольна-партызанскае супраціўленне, усталяванне ў нашым краі савецкай улады, яшчэ адна польская акупацыя слуцкіх земляў, дзейнасць Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны і Беларускай Рады Случчыны, Слуцкі збройны чын, аднаўленне ў Слуцкім павеце савецкай улады.

У той час падзеі на Случчыне нярэдка насілі драматычны характар, а шэраг іх (напрыклад, Слуцкі збройны чын) не адно дзесяцігоддзе замоўчвалі афіцыйныя гісторыкі і прадстаўнікі ўладных структур.

Гістарычна-краязнаўчы нарыс «1920 год на Случчыне» адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. Пры яго напісанні А. Жук выкарыстаў архіўныя дакументы, успаміны ўдзельнікаў падзей, энцыклапедычныя даведнікі і некаторыя іншыя матэрыялы — усяго 39 найменняў, якія прыведзены ў раздзеле «Літаратура і крыніцы».

Мікола Курыльчык, старшыня Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».