Падзерскія Агароднікі: у спёку 12 дамоў засталіся без вады

У кагосьці свята, а жыхары вёскі Падзерскія Агароднікі Слуцкага раёна перад Днём Незалежнасці апынуліся без вады ў кранах.

160704_voda

Реклама

Вёска Падзерскія Агароднікі знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад канечнага прыпынку гарадскога транспарту. З-за такой блізкасці ад Слуцка і наяўнасці вадаправода на некалькіх вуліцах непадалёку ад малочнай фермы ў апошнія гады ідзе ажыўленае будаўніцтва прыватных дамоў.

На працягу многіх гадоў вада, за якую ніхто не плаціў, спраўна падавалася ў дамы на вуліцы Садовай і Нова-Садовай з вадаправоднай вежы, размешчанай на тэрыторыі малочнага комплекса ААТ «Казловічы- Агра».

Але 2 ліпеня ў самую спёку жыхары вуліцы Садовай раптоўна засталіся без вады. Пасля высвятлення прычын адключэння вады вяскоўцы даведаліся, што вада не падаецца, паколькі іх водаправод нелегітымны, пабудаваны таемна і нелегальна.

Вольга Прахарэнка, якая не мае свайго калодзежа, другі дзень заклапочана пошукамі вады. Яна набыла дом у Падзерскіх Агародніках восенню 2015 года. Тады ж яна спрабавала знайсці ўладальнікаў вадаправода, каб заключыць дамову і штомесяц плаціць грошы.

— Дом я купіла ў тым ліку з-за вадаправоду, — гаворыць Вольга. — Мне заставалася толькі ўкласці грошы і падключыцца. Крыху насцярожыла тое, што я не змагла знайсці ўладальніка вадаправода па балансавай прыналежнасці, каб заплаціць за сваё падключэнне і ў далейшым штомесячна плаціць за карыстанне вадой. Суседзі цьмяна гаварылі пра нейкую фірму, якая гадоў 5 таму назад збудавала вадаправод і якая быццам павінна была перадаць яго на баланс КУП «Слуцкая ЖКГ». Ніякіх канкрэтных дадзеных пра фірму не было. Жыхары ж распавядалі Вользе, што супрацоўнікі «фірмы», калі вялі водаправод па вуліцы, самі прапаноўвалі людзям купіць неабходнае абсталяванне і падключылі іх за невысокую плату. Грошы былі здадзены па спісу з подпісамі, але ніякіх квітанцый за аплату працы сяляне не атрымалі.

Пасля знікнення вады, па словах Вольгі, яна патэлефанавала загадчыцы малочнага камплекса. Тая распавяла ёй, што на ферме зменшыўся напор вады, але яна асабіста нічога не адключала і пра водныя праблемы нічога не ведае.

— Калі б гаворка ішла пра 5−10 метраў пракладзеных труб, было б зразумела. Але справа ў тым, што ад фермы да вёскі даўжыня водаправода складае прыкладна 600 метраў ды яшчэ па вуліцы трубы пракладзены на даўжыню 1000 метраў. Хтосьці ж гэта ўсё пракладваў, значыць, павінен быць і гаспадар гэтай маёмасці?!

У святочныя і выходныя дні кіраўнікоў арганізацый звычайна знайсці немагчыма. Разам з Вольгай я паспрабавала ўдакладніць інфармацыю пра вадаправод спачатку ў суседзяў Вольгі, якія жывуць на гэтай вуліцы даўно і павінны ведаць, хто ж тут рыў зямлю. Здзіўляе тое, што для ўсіх суседзяў гэта таксама таямніца.

Па словах Галіны Мельнік, якая працуе паштальёнам у горадзе, некалькі гадоў таму каля яе дома працавалі супрацоўнікі газавай службы і выпадкова парэзалі трубу водаправода.

— Рабочыя газавай службы сказалі, што па іх дакументацыі тут ніякага водаправода няма і можна смела капаць зямлю, — паведаміла Галіна. — Але пасля пашкодзілі трубу водаправода. Дарэчы, мы ж усе хочам, каб водаправод існаваў законна. Я пра гэта гаварыла тым рабочым, якія мне прапанавалі купіць трубы і краны, каб падвесці ваду ў хату.

«Купіце трубы і кранікі, мы вас далучым і ў вас будзе вада, — казалі яны. — А праз нядзелю да вас прыедзе ЖКГ і аформіць усё законна».

Хто ж адкажацца ад такой прапановы цывілізавана жыць?

Мікалаю Драбушэвічу ваду ў дом падвялі адразу пасля ўзвядзення фундамента.

Адзін з суседзяў - Анатоль Шушок — пазнаў сярод рабочых «фірмы» некаторых знаёмых — рабочых водаканала.

На суседняй вуліцы Нова-Садовай, якая знаходзіцца крыху бліжэй да фермы, знаходзіцца дом галоўнага інжынера ЖКГ. Радуючыся магчымасці праліць свет на таямніцу, разам з Вольгай Прахарэнка і Галінай Каваленя мы пайшлі да Анатолія Фёдаравіча Мельніка. /унесена ўдакладненне ў імя і імя па бацьку — 05.07.2016… / Але галоўны інжынер ЖКГ адмовіўся з намі размаўляць.

/…/

Крыху больш інфармацыі ўдалося атрымаць ад інжынера ААТ «Казловічы-Агра».

У тэлефоннай размове Павел Аляксеевіч Башко паведаміў, што ён асабіста адключыў падачу вады для людзей, таму што вада патрэбная для кароў і цялят.

— Я ўжо не раз папярэджваў, што вада для іх калісьці скончыцца, — адказаў па тэлефоне на мой запыт інжынер. — Яны ўрэзаліся ў вадаправод незаконна, за воду не плацяць. Хай заключаць дамовы і паставяць лічыльнікі.

Пытанне, чаму 6 гадоў ніхто не звяртаў увагі на такую незаконнасць і спраўна вада паступала ў людскія дамы, засталося без адказу.

Заключыць дамовы вяскоўцы не супраць. Лічыльнікі даўно стаяць ва ўсіх хатах. Толькі з кім заключаць дамову?

Па словах жыхароў вёскі Анатоля Шушко і Мікалая Драбушэвіча, яны некалькі разоў наведвалі кантору сельскагаспадарчага прадпрыемства «Казловічы-Агра» і прапаноўвалі браць грошы з людзей за ваду.

— У канторы нам адказалі, што вадаправод не належыць сельскагаспадарчаму прадпрыемству, яны не могуць збіраць з нас плату і што нам патрэбна звяртацца ў ЖКГ. ЖКГ ж робіць выгляд, што не мае дачынення да гэтай праблемы.

Інжынер Башко, які адключыў ваду, як быццам таксама не ведае, хто пракапаў вадаправод і прысмактаўся да воднай сістэмы малочна-таварнага комплексу. Толькі людзям ад гэтага не лягчэй. У свой час, дзякуючы сваёй юрыдычнай бязграматнасці яны клюнулі на бясплатную прыманку і зараз сядзяць без вады ў сваіх цывілізаваных хатках з прыбіральнямі, ваннымі пакоямі, бойлерамі для падагрэву вады, пральнымі машынамі. У спякотныя дні думаюць, дзе знайсці вады, каб папіць і памыцца. Пра расліны, якія трэба паліваць на агародах, ніхто нават і не ўспомніў. Хаця б сябе саміх напаіць.

А тым часам вадаправод пракапаны, рэальна існуе. Засталося знайсці толькі таго таямнічага багатага крата, які перакапаў зямлю і наклаў у ёй труб на даўжыню ў 1500 метраў і застаўся невядомым нават для інжынера фермы, на якой ваду для людзей то ўключаюць, то адключаюць. Бо толькі тады, калі гэты таямнічы знойдзецца, будзе магчымасць узаконіць водную сістэму і браць грошы з людзей.

Дададзена ў 18.22. Прыкладна ў 17.00 4 ліпеня вадазабяспячэнне было адноўлена. Зараз жыхарам трэба будзе вырашыць прававыя пытанні, заключыць дамовы, спакойна аплачваць паслугі і не баяцца, што іх зноў адключаць.

8 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
☭_СиМ_☭
☭_СиМ_☭
4 июля 2016 14:48

Приплыли халявщики

☭_СиМ_☭
☭_СиМ_☭
4 июля 2016 14:49

Как-то так https://uploads.disquscdn.c

v
v
7 июля 2016 11:47
Ответить на  ☭_СиМ_☭

Выдатна!

Марьванна
Марьванна
4 июля 2016 17:58

Для сведения «правозащитницы» Зинаиды Тимошек (автор статьи) главный инженер Слуцкого ЖКХ — Мельник АНАТОЛИЙ ФЁДОРОВИЧ. К какому Мельнику НИКОЛАЮ МИХАЙЛОВИЧУ пыталась обратиться автор — большой вопрос. ИЛИ ПРОСТО НАГНЕТАНИЕ ОБСТАНОВКИ?

volf
volf
5 июля 2016 20:20
Ответить на  Марьванна

Цімошак, да Вашай даведкі, сапрауды праваабаронца. Яна былы настунiк. З вёскі Вежы. I каб не жыу на суседняй вуліцы галоуны iнжэнер ЖКГ, справа з месца магла зрушыцца толькі пасля публікацыi у прэсе.

Марьванна
Марьванна
5 июля 2016 21:57
Ответить на  volf

Не правозащитница, а правокаторша. При чём некий Николай Михайлович к главному инженеру ЖКХ АНАТОЛИЮ ФЁДОРОВИЧУ? Просто Тимошек надо взболомутить воду и ловить в ней рыбку (дивиденды для себя).

volf
volf
6 июля 2016 23:50
Ответить на  Марьванна

Значыцца, Вы з ЖКГ.)))А вось ярлыкі на людзей вешаць не трэба, калi Вы з імі асабіста не знаёмы. Мо яна перапутала прозвішчы.

volf
volf
5 июля 2016 20:08

Ёсць падобныя праблемы і з каналізацыяй.Кажуць-прыватная.А за каналiзацыю жыхары, напрыклад, на вул. Баумана плацяць. Па дакументах яе німа у ЖКГ.І таму, калі трэба яе прамыць, праблема, якую жыхары вырашаюць уласнымi сродкамі.Дакументау ніякіх німа, пракладзена у савецкі час. А зрабiць пашпартызацыю праз ЖКГ-марны лёс.