
Жыў чалавек, сярод іншых нічым не вызначаўся. Гадаваў васьмярых дзяцей. Ужо даўно няма яго на свеце, а памяць аб ім жыве ў дзецях, унуках, праўнуках і прапраўнуках. Імя гэтаму чалавеку Дзям’ян.
Як мноства іншых аднавяскоўцаў, Дзям’ян меў сваю вулічную мянушку — Бэрка. Таму і дзяцей звалі «сын Дзям’яна Бэркі» або «дачка Дзям’яна Бэркі». Мянушка гэта прыліпла да яго за сяброўства з местачковымі яўрэямі і нікому з дзяцей не шкодзіла. Праўда, унукі, калі да іх так звярталіся, дзівіліся, бо яўрэяў у мястэчку даўно не стала.
Сярод сваіх аднавяскоўцаў сям’я Дзям’яна вызначалася ўзаемадапамогай. Прайшло трыццаць пяць гадоў, як не стала Дзям’яна, а ўзаемасувязь яго нашчадкаў жыве, перадаецца новаму пакаленню. Штогод яны збіраюцца то ў яго хаце, якая зберагаецца як музейная каштоўнасць, то ў каго-небудзь з нашчадкаў.
У гэтым годзе сабраліся на дачы ўнучкі Галі, якая жыве ў Мінску, а дачу трымае ў Капыльскім раёне. Ехалі амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі, з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казахстана, Германіі. Віншавальныя паштоўкі прыйшлі з Кітая, Балгарыі. Вось так па свеце разышліся яго нашчадкі.
Калі за юшкай унук Віктар (ён даўно на пенсіі) спытаўся ў дзядзькі Валодзі (яму пайшоў дзявяты дзясятак гадоў), адкуль у дзеда мянушка Бэрка, той расказаў такую гісторыю: «Жылі мы ў вёсцы Лескі, што недалёка ад мястэчка Урэчча. У гаспадарцы была карова. Калі маці ішла даіць яе, то адрэзвала скібачку хлеба, змачвала вадою і пасыпала соллю. Гэта падарунак карове за малако. Я ішоў за маці ў хлеў, каб слухаць музыку цурак, што вызваньвалі аб даёнку. А музыка была цудоўная і сёння гучыць у маёй памяці.
Але ў час нямецкай акупацыі дзяцей ў хлеў перасталі пускаць, забаранялася гуляць і вакол хлява. Даіць карову мама ішла з гаршчочкам супу, які хавала пад світкай. Я дзівіўся, што карову кормяць супам.
Пасля вайны лёс звёў мяне з адным пажылым яўрэем. Ён спытаў мяне: «Ты сын Дзям’яна Бэркі?» Я здзіўлена адказаў: «Я сын Дзям’яна Бэркі». Яўрэй дзень хадзіў і паўтараў: «Сын Дзям’яна Бэркі!». Тады я даведаўся, што мама насіла суп не карове, а гэтаму яўрэю. Вось такая была дружба Дзям’яна з яўрэямі, дзеля якой ён рызыкаваў жыццём сваім і сваёй сям`і».
Праз усё яго жыццё прайшлі адна за другой войны: маладым салдатам ваяваў у Афганістане ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя. Пра гэту вайну нам невядома. Пасля была вайна 1939 года на Захадзе (Польшча, Фінляндыя), потым Вялікая Айчынная вайна, з якой Дзям’ян вярнуўся цяжка паранены.
За юшкай унукі і ўнучкі расказвалі гісторыі з успамінаў пра дзеда, а прапраўнукі слухалі. Так памяць аб ім перадавалася новаму пакаленню.
Чаму збіраюцца на юшку, прысвечаную памяці дзеда? Старэйшыя з роду памятаюць, што дзед быў добрым рыбаком, толькі рыбу лавіў зімою, бо летам не бавіў час за гэтай забавай.

