Маладзёжны інтэрнат. Пакой № 7. Жылі там тры сялянскія дзяўчыны, якія пасля школы ўладкаваліся на працу на завод у якасці вучаніц. Такіх на заводзе было шмат і звалі іх «малалеткамі».Адной з іх пры паступленні ў ВНУ не хапіла ўсяго паўбала, другая прыехала з глыбокага Палесся, трэцяй прыйшлося адкласці паступленне да лепшых часоў, бо была вялікая сям’я і трэба як старэйшай зарабляць грошы і дапамагаць сям’і.
З таго часу прайшло больш за сорак гадоў, на двары ўжо ХХІ стагоддзе. Як жа склаўся лёс сябровак з пакоя № 7?
Дзяўчаты выйшлі на прамую дарогу жыцця, атрымаўшы на заводзе рабочую прафесію. Узялі шлюб амаль што адначасова. Спачатку ўсё было добра.
Прайшло пяць гадоў, і накірунак шчаслівага жыцця адной з сябровак, назавём яе Таццянай, рэзка змяніўся. У аварыі загінуў Іван, яе муж, і жыццё маладой жанчыны пайшло абы-як. У дадатак да гэтага гора пасяліўся ў кватэры «зялёны змій». І пайшло-паехала — запіла Таццяна. Але трэба было гадаваць адзінага сына, і жанчына ўзяла сябе ў рукі.
Прайшло некалькі гадоў. Яна сустрэла мужчыну, якога таксама звалі Іван, і ўсё, здавалася, паціху пачало наладжвацца ў жыцці Таццяны. Але бяда прыйшла адкуль не чакалі: адзіны любы сын учыніў разбой і на чатыры гады трапіў у турму, а там атрымаў яшчэ тры гады.
Праз сем гадоў хлопец вярнуўся «на волю», але гэта быў ужо не той Антон, а чалавек з сапсаваным лёсам. Зламала яго «зона». Ён пачаў выпіваць і патрабаваць ад маці і айчыма грошай, канфліктаваць.
Хутка ад хваробы памёр і другі Іван. Жанчына зноў запіла і пачала апускацца, як у народзе кажуць, «ніжэй за плінтус». Нават выпівала «горкую» разам з сынам і яго сябрамі. Трохпакаёўку размянялі на аднапакаёўку і за паўгода прапілі ўсе грошы.
Праз некаторы час памірае і сын. Цяпер у Таццяны дзень пачынаецца з думкі: дзе ўзяць на пахмелку? А калісьці была майстрыхаю на ўсе рукі. Вось так склаўся лёс адной дзяўчыны з сёмага пакоя.
Лёс другой сяброўкі менш трагічны, але таксама «хапнула» яна гора ў сваім жыцці. Узяла шлюб з маладым інжынерам, які працаваў на заводзе. Згулялі вяселле «камсамольскае» — быў у той час такі тэрмін.
Першая шлюбная пяцігодка прайшла ў Веранікі з Анатолем, як кажуць, душа ў душу. Нарадзілі двух хлопчыкаў і дзяўчынку. Але нешта зрабілася з Анатолем — стаў дзіка раўнівым і вельмі сквапным, нават на цукеркі дзецям грошы перастаў выдаткоўваць. Час ад часу пачаў распускаць рукі.
Аднойчы сяброўка забегла да Веранікі і ўбачыла такую карціну: жанчына сядзела ў крэсле, карміла груддзю малодшую дачушку, ужо пятае дзіця, а Анатоль стаяў над жонкаю і метадычна тоўк па плячах кулаком, прыгаворваючы: «Я цябе навучу, як трэба жыць». Убачыўшы сяброўку жонкі ў дзвярах, Анатоль рэціраваўся ў другі пакой.
Пасля гэтага выпадку Вераніка скасавала з ім шлюб. Цяжка прыйшлося ёй адной гадаваць пяцярых дзяцей. Абмяняўшы кватэру, пераехала ў вёску. Працавала ў дзіцячым садку, потым загадчыцай МТФ.
Сустрэла ў вёсцы маладога чалавека і нават па-сапраўднаму пакахала, але нядоўгае было яе шчасце. Памёр ад інфаркту яе каханы, і зноў жанчына засталася адна. Праўда, Вераніка не кінулася ў п’янку, а калі пайшла на пенсію, займалася хатняй гаспадаркай.
Пашчасціла ёй і з дзецьмі. Яны дапамагалі па гаспадарцы, падтрымлівалі маральна, а пабраўшы шлюб, дапамагалі і матэрыяльна.
Цяпер Вераніка ўжо мае нават праўнучку і ў вольны час піша вершы. Вось такі лёс атрымаўся ў другой дзяўчыны з сёмага пакоя.
Трэцяя з сябровак у гэтым годзе адзначыць са сваім мужам рубінавае вяселле. Яе таксама лёс не шкадаваў. Усякае было за гэтыя сорак гадоў, пакуль «прыціраліся» характарамі. Але зараз яны жывуць душа ў душу, нават разумеюць адзін аднаго з паўслова. Калі-нікалі толькі паглядзяць адзін на аднаго — і ўсё зразумела, не трэба ніякіх слоў.
Нарадзілі Мікалай з Тамараю двух сыноў і дачку. Прытулілі аднаго хлопчыка, гадавалі яго, лічачы, што гэта іх чацвёртае дзіця. І ён заве іх мама і тата.
Але і іх сям’ю напаткала бяда. Старэйшага сына на танцпляцоўцы моцна пабілі, ён стаў інвалідам другой групы. Вось ужо больш за дваццаць гадоў нясуць бацькі гэты крыж, што наканаваў ім лёс, але і яны не кінуліся ў п’янку, як бы цяжка ні было. Наадварот, займаліся мастацкай самадзейнасцю, гадавалі ўнукаў, былі актыўнымі. Такімі засталіся і зараз.
І як бы там ні было, я ўпэўнены, што кожны чалавек — творца свайго лёсу.