Дзьмухаўцы

1
Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Андрэй Іванавіч Вярховіч вярнуўся са сталіцы ў бацькаву хату пасля таго, як у міністэрстве, якому ён служыў усё жыццё, палічылі больш не патрэбным. Пад яго кіраўніцтвам распрацоўваліся шмат якія праграмы развіцця сельскай гаспадаркі на дзесяцігоддзі наперад. Усе праграмы абгрунтаваныя, забяспечвалі эканамічную эфектыўнасць. Вось быў у роднай вёсцы невялічкі малочны завод — закрылі. Замест некалькіх такіх пабудавалі адзін у горадзе. Славу прыносілі новыя жывёлагадоўчыя комплексы, аб`яднанні некалькіх гаспадарак у адну. Але ніхто не лічыў, што зай­мацца імі будуць толькі тыя, хто застанецца на сяле. Аб тым, што моладзь не затрымліваецца, уцякае ў горад, ніхто не хваляваўся.

Калісьці і ён пакінуў пасля школы бацькаву хату ў пошуках лепшай долі, бо заставацца ў калгасе лічыў самагубствам.

Вясна сустрэла яго ў бацькавай хаце мноствам дзьмухаўцоў. Раслі яны па вуліцы, вакол хаты, на запусцеўшым агародзе. Пад крышай пуні знайшоў бацькаву касу, паспрабаваў наладзіць. Здзівіўся свайму спрыту, што не забыў тое, чаму вучыў бацька ў дзяцінстве, — за дзень абкасіў сядзібу. Але праз дзень дзьмухаўцы зноў красаваліся, як быццам і не было пакосу. Дзіўна, што суседскія падвор`і таксама квітнеліся дзьмухаўцамі. Здавалася, што па ўсёй вуліцы нікога жывога ня-ма, адны яны.

Реклама

Адзіноту Андрэя Івана­віча парушыў малады чалавек. Прыехаў ён на роверы і стаў прасіць наладзіць касу, бо вакол яго сядзібы таксама дзьмухаўцы, іх трэба касіць. Калі ён гаварыў аб гэтым, вочы яго бегалі, гаворка такая, быццам баяўся, што не дагаворыць. «На нашай вуліцы нікога няма, хто можа наладзіць. А прыедуць дачнікі, дык гарэлку п`юць. Касу наладзіць не ўмеюць. Я скашу ім дзьмухаўцы, а яны мне грошы заплацяць», — сказаў малады чалавек.

Выслухаўшы хлопца, Андрэй Іванавіч зразумеў, што перад ім чалавек хворы на галаву, інвалід. «Чый ты будзеш?» — спытаўся. «Я жыву на другім канцы вуліцы, каля ракі. Завуць мяне Андрэйка. Вось пакашу дачнікам — грошай дадуць, хлеба куплю, — стаў гаварыць хлопец. — Хутка маці вернецца, тады буду жыць з ёю». — «А мама дзе твая?» — «Паехала недзе, «зялёныя косіць».

Андрэй Іванавіч здзіўлена паглядзеў на хлопца: «Колькі гадоў табе?» Той усміхнуўся: «Стары ўжо, дваццаць шэсць было зімою». — «А бацька ёсць у цябе?» — цікавіўся Андрэй Іванавіч, углядаючыся ў Андрэйку. Той падняў вочы на Анд­рэя Іванавіча і шчыра, здзіўлена адказаў: «Няма, заблукаў недзе».

Андрэй Іванавіч узяў з рук Андрэйкі касу, агледзеў яе. Лязо даўно сцёртае, у многіх месцах вышчарбленае. «Навошта зямлю косіш?» — запытаўся. Андрэйка адказаў: «Касіў у садзе дачніка, а там зямля крывая».

Ладзіў касу Андрэй Іванавіч доўга, з падвор`я аж ляцеў звон. Работа была з дзяцінства знаёмая, бацька вучыў сялянскаму жыццю дбайна, але гаспадара на падвор`і з яго не атрымалася.

«Пуховым дываном адцвіўшых дзьмухаўцоў пакрываецца зямля вакол. Падвор`і апусцелі, на іх прыязджаюць дачнікі. Калісьці вясковыя агароды кармілі людзей, цяпер зарастаюць дзьмухаўцамі. Вось і ён, як дзьмухавец, пабудзе лета на бацькавай сядзібе і знікне да наступнай вясны, калі зіма не скосіць яго зусім».

Андрэй Іванавіч схамя­нуўся ад сваіх думак. Ён даўно зразумеў, што да запусцення вёскі прыкладаў свае намаганні. Усе яго праекты прадугледжвалі развіццё буйных гаспадарак. Месца падвор`ям у гэтых праектах не было. Вось на апошнюю яго распрацоўку, свінагадоўчы комплекс у суседняй вёсцы, рабочых возяць з горада.

Ён сабраў касу, перадаў у рукі Андрэйку. Памкнуўся сказаць, што і мы, як дзьмухаўцы, але прамаўчаў.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
2015
2015
6 июня 2016 11:21

Вельми люблю самиздат з малюнками.