Адкуль бяруцца вясковыя мянушкі

0
Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Ціха і павольна цячэ жыццё ў вёсцы, асабліва ўзімку. Вый­дзеш на вуліцу і бачыш: дзе-нідзе над страхою ўздымаецца дымок — значыць, жывая яшчэ вёска. Улетку ж яна ажывае за кошт гарадскіх пенсіянераў-дачнікаў і іх унукаў.
У вёсцы ўсе пра ўсіх ведаюць. Калі хто спытае, дзе жыве той ці іншы чалавек, у адказ пачуе: «А чый жа гэта? Ці не Настусі Мінавай дачка?», «Ці не Мані Пятрушавай сынок?» Прывыклі людзі ў вёсцы да мянушак і называюць адзін аднаго, як кажуць, «па-вулічнаму».

Мабыць, калісьці і прозвішчы пайшлі ад мянушак — Лесуны, Мядзведзевы, Цыбулькі і іншыя. Давалі гэтыя прозвішчы ці то ад роду заняткаў, ці то з якой іншай нагоды.

***

Реклама

Вось у адной вёсцы ўжо не адзін дзясятак гадоў жыве род «Мінавых» — Настуся Мінава, Клава, Настусі Мінавай унукі. Пайшла гэтая мянушка ад дзеда Міхаіла.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў дзед на флоце, на Чорным моры. Аднойчы пры выхадзе з порта матросы ўбачылі міну, якая ішла прама на карабель. Праз некалькі імгненняў сутыкнення было не мінаваць. Міхаіл кінуўся ў ваду і, ухапіўшы гэтую пачвару за «рогі», пачаў адплываць у бок ад карабля, чым і спас экіпаж і сам карабель ад знішчэння. За гэты гераічны ўчынак Міхаіла ўзнагародзілі медалём.

Вярнуўся матрос пасля вайны ў родную вёску ўвесь у медалях, нават ордэн Славы красаваўся на яго грудзях. Вяскоўцы даведаліся пра першы подзвіг земляка, і з таго часу ўвесь яго род пачалі зваць Мінавы, або Міхайлы «Міны».

***

А вось другая, можна сказаць, гераічная мянушка нашага земляка Корзуна з вёскі Клешава.

Нарадзіўся ён дзесьці ў 1860 годзе і ва ўзросце дваццаці двух гадоў быў забраны рэкрутам у царскае войска. А забралі яго ў салдаты дзякуючы панскай «падказцы», бо характарам быў нястрыманы, бунтарскі, не мог цярпець несправядлівых адносін пана да людзей.

Быў хлопец крыху граматны, дзве зімы пры царкве вучыўся чытаць і пісаць. Вучыліся тады толькі зімой. Як наступала вясна, трэба было працаваць на пана і на бацюшку, які вучыў яго грамаце. Ды і на сваім кавалку зямлі было многа работы.

Трапіў наш зямляк у кавалерыйскі полк. Паколькі грамаце быў абучаны, палкоўнік узяў яго да сябе ардынарцам. Ён палюбіў Корзуна за кемлівасць, імгненнае выкананне яго загадаў і за настырны характар, бо сам быў такім у маладосці.

У многіх баталіях давялося быць нашаму земляку. Ён паказаў сябе смелым і дзесьці рызыкоўным байцом, за што яго паважалі нават афіцэры палка. У адным з баёў ён вынес свайго параненага камандзіра, рызыкуючы жыццём.

За гэты гераічны ўчынак нашага клешаўца ўзнагародзілі «Георгіем», ад палкоўніка ён атрымаў шаблю з надпісам.
Дзесяць гадоў адслужыў Корзун у царскім войску і вярнуўся героем у родную вёску. На яго грудзях красаваліся два «Георгія». Даслужыўся ён да чына паручніка. І вось ужо больш за сто гадоў існуе род «Паручнікаў», нават прапраўнукаў сёння называюць гэтай мянушкай.

А сам гераічны прапра­дзед — першы Паручнік — пахаваны на могілках у вёсцы Клешава.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии