Шчасце бывае розным

0
Малюнак: Вера Шут

На вясковай вуліцы памерла жанчына. На адну жыхарку стала менш. Цяпер у вёсцы засталіся дзве жанчыны і адзін мужчына, якога завуць Прыблуда. Сапраўднага свайго імя ён, мусіць, і сам не памятае.
Тры дні мінула, як апошні раз бачылі нябожчыцу на вуліцы, якраз тады, калі аўталаўка прыязджала ў вёску. Жанчына купіла хлеб ды тры пляшкі гарэлкі. Калі сцішыўся снегапад, суседзі прыйшлі да яе, а тая ляжала на доле. На стале выпітыя дзве пляшкі.

Прыехала міліцыя, забра­ла ў прыцэпчык і не вярнула, бо хаваць яе тут не было каму.

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут
Сабраліся апошнія жыхары вёскі і памінаюць нябожчыцу з яе трэцяй пляшкі.
— Гарэтная была, нешчас-лівая, — кажа адна.

Другая прачмокала бяззубым ротам:
— Сама вінаватая, занадта ў стакан заглядала. Дзе тут будзе шчасце?

Реклама

Тут не ўтрымаўся Прыблуда:
— Не кажыце, не кажыце. Лічу, што памерла яна ад шчасця!
— Змоўкні, — вышчырылася першая. — Хіба ты ведаеш, што такое шчасце?
— Я ведаў шчасце шмат разоў. Але самае вялікае знайшоў тут, у хляве. Вось паслухайце.

Прыблуда ўзяў нож, разрэзаў цыбуліну, макнуў у соль. Жанчыны моўчкі чакалі, калі ён пачне расказваць пра шчасце.
— Вярнуўся я з Камчаткі, грошы вялікія ў кішэні былі, гуляў у горадзе, аж дым слупом стаяў. Але зразумеў, што трэба хату купіць. Купіў і пасяліўся побач з вамі. Прыйшла восень, пайшоў у хлеў па брыкет, каб запаліць печку. Яго ад папярэдніх гаспадароў засталося многа. І раптам вось яно, у брыкеце — там было схавана шчасце. Многа яго было.
— Не брашы, Прыблуда! — не вытрымала жанчына. — Якое можа быць шчасце ў брыкеце?
— Шчасце было вось такое, — мужчына развёў рукі ўшыркі. — У алюмі-ніевым бідоне. І бідон быў паўнюсенькі чыстым, як сляза, самагонам. А ў картонных скрынках, побач з ім, стаялі шклянкі са свіною тушонкаю. Бідон я выцягнуў з брыкета, адкрыў і ўзрадаваўся — во шчасце прываліла! Піў я некалькі месяцаў.

Аднойчы прачнуўся, расплю­шчыў вочы і ўця­міць не магу: сядзіць, схіліўшыся над сталом, яна, нябожчыца. Я разбудзіў яе, пахмяліліся ды зноў заснуў. А калі ачомаўся, дык не знайшоў грошай, што адкладваў на новыя штаны, і ў бідоне было суха.

Прыблуда мацюкнуўся, успомніўшы перажыванне мінулых часоў.
— Пра пакойнікаў дрэннае не кажуць, — уставіла шчарбатая.
— Пайшла і забрала апошняе маё шчасце, — засмуткаваў Прыблуда. — Падзяліцца са мною прасіў некалькі разоў. Не падзялілася. У хату да мяне пасля не заходзіла. Вось і кажу: ад шчасця памерла. І нам яго крышку пакінула. Вось са шчасцем вас!

Прыблуда падняў свой стакан, праглынуў налітае і стаў храбусцець цыбулінай.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии