Белка-выратавальніца

Фото: Wikimedia Commons

У майго суседа Фёдара жыў нейкі час кот Максім, якога сам гаспадар, мякка кажучы, недалюбліваў. На тое была прычына.

Кацяра хоць і быў разумны, але ж занадта лянівы. Жонка Фёдара, наадварот, песціла яго і частавала рознымі прысмакамі.

«Харошы ты мой, коцік», — прыгаварвала яна, трымаючы абібока на каленях.

Реклама

Фёдар, калі бачыў гэта, злаваўся, але стараўся неяк стрымлівацца. А ў хаце па-ранейшаму, асабліва ўначы, пішчалі мышы, пацукі і ў кожным кутку церпка і непрыемна пахла кацінымі нечыстотамі. І раптам кот Максім здох.

— Гэта тваіх рук справа, — абуралася на Фёдара жонка. — Не вытрымаў, даканаў-такі майго коціка. Божа ж ты мой…

— Не чапаў я твайго любімчыка, — як мог апраўдваўся Фёдар. — Паглядзі вунь лепш — учора было яшчэ шмат кілбас, а сёння іх няма. Значыць, кацяра іх з’еў. І аб’еўся, каб на яго…

Праўду кажучы, віны Фёдара ў смерці ката і сапраўды не было.

Закапаўшы небараку, Фёдар у той жа дзень прынёс дадому кошку, якую назваў Белкай. Жонка хоць і была супраць гэтага папаўнення, але змаўчала, ведаючы суровы нораў мужа.

— Карміць яе не буду, — толькі і сказала. — Ні малака, нават хлеба не дам.
— І не трэба, — спакойна адказаў Фёдар. — Белка сама корм сябе знойдзе. А цябе адно прашу: не чапай яе, будуць непрыемнасці.

…Ішоў час. Хутка ў хаце паветра стала чыстым, некуды зніклі пацукі і мышы. Белка паправілася, шэрстка яе стала гладкай і бліскучай. А неўзабаве, на радасць гаспадарам, яна прынесла чатырох кацянят. Фёдар зрабіў для іх утульнае гняздо ў кошыку, куды адразу ж і перабралася Белка разам с кацянятамі.

Фото: Wikimedia Commons
Фото: Wikimedia Commons
…У той дзень жонка Фёдара пазней звычайнага запаліла печ. Зрабіўшы хатнія справы, гаспадары леглі адпачыць. Прачнуўся Фёдар раптоўна: нехта з усяе сілы скробся ў дзверы, чулася спалоханае кашачае «мяў-мяў».

Гаспадар імгненна ўскочыў і на парозе ле­дзь­ве не наступіў на Белку, якая ўсё яшчэ не магла супакоіцца. У прыхожай каля печы тлела коўдра. Усё навокал зацягнула чорным смуродлівым дымам. Хуценька заліўшы вадой вуголле, Фёдар кінуўся на печ — там жа кацяняты. Але тут іх не было. Адчуўшы небяспеку, Белка зацягнула іх пад печ — паветра тут было даволі чыстым. Ну і малайчына Белка.

Раніцай, калі Фёдар прачнуўся, то ўбачыў: жонка трымала Белку на каленях, пяшчотна гладзіла яе і ласкава прыгаварвала: «Белачка, даражэнькая ты мая, даруй мне, дурніцы, дзякуй табе, мілая…»

Фёдар усміхнуўся і выйшаў на ганак. Насустрач яму, абганяючы адзін аднаго, беглі, памахваючы пушыстымі хвосцікамі, чацвёра кацянят.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
2015
2015
17 марта 2016 20:58

Cпадабалася.Яшчэ давай.