Дуб-выратавальнік

Гэтую гісторыю мне расказаў мой бацька гадоў дваццаць таму назад.

Было гэта ў канцы трыццатых гадоў дваццатага стагоддзя. Каля роднай хаты маёй бабулі Зосі рос вялікі дуб, які пасадзіў яе дзядуля. Дуб быў вышэй за хату, а рос цікава: на метр ад зямлі гэта быў адзін ствол, а вышэй дуб раздзяліўся на дзве паловы. І рос дзвюма вялікімі галінамі. Адна раскінулася над хатай, другая — над вуліцай.

Аднойчы гарачым летнім дзяньком прыйшла ў вёску навальніца. Яна была такая страшэнная, што людзі хаваліся ў хаты і хлявы. Маланкі білі адна за другой і ўсе былі вертыкальныя.

Реклама

Мая бабуля, якая тады была маладой жанчынай і мела дзевяць дзетак, схавалася з імі пад сталом у сенцах. Ад жаху дзеткі плакалі, а іх маці ў малітве прасіла Бога абараніць ад бяды. І ў адзін момант каля хаты раздаўся выбух. Задрыжэлі дзверы і вок­ны, дзеці закрычалі яшчэ мацней, а потым усе з жахам убачылі чорны дым. «Гарым!» — закрычаў хтосьці, і ўся сям`я выбегла на вуліцу, нягледзячы на лівень, гром і маланку.

А вось аб тым, што яны ўбачылі, я напісала верш.

Прапрадзедаў дуб

Над вуліцай вясковай, нібы арка,
Сагнуў галіну двухвяковы дуб.
Бягуць аблокі па-над ёю шпарка,
А ад хаціны не застаўся й зруб.

Той дуб садзіў калісьці мой прапрадзед,
Як быў зусім зялёным юнаком…
Ці думаў ён, што дзесь у даляглядзе
Нашчадак сядзе ля яго з кійком.

А тым нашчадкам быў мой родны тата.
Ён мне аднойчы летам расказаў,
Як дуб калісьці ўратаваў іх хату:
Жыцця палову за яе аддаў.

Быў тата мой тады зусім маленькім,
Як хмара чорная на вёску напаўзла
Ды так грымела, што сціскаў ён жменькі,
Бо навальніца страшная была.

Уся сям`я схавалася ў сенцах,
Малілася бабуля ля ікон,
І адлівалі сінявой акенцы,
І гром грымеў, нібыта білі ў звон.

Малыя дзеці плакалі ад жаху,
Маланка рэзала над вёскай небасхіл,
Дождж малаціў па гонтаваму даху,
Чыталі «Ойча наш» з апошніх сіл.

А потым выбух грымнуў каля хаты
Такі, што вушы там заклала ўсім,
Нібы снарад узарваўся ад гарматы,
А потым паказаўся чорны дым.

Калі ж сям`я на вуліцу пабегла,
Каб паглядзець, што каля іх гарыць,
То ўбачылі: палова дубу легла,
А вось другая — голая стаіць.

Уратаваў той дуб іх ад пажару,
Цаной жыцця свайго ўратаваў…
Плывуць і сёння над галінай хмары,
Дзе тата мой задумліва стаяў.

Палова дрэва тая, што ўцалела,
Цяпер у садзе, што гара, стаіць.
Даўно сям`я на неба адляцела,
А каля дуба хтось чужы сядзіць.

Да слова, дуб гэты, а дакладней яго палова, і сёння жыве.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии