У пятніцу, 5 лютага, рэдакцыйны калектыў «Кур’ера» правёў пасяджэнне круглага стала па абмену думкамі, як можна павысіць цікавасць случчан да захавання сваёй гістарычнай спадчыны.
На гэты раз прапанаваная да разгляду тэма была ў першую чаргу прадыктавана непасрэдным удзелам «Кур’ера» у выданні кнігі «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры», аўтарам якой з’яўляецца мясцовы краязнавец Ігар Ціткоўскі, выкладчык Дзіцячай мастацкай школы.
У аснову большасці кніжных артыкулаў пакладзены матэрыялы, якія Ігар Ціткоўскі раней друкаваў на старонках «Інфа-Кур`ера» ці ў іншых рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. Рэдакцыя ўзяла на сябе арганізацыйныя функцыі па выданню кнігі і аказала частку спонсарскай дапамогі. Асноўная ж спонсарская падтрымка на друк кнігі была здзейснена земляком Уладзімірам Давідовічам, які кіруе мінскай кампаніяй «Твоя столица».
Ён з разуменнем і ахвотай паставіўся да гэтага праекта, дзякуючы чаму кніга, у якой на 320 старонках прыводзяцца звесткі пра 54 помнікі грамадзянскай, храмавай і абарончай архітэктуры, выйшла напрыканцы мінулага года ў свет. Матэрыялы суправаджаюцца 254 эксклюзіўнымі ілюстрацыямі.
Ёсць у кнізе і скарочаны пераклад 37 асноўных артыкулаў на рускую і англійскую мовы.

Удзельнікі круглага стала адзначылі, што праца аўтара мае не толькі краязнаўчы характар, але і ўносіць вялікі ўклад у захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны ўсяго рэгіёна. Яна надае дадатковы штуршок і цікавасць да помнікаў яго гісторыі, дапамагае выхоўваць пачуццё павагі да іх. Было заўважана, што гэта вельмі добры ўклад у скарбніцу мерапрыемстваў і практычных спраў да 900-годдзя Слуцка.
[also url=»http://kurjer.info/2016/01/22/new-book/» align=»left» inlet=»Ранее»]Напрыканцы мінулага года пабачыла свет новае выданне пра Слуцк. Гэта вынік працы слуцкага мастака і краязнаўца, выкладчыка дзіцячай мастацкай школы Ігара Ціткоўскага.[/also]Паколькі правы на распаўсюджванне кнігі прыналежаць рэдакцыі «Кур’ера», то ў якасці асноўнага прыняты варыянт, калі яна становіцца найперш узнагародай актыўных ўдзельнікаў і пераможцаў самых разнастайных рэдакцыйных конкурсаў і віктарын, актыўных пазаштатнікаў і сяброў рэдакцыі.
Чарговае пасяджэнне круглага стала праводзілася ў межах дзейнасці Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі»
