Заспявай, гарманіст, мне песню па душы

0
Малюнак: Вера Шут

Я люблю заходзіць на рынак, асабліва ў святочныя дні. Колькі там можна бачыць цікавых выразаў на тварах! Уладары гэтых твараў зусім не здагадваюцца, што нехта імі цікавіцца.
Вось мужчына падышоў да прадаўшчыцы памі­дораў, нешта спытаў, адкапыліў губу і пайшоў прэч. А якія губы, як мастацкі ён гэта зрабіў! Быццам у тэатры на сцэне.

А вось падыходзіць паўнацелая пакупніца да мяшкоў з семкамі, пытаецца: «Солёные, поджаренные?» — і запускае руку ў мяшок. Прадаўшчыца, жанчына сталага ўзросту, не паспела адказаць, як на яе твары з’яўляецца спужанасць, вочы акругляюцца, бо «пакупацелька» сунула руку ў другі мяшок, чэрпанула жменю, павярнулася і пай­шла. Толькі прадаўшчыца ацяміла ад бессаромнасці «пакупацелькі», як на мяшкі з семкамі наляцела зграйка птушак. Жанчына схапіла венік і злосна шпурнула яго ў птахаў. Але тыя паспелі зрабіць сваю справу і паселі на дах суседняга павільёна.

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

У рабочыя дні не так цікава, людзей значна менш. Але калі-нікалі шанцуе на цікавасці, як, напрыклад, у гэты дзень.

Реклама

Толькі выйшаў на цэнтральны праход, як пачуў гук гармоніка. Вядома, іграе жыхар нашага города, які калісьці мне сказаў, што не падпадае пад закон аб дармаедах, бо зарабляе сумленна на пракорм сябе: хочаш — грошы падай, не хочаш — прайдзі. Каля яго часта збіраецца гурт людзей. Мне цікава за ім паназіраць.

Крыху не дайшоўшы да яго, я падпёр плячом вугал шкапіка. Музыкант развёў гармонік і стаў спяваць. Набліжалася чарговая слухачка. «Ты, моё сердечко, выйди на крылечко, без тебя тоскую я давно», — выцягваў гарманіст. Сэрца жанчыны не вытрымала, яна прыпынілася, дастала грошы і паклала ў скрынку перад музыкам, пайшла далей.

Вось падыходзіць мужчына-пенсіянер, на пінжаку ордэнская планка. Гарманіст кінуў позірк і настройвае гармонік на песню «Тры танкісты». Але пенсіянер праходзіць, не павярнуўшы галавы. Музыкант, не наладзіў­шыся на песню, змаўкае.

Ажывіўся, калі ў яго бок сталі падыходзіць мужчына з жанчынай пад парасонам, на мой погляд, ім значна за восемдзясят. Музыкант расцягнуў гармонік, зрабіў перабор пальцамі па гузіках і змоўк. Калі сталая пара падышла, гарманіст зычна спытаўся:

— Што сыграць князю?

Мужчына не разгубіўся і адказаў:
— Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям — поўны кораб насыплю дукатаў!
— Скурганіў бы душу чырванцом тваім я, ды музыкам не пішуць законаў, — адказаў гарманіст.

Мяне гэты дыялог збянтэжыў. Гэтыя двое, даўгавязы стары пад парасонам і гарманіст без пярэдніх зубоў, вялі пераказ размовы паміж гусляром і князем з паэмы «Курган» Янкі Купалы. Хто яны, што ў свае гады памятаюць радкі цудоўнай паэмы? Але мае думкі абарвалі гармонік і голас гарманіста. Ён заліхвацкі расцягнуў мяхі і гучна заспяваў: «Я помню тот Ванинский порт и вид парохода угрюмый, как шли мы по трапу на борт в тяжёлые мрачные трюмы…»

Cпявак яшчэ не паспеў перавесці дых, як мужчына паклаў на гармонік купюру ў пяцьдзясят тысяч  і сказаў: «Дзякуй. Адкуль ты здагадаўся, што гэта песня будзе мне па душы?» — «З вашага пакалення адны ваявалі, зараз ходзяць з узнагародамі. Другія — абжывалі Магадан, Салаўкі і ходзяць без узнагарод», — адказаў гарманіст. Мужчына пад парасонам узяў сваю жанчыну за руку і пайшоў на рынак. Музыкант схапіў грошы, ад радасці запрыгаў: «Сёння будзе смачны поўднік».

Цікавыя гэтыя беларусы, такія розныя і ў нечым аднолькавыя…

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии