Зрабіце мне байструка для таварыша Сталіна. Прысвячаецца чарговай гадавіне БССР

17
Малюнак: Вера Шут
Реклама

Напярэдадні чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1 студзеня 1919 года) у кніжным магазіне Салігорска з`явілася кніга Славаміра Антановіча «Ушедшие в бессмертие» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Вядомы пісьменнік і юрыст на 598 старонках выдання распавядае аб жыцці беларусаў, у тым ліку па «уникальных архивных документах КГБ, на которых до сих пор стоит гриф «Секретно» и «Совершенно секретно».

АЎТАР. У сваёй кнізе пісьменнік Славамір Антановіч распавядае аб жыцці беларусаў, у тым ліку і нашых землякоў, з моманту ўсталявання Савецкай улады ў Беларусі.
АЎТАР. У сваёй кнізе пісьменнік Славамір Антановіч распавядае аб жыцці беларусаў, у тым ліку і нашых землякоў, з моманту ўсталявання Савецкай улады ў Беларусі.

160128_kniga

Чытаеш старонку за старонкай, робіцца страшна і балюча.

З 18 сакавіка 1937 года на пасаду першага сакратара ЦК КП (б) быў выбраны (прызначаны з Масквы) Васіль Шаранговіч. Прабыў на гэтай пасадзе 4 месяцы і 11 дзён. Усе, каго адлучалі ад пасады, былі расстраляны.

Реклама

За 13 гадоў з дня арганізацыі БССР расстралялі 10 першых сакратароў ЦК КП (б) Беларусі. Расстрэльвалі і іх намеснікаў. Па рэс­публіцы за адзін год — з лета 1937-га па лета 1938-га — былі арыштаваны 2570 кіраўнікоў ад нізу да верху (стар. 247). Народны камісар унутраных спраў Барыс Берман за 4,5 месяцы стараннай працы быў узнагаро­джаны ордэнам Леніна, а яшчэ праз тры месяцы яго ж «узнагародзілі» куляй у лоб.

За гады рэпрэсій у Савецкім Саюзе было знішчана 16 мільёнаў чалавек (стар. 293).

Як жылося ў гэты час сялянам? Знаходжу пра жыццё маіх землякоў (стар. 149): «Хрысціна Шарамет не здала 9 кіло валокан лёну. Старшыня Чыжэвічскага сельсавета Бабаеў выпісаў штраф 200 рублёў, у дадатак узламаў куфар і забраў 300 метраў тонкага саматканага палатна, якім падзяліўся са старшынёй калгаса „Свабода“ Доміным.

Той самы Бабаеў прыказаў зімою разабраць і прадаць калгасу палову дома аднаасобніка Максіма Алешкі з вёскі Чыжэвічы за непоўнасцю зданы падатак, ад чаго Алешка скончыў жыццё на шыбеніцы, пакінуўшы жонку з двумя малымі дзеткамі».

Гэта жыццё даваеннае, чутае ад бацькоў. Жыццю сялян пасля вайны ў падрабязнасцях быў сведкам я сам.

Жанчына па прозвішчы Перапяліца жыла адна ў сваёй хатцы. Замест сенцаў былі прыстаўлены жордкі, каб зімою не задувала снегам у дзверы. У час нямецкай акупацыі муж узарваўся на партызанскай міне недалёка ад вёскі. Пасля вайны жанчыну абклалі «налогам за бяздзетнасць». Канчаецца год, а «налог» Перапяліца не плаціць. Прыходзіць да яе фінансавы агент і патрабуе грошы. Тая ў слёзы, бо грошай няма і не будзе. Агент забірае падушку, на якой спала жанчына. Невядомая сіла ўзарвала Перапяліцу: яна схапіла нож, распарола падушку і надзела на галаву фінансаваму агенту. Ён выскачыў з хаты, абсыпаны пер`ем, наўздагон бегла жанчына з нажом у руцэ і крычала: «Зрабіце мне байструка для таварыша Сталіна!»

Фінагент уцёк, а людзі пачалі заўважаць, што жанчына з таго часу стала гаварыць недарэчна. А калі прыходзіла ў сельсавет з аналагічным патры­ятычным патрабаваннем, мужчыны стараліся ўцячы на вуліцу.

«Нешта зрабілася з галавою», — казалі пра яе.

Невядома, ці трапіла гэтая гісторыя ў архівы КДБ, у кнізе Антановіча пра яе не напісана.

Лічу, што кнігу прачытаць карысна: маладым, каб папоўніць свае веды пра жыццё ў час Савецкай улады, а сталым людзям — каб не забывалі…

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут
Реклама