Пра асвятленне праблем экалогіі: дыскусія за круглым сталом «Кур'ера»

0
Реклама

Рэдакцыя «Кур'ера» у пятніцу, 29 студзеня, правяла круглы стол, падчас якога цэнтральным было пытанне аб падыходах да асвятлення экалагічных праблем Случчыны на сайце і старонках друкаванай версіі газеты, пошук тэм, якія б зацікавілі чытача.

Чарговае пасяджэнне круглага стала праводзілася ў межах дзейнасці Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя МасМедыі», адной з задач якой з’яўляецца наладжванне прафесійных партнёрскіх адносін паміж рэдакцыямі недзяржаўнай рэгіянальнай прэсы Беларусі.

Падставай для разгляду падобнага пытання стаў аналіз размяшчэння такой тэматыкі ў іншых газетах як рэгіёна, так і Асацыяцыі. Гэты аналіз, а таксама зваротная сувязь з чытачамі паказваюць, што тэмы экалогіі на старонках «Кур'ера» могуць знайсці больш важкае месца — попыт на яе ёсць. Многае залежыць ад аўтарскага падыходу і крэатыўнасці падачы інфармацыі, ад тых складнікаў, якія робяць гэту інфармацыю не толькі пазнавальнай, але і карыснай. Гэта ж падцвярджае і вопыт Генадзя Арлова, пазаштатнага супрацоўніка «Кур'ера», які раней паспяхова працаваў з экалагічнай тэматыкай у адной з газет рэгіёна.

Удзельнікі круглага стала выказалі свае думкі і наконт магчымых матэрыялаў з абмяркоўваемай тэматыкай у бліжэйшай перспектыве. «Асвятленню тэмы экалогіі патрэбен удумлівы і сур’ёзны падыход, каб матэрыялы спалучалі пазнавальнасць і карыснасць. Тэм цікавых многа», — зазначыў супрацоўнік рэдакцыі Сяргей Багдашыч.

Реклама

Рэдакцыйны калектыў спадзяецца, што чытач таксама не застанецца ў баку і прапануе да 900-годдзя Слуцка свае падказкі і парады па вызначэнню першачарговых мер у вырашэнні экалагічных праблем рэгіёна.

Реклама