Напрыканцы мінулага года пабачыла свет новае выданне пра Слуцк. Гэта вынік працы слуцкага мастака і краязнаўца, выкладчыка дзіцячай мастацкай школы Ігара Ціткоўскага.
Кніга мае назву «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры». Накладам у 250 экзэмпляраў яна выйшла ў мінскім выдавецтве «Смэлтак» пры спонсарскай падтрымцы мінскай кампаніі «Твоя столица», якой кіруе наш зямляк Уладзімір Давідовіч. Рэцэнзентам выдання стаў беларускі мастацтвазнаўца Барыс Лазука.
У кнізе прыводзяцца звесткі пра 54 аб`екты, што былі ў Слуцку раней і пра тыя, якія існуюць цяпер. Гэта помнікі грамадзянскай, храмавай, абарончай архітэктуры.
Адны з іх маюць рэспубліканскае, іншыя толькі мясцовае значэнне. Даецца не толькі апісанне пабудоў, але і іх гісторыя ў прывязцы да гісторыі горада або краіны ў цэлым.

Работа мае краязнаўчы характар, яе мэтай з`яўляецца папулярызацыя гісторыі горада, выхаванне пачуцця павагі да помнікаў гэтай гісторыі, у тым ліку архітэктуры. Яна разлічана на школьнікаў, студэнтаў і іншых зацікаўленых гісторыяй і архітэктурай горада.
Літаратурную частку суправаджаюць 254 ілюстрацыі — здымкі, малюнкі, планы, аўтары якіх, калі іх прозвішчы вядомы (а таксама месца захавання), прыводзяцца ў адпаведным раздзеле дадатка. У дадатку маецца скарочаны пераклад 37 асноўных артыкулаў на рускую і англійскую мовы.

Вёрсткай кнігі, як і камп`ютарнай апрацоўкай ілюстрацый, займаўся Уладзімір Хвораў, адміністратар інтэрнэт-сайта «Наследие слуцкого края». Ён жа і аўтар прыгожа аформленай вокладкі.
У аснову пераважнай большасці кніжных артыкулаў пакладзены матэрыялы, якія Ігар Ціткоўскі на працягу многіх гадоў змяшчаў на старонках «Інфа–Кур`ера», а таксама ў іншых рэгіянальных і рэспубліканскіх выданнях.

«У значнай меры менавіта дзякуючы дапамозе рэдакцыі «Інфа–Кур`ера» кніга з віртуальнага змагла набыць матэрыяльнае аблічча, за што выказваю вялікую падзяку, — адзначыў у размове з карэспандэнтам газеты «Кур’ер» Ігар Ціткоўскі. — Я вельмі ўдзячны ўсім, хто тым або іншым чынам спрыяў або аказваў дапамогу пры падрыхтоўцы кнігі. Спадзяюся, што яна знойдзе свайго зацікаўленага чытача».
Кніга «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры» — гэта:
- звесткі пра 54 аб’екты, што былі раней і існуюць зараз;
- 254 ілюстрацыі: здымкі, планы, малюнкі;
- 56 артыкулаў аб архітэктуры і гісторыі Слуцка
А где её можно приобрести?
До Евросоюза не дошла книга…
Где можно приобрести?