
У пятніцу, 15 студзеня, рэдакцыя правяла новы круглы стол у межах планавай дзейнасці Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі». На пачатку новага года павестка дня была больш прадыктавана жаданнем звярнуцца да пытанняў прафесійнай дзейнасці газетчыкаў.
Як было адзначана, «вяшчальная» мадэль камунікацыі, калі рэдакцыі навязвалі чытачам тое, што лічылі лепшым, а чытацельская аўдыторыя толькі гэта і спажывала, ужо амаль адышла ў гісторыю.
Мадэль «прыцягнення да сумеснай працы чытацельскай аўдыторыі з дазіраваннай зваротнай сувязью» сёння страціла свае пазіцыі і не можа прэтэндаваць на поспех.
Найбольш актуальнай зараз становіцца мадэль камунікацый, якую можна назваць «удзел аудыторыі». Яна прадыктавана патрабаваннямі часу, бо СМІ губляюць манаполію на працэс стварэння, рэдакціравання і распаўсюджвання навін – сам чытач становіцца непасрэдным удзельнікам гэтага ланцужка журналісцкай працы, і некаторыя гэта робяць больш паспяхова, чым прафесіяналы.
Інтэрнэт гэтаму вельмі спрыяе. Сёння СМІ ўжо падкантрольны не выдаўцу, а карыстальніку гэтых сродкаў камунікацыі.
Падчас абмену думкамі былі спрэчкі і вакол таго, ці можна сёння штосьці станоўчае і карыснае пераняць, напрыклад у расійскіх калег з Пецярбурга ці Алтая, ці адрозніваецца іх чытацельская аўдыторыя ад чытачоў нашага рэгіёна.
«Ці ўмеем мы вучыцца і пераймаць вопыт у блізкіх і далёкіх калег? Ці ўмеем мы глядзець на перспектыву? Ці ўмеем мы заўважаць галоўнае і быць самакрытычнымі?» — такія пытанні таксама давялося вынесці на абмеркаванне.
Удзельнікі круглага стала ацанілі моцныя і слабыя бакі рэдакцыйнай працы непасрэдна «Кур’ера», бліжэйшыя задачы і магчымасці нейкіх перамен-2016.
