Цікава шчадравалі вечарам вучні старэйшых класаў СШ №1 Салігорска пад кіраўніцтвам педагога Жанны Чабор. Віншаванні з Калядкамі пачаліся са школы. Пасля прыйшлі шчадраваць у будынак райвыканкама. Як сказаў адзін з удзельнікаў, шкада, што ў кабінеце не было старшыні выканкама.
Таму пажадалі яму перад яго кабінетам мудрых рашэнняў і добрага гаспадарчага роздуму, каб у яго гаспадарцы ўсім добра жылося.
Затое яны пабывалі ў кабінеце Лідзіі Клішэвіч, старшыні раённага Савета дэпутатаў. Шчодрая душа без падарунка не адпусціла.
Пасля пайшлі па кабінетах, віншавалі супрацоўнікаў аддзела адукацыі.
З райвыканкама была дарога на сцэну Дома культуры, дзе адбылося тэатралізаванае прадстаўленне.
Як расказала карэспандэнту газеты «Кур’ер» Жанна Чабор, сем гадоў таму яна ў школе арганізавала фальклорны гурток, які цяпер мае сваю назву — «Грамніца».

Гурток вяртае людзям забытыя беларускія звычаі і абрады святкавання такіх святаў, як Шчодрык, Масленіца і іншых, якія праводзяцца пад адкрытым небам.


