«Не займайце, міленькія, чаргу, бо канькоў усім ніяк не хопіць», — спачатку ласкава просіць касірша ў пункце пракату стадыёна «Гарадскі» за паўтары гадзіны да яго закрыцця.
Але, бачна, што гэтай ласкавасці надоўга не хопіць, бо жадаючыя пакатацца не спяшаюцца разыходзіцца — авось усё ж такі пашанцуе і перападзе магчымасць выйсці на лёд у экіпіроўцы. Не так шкада будзе і той гадзіны, якую згубілі ў чарзе…
Менавіта так штодня і адбывалася на стадыёне ў гэтыя святочныя выхадныя. Многія вымушаны былі ні з чым і вяртацца з катка. Сама пляцоўка гатова была ўмясціць яшчэ з дзесятак чалавек, але прапанова інвентара не дазваляла гэтага.
Відаць, у гэтым годзе ніхто не чакаў такіх прыемных сюрпрызаў з надвор’ем ад матушкі-зімы: людзі змірыліся, што снег і мароз не балуюць, а службы не разлічвалі, што попыт можа быць такім прыбытковым.

Як пісаў «Кур’ер» раней, каток пачалі заліваць 29 снежня і ўжо ў першыя дні студзеня ён пачаў працу («На слуцком стадионе залили два катка. Цены, расписание работы»).