
Рэдакцыя «Кур’ера» у рамках планавай дзейнасці Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» у сераду, 23 снежня, правяла абмен поглядамі ў форме “круглага стала”. На гэты раз нагодай для дыскусіі стала сустрэча з грамадзянінам Канады Мэнна Мэйерам, які прыехаў пагасціць у Слуцк.
Мэнна мае вопыт педагагічнай працы ва ўніверсітэце Паўднёва-Заходняга Антарыё, і гэта аблягчала размову з супрацоўнікамі «Кур’ера», адны з якіх нядаўна закончылі вну ці там праходзяць навучанне, а другія забяспечваюць вучобу сваіх дзяцей у слуцкіх школах.

Размова вялася як вакол сістэмы адукацыі ў школах і ўніверсітэтах, так і ў плане параўнання магчымасцей пазашкольных устаноў, аплаты за навучанне. Некаторыя прызнанні і параўнанні прыемна здзіўлялі.
Цікавымі былі высновы з вуснаў грамадзяніна Канады, што ў беларускіх школах дзяцей у большай ступені навучаюць і патрабуюць паважаць настаўнікаў і дарослых, строга выконваць вучэбныя заданні. Канадская школа больш надзяляе ўвагі прывіццю школьнікам крэатычнага мышлення і іх самастойнасці, нягледзячы, напрыклад, на тое, што дзяцей да 13 гадоў там нельга пакідаць дома адных, бо калі пра гэта даведаюцца адпаведныя органы, можна развітацца з бацькоўскімі правамі.
Многа ўвагі надаецца праектнай працы з самых малодшых класаў, пры гэтым праца і навучанне могуць весціся, калі дзеці сядзяць і абмяркоўваюць штосьці ў коле на падлозе, або па ініцыятыве настаўніка парты растаўляюцца іншым адвольным чынам, які дазваляе эфектыўна дасягаць вучэбных мэтаў.
Як адзначылі самі ўдзельнікі сустрэчы, бяседа праходзіла ў сяброўскай атмасферы.