Казка пад Новы год

0
Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Што ні кажы, аўтобус значна лепш за асабістае аўто. Чаго толькі там не пачуеш!

— Зоська! Ці ты гэта?—пытаецца пажылая жанчына ў другой.
— Ніначка! А гэта ты? — у адказ пытае Зоська.

Ніна садзіцца побач да Зоські, якраз перад маім носам. І пайшлі гамонкі пра здароўе, пра дзяцей.

Реклама

Абедзвюм жанчынам на выгляд далёка за сем дзясяткаў. Зоська ў капялюшыку. Толькі павернецца, і з-пад яго адразу бачны абвіслы кручкаваты нос. У Ніны на галаве звычайная хустка, твар загарэлы, абветраны — выгляд вясковай жанчыны.

— Бяру дзяцей на дом, займаюся рэпетытарствам, — хваліцца Зоська. — Унучцы ў Маскву грошы пасылаю.
— Вывучыла ўсіх дзяцей вёскі, а яны раз’ехаліся. На вуліцы тры жывыя душы, пагавырыць няма з кім. І нікому справы няма, як жыве былая настаўніца, — скардзіцца Ніна. — Каго яшчэ бачыш з нашых? Лізку сустракаеш?
— Была нядаўна ў яе дома. Такое пабачыла! — зайшлася смехам Зося. —Якраз да яе прыехалі з Сярэдняй Азіі ўнук і ўнучка. Па-руску гавораць дрэнна. Унук сапраўдны азіят  — твар смуглы, вочы маленькія. Унучка — копія Лізка ў гады студэнтства. І голас такі. Твар белы, а косы і бровы чорныя.
— Што ты брэндзіш, яе ўнукі жывуць у Ленінградзе, у Мінску. Адкуль узяліся ў Сярэдняй Азіі?
— Во-во, адкуль узяліся?  — і Зоська захіхікала. — Я таксама спыталася. А яна ў адказ такое расказала! Памятаеш, муж яе быў ваенны, ні то з Каўказа, ні то з Азіі. Атрымаўшы дыплом, з’ехала з ім. Вярнуліся ў Беларусь, можа, гадоў праз дзесяць. Старэйшы сын хадзіў у трэці клас, як нарадзілася дачка. Чаму такая розніца ў гадах? Сказала, што тыя гады мужа не было дома, быў у замежнай камандзіроўцы.
— Адкуль жа азіяцкія ўнукі? — не сунімалася Ніна.
— Вось тут і сакрэт, — важна адказала Зоська. — Ніхто не ведае, дзе быў муж. Лізка кажа, што да яе прыйшлі мясцовыя муж і жонка, ні то таджыкі, ні то туркмены, сталі прасіць, каб для іх нарадзіла дзіця. Бо маладая не родзіць — так сказалі ім дактары. Абяцалі вялікія грошы і дапамогу, пакуль вернецца муж. Яна згадзілася. Нарадзіла ім сына. Калі вярнуўся муж, пераехалі ў Беларусь. Гэты сын цяпер там вялікі начальнік. Вось і прыехалі дзеці таго сына, унукі Лізкіны, пазнаёміцца.

Жанчыны на нейкі момант змоўклі, быццам нешта абдумваючы.
— Няўжо Лізка на такі геройскі ўчынак здольна? — спытала Ніна.

У адказ Зоська зноў захіхікала:
— А то ты не ведаеш бабскія геройствы?!

Аўтобус падыходзіў да аўтавакзала. Зося стала збірацца на выхад.

— Нейкая казка пад Новы год, — не згаджалася Ніна з намёкамі сяброўкі.
— Ага, казка. Мабыць, толькі Лізкін муж у яе і верыць, — хітра сказала Зося і пайшла з аўтобуса не спяшаючыся.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии