Вершы Валянціны Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна «Кур’ер» ужо не раз прапанаваў чытачам. У сваіх творах паэтэса дзе з гумарам, а дзе і з сатырай распавядае аб людзях, якія жывуць з намі побач, аб іх учынках і паводзінах. Таксама адзначым, што ў гэтым годзе ўбачыў свет зборнік вершаў Валянціны Бабко-Аляшкевіч пад назвай «Вясёлыя ўспаміны радкаўскай жанчыны».
Тэлефоннае бескультур’е
Рассеўся хлопец, нібы дома,
З кішэні тэлефон дастаў,
А потым дзеўчыне знаёмай
На ўвесь салон званіць пачаў.
Раве аўтобус што ёсць моцы,
А ён раве яшчэ мацней.
І крыкі з горла таго хлопца
Трапляюць да маіх вушэй.
Гаворыць з нейкаю Наталляй,
Пытае пра сяброўку ў той…
Заве яе нібыта Ляляй,
Трасе ад смеху галавой:
«Скажы, а Ляля лесбіянка?
Хачу сустрэцца вельмі з ёй.
Што? Кавалер яе Іванка?
Нічога, будзе і маёй!»
Рагоча за маёй спіною,
Смакуе плёткі, нібы мёд…
Не ў сілах саўладаць з сабою,
Бяру я хлопца ў абарот:
«Чаго равеш, каб людзі чулі?
Збіраеш плёткі, як пляткар!
Прыедзеш і бяжы на гулі,
А зараз змоўкні! Чуў, спадар?»
Прыціх адразу, не пярэчыў,
Але размову не спыніў,
А галаву схаваўшы ў плечы,
Так моцна ўжо не гаманіў.
Абрыдла гэта бескультур’е!
Не каб з кватэры пазваніць —
Равуць, каб іншыя пачулі,
Куды і што ідуць рабіць.

Рай
Дачушка дрэмле, нібы ў казцы,
Аж губкі чмокаюць у сне…
А да яе матуля з ласкай:
— Няхай часок яшчэ прысне.
Сама зраблю я ўсю работу:
У садзе яблыкі збяру,
І градкі ўсе палью з ахвотай,
І двор як трэба прыбяру.
Сама схаджу я ў нашу краму
І бульбы накапаю ў кош.
На тое ж я завуся мамай!
Няхай паспіць пад ціхі дождж.
Дачушцы вушка накрывае,
Прыклаўшы рукі да грудзей,
З пакою ціхенька ступае
І слёзы радасці з вачэй.
А потым яблыкі збірае,
Капае бульбы маладой,
Граду як трэба палівае,
Затым ідзе ў двор з мятлой.
Вось выйшла на парог «малая»,
Да сонца ручкі падняла,
Але нікуды не спяшае,
Бо ўжо… на пенсіі была.