
У Салігорскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі 4-5 снежня працаваў фестываль-выстава «Гліняны цуд», які арганізаваў Мікалай Пратасеня, кіраўнік студыі «Скарбонка». У фестывалі ўдзельнічалі больш за 30 знакамітых і яшчэ малавядомых майстроў з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
На свята прыехалі і навукоўцы: Яўген Сахута, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, Любоў Раманенка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры «Педагогіка» Мінскага гарадскога інстытута адукацыі, а таксама прадстаўнікі з Міністэрства адукацыі РБ.
«Гліняная цацка, як і іншыя вырабы з гліны, былі шырока распаўсюджаны на Беларусі. Але за савецкі час гэтыя рамёствы загублены, — адзначыў у сваёй прамове на адкрыцці фестывалю Яўген Сахута. — Наша шчасце, што знайшліся аматары, якія дабіліся высокага мастацтва, прафесіяналізма ў час, калі Беларусь стала самастойнай дзяржавай. На свеце няма дзяцей, якія не жадаюць зляпіць сабе цацку, і добра, што ёсць яшчэ дарослыя, якія здольны дапамагчы ў гэтым».

На фестывалі знакамітыя майстры праводзілі майстар-класы і паказвалі прымяненне старадаўніх тэхналогій у сучасных умовах пры вырабе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў творчасці дарослых і дзяцей.

Кожны ўдзельнік прывёз з сабою калекцыю гліняных цацак, каб журы магло вызначыць ступень мастацтва і накірунак працы ўдзельніка. Ацэньваліся работы ў васьмі намінацыях: традыцыйная народная цацка; цацка-бразготка; сучасная цацка; сюжэтная (кампазіцыйная) цацка; цацка, выканая на ганчарным станку; цацка-птушка; цацка-жывёліна; цацка-макет архітэктурнага характару.

Усе ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны дыпломамі. Пасля заканчэння працы запусцілі ў неба гліняную цацку.
Уладзімір Амяльчэня

