Безыменная

0
Малюнак: Вера Шут

За сваё жыццё сустракаў людзей з рознымі про­звіш­чамі. Таму амаль не памыляўся, з якіх краёў іх карані. Калі на бальнічным калідоры пачуўся зычны голас дзяжурнай медсястры: «Безыменная, на ўколы!», мяне гэта зацікавіла. З суседняй палаты выйшла жанчына сталага ўзросту. Бадзёры рух, стройная постаць — так сказаць, інтэлігентная жанчына інтэлектуальнай працы.

Калі яна вярталася назад, я зрабіў крок насустрач і спытаў: «Цікава даведацца, адкуль такое прозвішча?»

— «У чым ваша цікавасць?» — у адказ спытала мяне жанчына.

Реклама

Здзівіла чыстае беларускае вымаўленне. Я расказаў, што за многія гады працы ў газеце не сустракаў лю­дзей з такім прозвішчам. Вынікам нашай сустрэчы стала вось такая жыццёвая гісторыя.

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут
Родам я з СССР. Гэта ўсё, што ведаю ад прыёмных бацькоў. А знайшлі мяне ў Рэспубліцы Комі восенню 1952 года. Бацька там быў у лагеры расканваіраваны, працаваў на лесасплаве. Скончыўся сплаў, брыгада вяртаецца ў барак, які стаяў на беразе ракі, і стораж, стары латыш, паказвае дзяўчынку гадоў двух, згаладалую, якая не магла самастойна хадзіць.

Кажа латыш, што ў барак зайшла жанчына з дзіцём, папрасілася пагрэцца. Пасля выйшла і не вярнулася. Так я засталася сярод мужчын.

Усе стараліся мяне паласаваць: хто драбочкам цукру, хто рыбу зловіць. Лавілі зайцаў, каб пад­карміць свежым мясам. Стары латыш пашыў з заечых шкурак цёп­лае адзенне. Мужчыны ўсё ж паставілі мяне на ногі, я стала самастойна бегаць.

На прадвесні, калі ўсе работы да новага сплаву былі зроблены, начальства вырашыла забраць плытагонаў у лагер. Прыйшоў пасыльны, знайшоў сярод мужчын дзіця. Хто адкуль — ніхто не ведаў. І мяне перадалі ў прыёмны дом у пасёлку Чыгуначны. Там я атрымала сваё прозвішча — Безыменная.

Летам 1953 года вызвалілі бацьку. Ён знайшоў мяне ў гэтым доме. Каб забраць з яго, вызваў жонку. Так з`явіліся бацькі. Мяне прывезлі ў Брэст.

Бацькі мелі вышэйшую адукацыю. Раніцаю ішлі на працу, а мяне даглядаць прыходзіла бабулька. Помню, як яна спявала мне песні.

Я рана навучылася чытаць, пісаць. Дома бацькі размаўлялі па-беларуску ці па-польску. Беларуская мова для мяне стала роднай. Хто я, адкуль, яны расказалі мне, калі была ў сёмым класе. Скончыўшы школу, паступіла ў музычнае вучылішча.

Я заўсёды адчувала на сабе бацькоўскія клопаты. Ведаўшы, што бацькам я не родная, яшчэ большая павага расла да іх у маім сэрцы.

Мне, можа, і хацелася б даве­дацца, хто былі мае кроўныя бацькі. Але не змагла. Зараз я цвёрда ўпэўнена, што маці зрабіла разум­на, пакінуўшы мяне ў мужчынскім бараку. Гэтым выратавала ад пагубы.

Выйшла замуж я ў 1977 годзе. Мой муж пра­цаваў на ніве культуры. У нас нара­дзілася дачушка, якой бясконца былі рады. Толькі забіраць мяне з бальніцы давялося з двума дзеткамі. Маладая мама адказалася ад сына ў радзільні.

Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Калі сын заканчваў інстытут, мы расказалі яго гісторыю. У адказ ён сказаў, што даўно аб гэтым ведае, знайшліся «добрыя» людзі. Але гэта ніколькі не пагаршала нашых адносін.

Зараз у дзяцей свае дзеці. Дачка жыве ў Мінску, сын — на Салігоршчыне, пабудаваў катэдж. На старасці гадоў вырашылі пераехаць бліжэй да сына. Быццам і забыліся цяжкія ўспаміны, але лёс напомніў.

Аднойчы, калі сям`я сына была дома, раздаўся званок. На парозе стаяла жанчына ў запэцканым адзенні, з шэрым тварам, які бывае ў тых, хто сябруе з моцнымі напоямі. Яна заявіла сыну, што з`яўляецца яго роднай маткай, і папрасілася ў дом. Сын адказаў і прагнаў з двара. Мяне мучыць сумленне. Гэта яго жорсткасць, помста? Спытаць ці штосьці сказаць не магу, а ў душы нешта цяжкае.

Сын носіць прозвішча мужа, а я сваё, нарачонае лёсам. Не стала мяняць, калі атрымлівала першы пашпарт. Не памяняла, калі выйшла замуж. Гэта прозвішча для мяне недакранальнае. Яно абавязвае быць удзячным маім бацькам, якія вырасцілі мяне, і помніць, адкуль мы.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии