Як жылося французам у Слуцку

1
УСПАМІН. Раён Слуцка ад вуліцы Віленскай да Навадворцаў быў улюблёнай французскімі афіцэрамі мясцінай для, як яны казалі, праменаду. Раней гэта частка горада выглядала па-іншаму, але зараз, як бачым, тут амаль пабудавана новая вуліца. Фота: Алесь Дастанка

У № 34 ад 20 жніўня 2015 «Кур'ер» прапанаваў падзяліцца ўспамінамі аб ваеннаслужачых саюзных армій, якія былі вызвалены Чырвонай Арміяй з фашысцкага палону і да адпраўкі на радзіму ўтрымліваліся ў транзітных лагерах, што былі ў Слуцку ў 1945 годзе. Скарыстаюся гэтай прапановай і падзялюся сваімі ўспамінамі аб тым часе, сведкам якога я быў.

Мая малая радзіма — гэта часцінка Выгоды, як раней звалася тэрыторыя, што пралягала там, дзе зараз вуліца імя М. Багдановіча. Гэта 2-гі завулак Валадарскага, дзе калісьці мясцілася сядзіба слуцкага памешчыка. Абшар даволі ўнушальны — ад новай дарогі, што пралегла ўздоўж Случы на захадзе, да 10 гарадка на ўсходзе і ад моста на М. Багдановіча (перад Навадворцамі) на поўдні да былых яўрэйскіх могілак на поўначы.

Месца ўтульнае і адметнай прыгажосці (было…) Стары сад са знакамітымі слуцкімі бэрамі, якія стромка, як сосны, падымаліся ўгору. Яблынявы сад, што напрыканцы 20-х гадоў пасадзіў вядомы на Случчыне садавод Гурбо. Пралягаў ён да самага берага Случы, які патанаў у зараслях бэзу… З дзясятак даваенных пчаліных вулляў… Асабліва прыгожай была алея дзікіх вішань, што пралягала там, дзе зараз Слуцкая ЦРБ.

Реклама

У гэтым кутку і захавалася хат пяць, пабудаваных яшчэ да рэвалюцыі. Сярод іх і будынак, які злажыў мой дзед з карчмы, купленай і перавезенай са Старых Дарог у царскі час.

УСПАМІН. Раён Слуцка ад вуліцы Віленскай да Навадворцаў быў улюблёнай французскімі афіцэрамі мясцінай для, як яны казалі, праменаду. Раней гэта частка горада выглядала па-іншаму, але зараз, як бачым, тут амаль пабудавана новая вуліца. Фота: Алесь Дастанка
УСПАМІН. Раён Слуцка ад вуліцы Віленскай да Навадворцаў быў улюблёнай французскімі афіцэрамі мясцінай для, як яны казалі, праменаду. Раней гэта частка горада выглядала па-іншаму, але зараз, як бачым, тут амаль пабудавана новая вуліца. Фота: Алесь Дастанка
Гэта была ўлюблёная французскімі афіцэрамі мясціна для, як яны казалі, праменаду. Асабліва калі вечарэла і лёгкі малочны туман нясмела пачынаў слацца над далінай Случы.

Стройныя, як на падбор (не было ніводнага з жыватом, як у некаторых нашых афіцэраў), у прыгожых бронзавага колеру мундзірах, усе, як адзін, у берэтах, многія з курыльнай люлькай, з вудай і сачкамі паважна, нетаропка ішлі да ракі. А ў паветры гэта шэсце па завулку суправаджаў прыемны водар дарагога табаку.

Мяне здзіўляла, як выглядалі французы ў параўнанні з палоннымі нямецкімі салдатамі і афіцэрамі, што знаходзіліся ў канцлагеры ў 1-м гарадку і выконвалі работы па аднаўленні Слуцка. Першыя знаходзіліся пад абярэгам Жэнеўскай канвенцыі аб ваеннапалонных, а нямецкія палонныя — не, бо СССР да гэтай канвенцыі не далучыўся.

Мае бацькі трымалі карову. Малако давала цудоўнае. Недалёка быў заліўны луг, дзе пасліся каровы жыхароў Выгоды. Двое французаў аблюбавалі смак малака і сталі пастаяннымі пакупнікамі. Куплялі яны і сырадой, і тое, што ў гладышах з вяршкамі. Калі яны разлічваліся, мяне здзіўляла, што ў партманеце былі тугія пачкі савецкіх асігнацый з выявай Леніна. Столькі грошай!..

Аднойчы яны, пазваўшы дваіх сяброў, дапамаглі бацькаваму кватаранту пагрузіць на студэбэкер нямецкае трафейнае піяніна, якое ён прадаў 10-й школе. Дарэчы, у намесніка камандзіра палка па тэхчасці былі багатыя трафеі: два матацыклы BMW з каляскамі, «Опель», піяніна, каўры, рэліктавы глобус з нейкага музея, паляўнічая зброя, інкруставаная срэбрам, тумба з патронамі, заморскія віны…

Ён шчодра аддзякаваў французам, запрасіў іх на вячэру.

Пасля таго, як французы перабазіраваліся ў Старыя Дарогі, на змену ім усталяваліся італьянцы. Я мяркую, што гэта былі вайскоўцы, якія трапілі ў палон да немецкай арміі ў 1944 годзе, калі Італія выйшла з саюза з Гер­маніяй і аб’явіла ёй вайну.

Калі французы былі даволі свабодныя ў перамяшчэнні, то італьянцы былі ізаляваны ў 10-м гарадку ў трохпавярховай казарме. Яна была збудавана з чырвонай цэглы і глядзелася прывабна.

Выглядалі італьянцы даволі змрочна. У асноўным гэта быў салдацкі кантынгент, апрануты ў патрапаную форму. Сярод іх было многа хворых (некаторыя з іх памерлі і былі пахаваны на былых яўрэйскіх могілках, а потым перахаваны на радзіме).

Перад адбоем на пятачку, што мясціўся паміж казармай і кацельняй, яны гулялі з нашымі вайскоўцамі ў валейбол і іншыя гульні.

А надвячорку нашы выгодскія хлопцы з вёдрамі, поўнымі лягушак, пералазілі праз агароджу да казармы, каб здзейсніць бартар. Італьянцы апускалі з другога паверху вяроўку, забіралі лягушак, а вёдры вярталі з цыгарэтамі, гаспадарчым мылам ды з сардзінамі ў бляшанках з ключыкамі.

Можа, хто з іх застаўся жывы і зараз там, у Італіі, успамінае Слуцк і шчаслівых хлапчукоў, сярод якіх быў і я.

Эдуард Вайніловіч, Слуцк

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
ingenegr
ingenegr
28 сентября 2015 18:57

Очень понравились воспоминания. Может быть автор со знаменитой фамилией Войнилович что-нибудь еще напишет? Хотя бы о себе, истории своей фамилии. Может о городе? Описание Выгоды послевоенной очень впечатлил. И не из тех ли Вы Войниловичей что помогали евреям во время ВОВ?