Доктар, які падтрымлівае Лукашэнку. Гісторыя жыцця Алега Румо

6

Перад выбарамі Аляксандр Лукашэнка традыцыйна абвяшчае спіс сваіх 30 давераных асобаў. Гэта людзі, якія займаюцца агітацыяй за яго. У параўнанні з 2010 годам спіс абнавіўся амаль цалкам. Засталіся адзінкі, і сярод іх хірург са слуцкімі каранямі Алег Румо. «Наша Ніва» паведаміла гісторыю жыцця доктара, а цяпер яшчэ і паспяховага менеджара, якому прадказваюць міністэрскую кар’еру.

Пачатак дынастыі сям'і Румо

Румо — слуцкая доктарская дынастыя. Пачынальніцай стала бабуля трансплантолага Ганна. Яна вывучылася на фельчарку. Пазнаёмілася з Васілём Румо, дырэктарам Слуцкага кансервавага завода. Сам ён паходзіў з небагатай шматдзетнай сям'і з Сенненскага раёна. Каб выбіцца ў людзі, Васіль пайшоў працаваць па партыйнай лініі.

Маладыя пабраліся шлюбам у 1939 годзе. У першыя месяцы вайны ў сям'і нарадзіўся першынец, яго назвалі Алегам. Пасля вайны нарадзіўся другі сын, Уладзімір. Сам Васіль Румо ішоў па партыйнай лініі. Ён быў першым сакратаром райкамаў, працаваў кіраўніком калгаса, дырэктарам гарадской гасцініцы, у сферы ЖКГ.

Реклама

Бацька стаў дэпутатам

Старэйшы сын Ганны і Васіля Алег (бацька трансплантолага) паступіў у сталічны медінстытут. Падчас адной з паездак дадому ён пазнаёміўся з будучай жонкай. Валянціна таксама вучылася на медыка.

Фота: nasledie-sluck.by
Валянціна Румо. Фота: nasledie-sluck.by
Алег Румо-старэйшы. Фота: nasledie-sluck.by
Алег Румо-старэйшы. Фота: nasledie-sluck.by
Далей Алег паступіў на курсы анколагаў. Пасля працаваў па спецыяльнасці ў Слуцкай бальніцы. Жонка была педыятрам.

З цягам часу Алег-старэйшы стаў намеснікам галоўнага доктара, да развалу СССР быў і партыйным арганізатарам бальніцы.

У 1995 годзе Партыя камуністаў высунула яго кандыдатуру на парламенцкіх выбарах. Румо стаў дэпутатам. Праз год ён стаў намеснікам старшыні камісіі па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям'і і моладзі. У 2000 годзе вярнуўся да ранейшай працы — намесніка галоўнага доктара Слуцкай бальніцы.

Навуковец Алег Румо-малодшы

Дзеці Алега і Валянціны пайшлі па шляху бацькоў. Дачка Ала ўзначаліла ў Слуцку станцыю пералівання крыві. Яе муж, уролаг Алег Леснікаў, таксама доктар.

Сын Алег Румо-малодшы (трансплантолаг) стаў таксама доктарам. Ён абраў хірургію, узяўшы прыклад з бацькі. Малады доктар уладкаваўся ў 9-ю клінічную бальніцу Мінска.

«Я пачынаў кар’еру ў складаны час. Гэта быў 1993 год. Зарплата ў доктара была каля $ 20, стыпендыя ў ардынатуры — парадку $ 7», — кажа Алег Румо.

Пераломны момант у кар’еры

Пераломным момантам стала паездка ў Германію. Алег выйграў стыпендыю і трапіў у клініку прафесара Петэра Нойхаўса.

«Ехаў туды з такім настроем: трансплантацыю печані я рабіць не ўмею, ну, а ў астатнім табе мяне вучыць няма чаму, — прызнаваўся Румо. — Але ўжо першы тыдзень у прафесара Нойхаўса выбіў у мяне глебу з-пад ног: я зразумеў, што недастаткова кампетэнтны ў прафесіі».

Першую аперацыю па перасадцы печані ў Беларусі Румо правёў у 2008 годзе. Яна працягвалася 12 гадзін! Асістэнтамі мусілі быць расійскія дактары, аднак яны не паспелі прыехаць, таму давялося працаваць без іх. Зрэшты, хапіла і свайго досведу — да таго Румо асіставаў на паўсотні падобных аперацый у Берліне і Гановеры.

Знаёмства з прэзідэнтам

Поспехі транспланталогіі дазволілі пралабіраваць стварэнне РНПЦ «Трансплантацыі органаў і тканак» на базе 9-й клінічнай бальніцы. Будоўлю паскорыла сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Для кожнага чалавека сустрэча з кіраўніком дзяржавы — знакавая падзея. Я тады быў асіплы, баяўся, што сказаць нічога не змагу. Але як толькі ў залу ўвайшоў прэзідэнт, хваляванне знікла», — Румо ўдзячны Лукашэнку за тое, што дапамог рэалізаваць мару.

У 2010 цэнтр транспланталогіі запрацаваў, а Румо быў уключаны ў спіс давераных асобаў кіраўніка краіны. Яшчэ праз год хірург атрымаў званне «Заслужанага доктара Беларусі».

Жонка Наталля шмат дапамагла

«Усе бытавыя пытанні ў нашай сям'і вырашае жонка. Яе заслуга ў тым, кім стаў я. Жонка падштурхоўвае мяне да прафесійнага росту», — прызнаецца доктар.

Фота: nasledie-sluck.by
Фота: nasledie-sluck.by
Наталля Румо нарадзілася ў Мінску, але мае слуцкае паходжанне. Як і муж, яна скончыла медінстытут. Цяпер працуе брэнд-дырэктарам беларускага прадстаўніцтва швейцарскай карпарацыі «Цэптар».
Фота: oede.by
Фота: oede. by
Кампанія, заснаваная сербскім эмігрантам, прадае тавары для прыгажосці і здароўя — напрыклад, касметыку, посуд, сістэмы ачысткі вады. Апроч таго, у Беларусі «Цэптар» заснаваў дробны банк.

Уласнае жыллё і іпатэка на $320 000

Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х Наталля і Алег Румо пабудавалі трохпакаёўку ў панэльным доме на вуліцы Гурскага. Праз некалькі гадоў сям’я атрымала магчымасць набыць апартаменты ў Драздах. Румо сталі гаспадарамі кватэры плошчай больш за 120 м² у клубным доме.

Фота: Сяргей Гудзілін
Фота: Сяргей Гудзілін
Румо аформілі іпатэку. Крэдытная дамова была заключаная больш чым на 700 мільёнаў рублёў. На момант каля $ 320 тысяч.

А ў 2012 годзе Румо атрымаў надзел у Вяснінцы («Драздах-2»).

Фота: Сяргей Гудзілін
Фота: Сяргей Гудзілін
Участкі знаходзяцца ў водаахоўнай зоне. Кадастравая цана тых 14 сотак, што дасталіся Румо, складае каля $ 270 тысяч.

Дачка вучыцца на дыпламата

Дачка Алега Румо Алена скончыла 16-ю гімназію ў Вяснянцы. Тут вучацца дзеці многіх беларускіх чыноўнікаў, якія жывуць у Драздах, а таксама ўнукі і ўнучкі Аляксандра Лукашэнкі.

Дзяўчына парушыла традыцыю сямейнай дынастыі медыкаў і паступіла ў расійскі МГІМО.

Фота с сайта nn.by
Фота з сайта nn. by
Алена шмат падарожнічае. За апошні год яна выкладала ў сваім інстаграме здымкі з Аўстрыі, Арменіі, Іспаніі, Японіі… Прычым гэта не пляжны адпачынак ці паходы па начных клубах, а экскурсійныя паездкі. Напрыклад, у Лондан дзяўчына паехала, каб падцягнуць мову.

Праца з дапамогай Бога

Сёння па колькасці трансплантацый на колькасць насельніцтва Беларусь абганяе ўсіх суседзяў, напрыклад, Расію — больш чым у 4 разы. Сам Румо цяпер аперуе некалькі разоў на тыдзень, абіраючы самыя складаныя выпадкі. Астатні час займае менеджарская праца. Доктар скончыў Акадэмію кіравання.

Насуперак камуністычнаму мінуламу сям'і, Румо мае патрэбу ў рэлігіі. «У маім кабінеце ёсць невялікі іканастас. Я звяртаюся па дапамогу да святых, калі мне цяжка, — расказвае доктар. — Прычым не толькі ў прафесійных пытаннях, але і ў многіх іншых жыццёвых сітуацыях. Што тычыцца поглядаў царквы на транспланталогію, то наш цэнтр асвячоны, у нас тут шмат абразоў. Лічу, што без дапамогі Бога здзяйсняць такія справы ўвогуле немагчыма», — кажа Румо пра транспланталогію.

Наша Ніва

6 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Генадзь
Генадзь
24 сентября 2015 20:59

Селянін, які не падтрымлівае Лукашэнку.

ППШ-41
ППШ-41
25 сентября 2015 10:03
Ответить на  Генадзь

Вось и няма у цябе дачы у Драздах 😉

Зольдберг
Зольдберг
25 сентября 2015 10:36

Александр Лукашенко, вторая половина 70-х

Случчанин
Случчанин
26 сентября 2015 11:26

«Насуперак камуністычнаму мінуламу сям'і, Румо мае патрэбу ў рэлігіі.»

Почему-то вспомнилось нетленное:
«Возле кормушки, имя которой власть, все хрюкают одинаково: и красные, и белые.» © ЛАГ

DEMD
DEMD
26 сентября 2015 13:33

Калi хочаш утрамацца i атрымлiваць, трэба падтрымлiваць

Fak
Fak
27 сентября 2015 15:54
Ответить на  DEMD

Какая оппозиция, такие и лозунги.