Іх лічылі ворагамі, а яны набліжалі Перамогу

0
Малюнак: Вера Шут

З таго дня, як над фашысцкім рэйхстагам узняўся сцяг Перамогі, мінула 70 гадоў. Але колькі б не прайшло часу, я буду памятаць гісторыю сям`і сваёй бабулі, што жыла ў вёсцы Амговічы, недалёка ад Слуцка. Аб іх я распавяду і сваім унукам і хачу расказаць чытачам.

Сям`я маёй бабулі была вялікая: чатыры браты і чатыры сястры. Жылі дружна, усе занятыя, у кожнага свая справа. У гаспадарцы былі коні і свінні, кароўка, авечкі, гусі, куры, нават была свая конная касілка.

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут
Па таму часу сям`я лічылася заможнай. У хаце-пяцісценцы была нават драўляная падлога, якую дзяўчаты па суботах націралі да жаўтлявага бляску. Два разы на месяц ездзілі ў Слуцк на базар, вазілі лішкі сваёй прадукцыі — яйкі, сыры, масла, бульбу, капусту, агуркі.

Узімку, калі не было работы ў полі, дзяўчаты пралі кудзелю, ткалі палатно, вышывалі рушнікі. Хлопцы выраблялі авечыя скуры, шылі кажухі, майстравалі сані. Усё гэта прадавалі ў іншых вёсках, на базарах у Слуцку і Старых Дарогах.

Реклама

У 1931 годзе старэйшая з сясцёр па парадзе братоў пайшла замуж за Уладзіміра, які быў начальнікам у міліцыі. Ім тады дазвалялася не ўступаць у калгас. На нейкі час гэты шлюб асцерагаў сям`ю. Але ў 1937-м Уладзімір загінуў ад бандыцкай кулі. І восенню 1938-га дваіх братоў Івана і Сцяпана забралі як кулакоў. А ў 1939 годзе пайшлі па этапу ў ГУЛАГ Васіль і Дзям`ян.

Засталіся ў вёсцы толькі дзяўчаты. Хату забралі пад сельсавет, праўда, адна­сценак ім пакінулі. Коней, авечак, свіней загналі на калгасны двор, пакінулі парсючка, курэй ды адну кароўку.
Перад вайной у вёску вярнулася жонка Івана з трыма дзецьмі. Як высветлілася, Іван загінуў на будоўлі пад Архангельскам, Параску з малымі адправілі дамоў. Сёстры далі прытулак і ім.

Трэба было неяк жыць далей. Насця пайшла працаваць у свінарнік. Марыя (ёй было ўжо 20 гадоў) паехала ў Слуцк і ўладкавалася прыбіральшчыцай ў сталоўку.

Шэф-поварам там працаваў знаёмы яўрэй, якому калісьці бацька і браты вазілі сваю прадукцыю — яйкі, мяса, сыры. Паколькі ў яго з жонкай не было дзяцей, яны з ахвотай прынялі Марыю ў сябе, далі ёй працу і ложак.

Марыя была кемлівая дзяўчына. Хутка шэф-повар заўважыў гэта і пачаў вучыць яе поварскай справе, а праз нейкі час ужо дазваляў ёй гатаваць некаторыя стравы.

…Наступіў 1941 год. У жніўні немцы ўжо гаспадарылі амаль што на ўсёй Беларусі.

Сям’ю повара загналі ў гета, а потым знішчылі, як і шмат іншых яўрэяў Слуцка. Марыя засталася ў хаце адна.

Кіраваць у сталоўцы стаў немец. Ён таксама звярнуў увагу на старанне Марыі і час ад часу вучыў яе кулінарнай справе. За добрую працу немец выдаткоўваў ёй то сала з хлебам, то тое, што заставалася пасля наведвальнікаў. Марыя перадавала ежу ў вёску.

Там, у Амговічах, жылі сёстры ды Параска з дзецьмі. Немцы і паліцаі не чапалі гэтую сям`ю з-за таго, што яны лічыліся пацярпелымі ад савецкай улады. Нават хату вярнулі.

…Аднойчы праз вёску вялі палонных, чалавек 100, а можа, і болей. Многія з іх былі параненыя, знямоглыя, ледзь ішлі, падтрымліваючы адзін аднаго.

Параска якраз варыла бульбу ў печы. Схапіўшы гарачы чыгунок, яна выбегла на вуліцу і пачала раздаваць бульбіны палонным. Вясковыя жанчыны, убачыўшы гэта, таксама кінуліся ў хаты і частавалі палонных хто чым мог.

Да партызан дайшоў слых пра Параскін учынак, і па начах у «сельсавет» пачалі наведвацца лясныя госці. Параска передавала ім ежу, што атрымлівала са Слуцка ад Марыі, адзенне, якое да яе прыносілі вяскоўцы. Сям`я была не пад падазрэннем, і гэтым карысталіся. Так Іванава жонка Параска стала сувязной партызанскага атрада.

У 1943 гадзе, калі карнікі пачалі лютаваць з-за сваіх паражэнняў на фронце і спалілі некалькі вёсак вакол Амговічаў, Параска і Іванавы сёстры пайшлі ў лес да партызан.

Прыгадаў я гэтую гісторыю таму, што нават Параскіны ўнукі да сённяшняга дня добра не ведаюць пра сваю гераічную бабулю. Яна нават, калі памірала, нічога не расказала, баялася, бо лічылася ворагам народа. Толькі мая бабка Насця, сястра Івана, расказала мне пра Параску і лёс сваёй сям`і.

Іх лічылі ворагамі, а яны, забыўшы ўсю крыўду, якую нанесла савецкая ўлада, набліжалі Перамогу…

Мікола Корань, Слуцк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии