Вовачка

2
Малюнак: Вера Шут

Гэта гісторыя свой пачатак бярэ з васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. А праз 35 гадоў адгукнулася ў сэрцы старога Рыгора жалем аб згубленым. Каб не тая згуба, сёння яго старасць была б больш шчаслівай, не адзінокай. Так Рыгор думаў пасля сустрэчы з Вовачкам, якога хацеў зрабіць калісьці членам сваёй сям`і.

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут
Вовачка быў сынам стрыечнага брата яго жонкі. У той сям`і было дзяцей, як гароху ў рэшаце. Першая жонка ўцякла, пакінула бацьку з сынам. Калі ўцякла з вадзіцелем-дальнабой­шчыкам другая, у хаце засталося пяцёра дзяцей, самаму меньшаму было паўгодзіка. Трэцяя жонка прыйшла з двума сваімі і дваіх яшчэ нарадзіла. З гэтай раднёй Рыгор не вельмі сваячыўся. Аднойчы прадаў ім корміка, ды грошай не атрымаў. Махнуў рукою — хай на іх беднасць!

Прыйшоў час, калі малодшая дачка Рыгора пайшла ў першы клас. На адной парце з ёю сядзеў Вовачка. Тварык пухленькі, хітрыя вочкі, а гук літары «Р» картавіць, як вядомы геній Савецкага Саюза. І так ён спадабаўся Рыгору, што прыйшоў са школы ды кажа жонцы: «Давай забяром яго да сябе, пакоі пустуюць, месца і хлеба хопіць». Жонка не пярэчыла, бо двое сваіх старэйшых вучыліся ў Ленінградзе. У той дзень Рыгор паехаў у суседнюю вёску да бацькоў Вовачкі. Тыя такой прапанове былі рады.

Рыгор не прапанаваў ні бацькам, ні самому Вовачку стаць яго сынам. Проста быць членам яго сям`і, пераняць больш цывілізаваныя звычкі грамадства, бо тыя, што былі ў сям`і хлопчыка, пужалі Рыгора: папойкі бацькоў, вечныя сваркі ды харч дзяцей недазволена бедны.

Реклама

Вовачку пасялілі ў суседні з дачкою пакой, дзе абсталявалі пісьмовы стол для заняткаў, ложак заслалі бялюсенькімі прасцінкамі, абутак паставілі ў радок з другім і наказалі, каб пры ўваходзе ў хату заўсёды абутак здымаў і ставіў на месца. Вовачка з усім згаджаўся і ў знак згоды ківаў галавой.

Першыя дні Вовачка ахвотна садзіўся за стол, еў са смакам. Не так ахвотна садзіўся за буквар, але чытаць навучыўся хутка. Малодшая дачка гаспадара была яму дома настаўніцай, бо ў школу пайшла добра падрыхтаванай. Рыгор глядзеў на дзяцей, як яны «гуляюць у школу», і радаваўся за Вовачку. У сваёй сям`і такой увагі да яго не было б.

Дней праз дзесяць гаспа­дыня шапнула вечарам Рыгору, што Вовачка адказаўся вячэраць. Рыгор зайшоў да яго ў спальны пакой. Той не спаў, на вачах былі слёзы. На пытанне «Чаму не вячэраў?» адказаў, што жывот баліць.
Назаўтра Рыгорава дачка прыйшла са школы адна. «Вовачка ўцёк са школы дадому на апошнім перапынку», — сказала навіну.

Вечарам Рыгор з жонкаю паехалі да Вовачкі. Таго дома не было. «Гуляе з вясковымі на ферме, — сказала маці. — Хай застаецца дома, бо надта сумуе». І старэйшага хлопца паслала па Вовачку.
Прыйшоў той насцярожаны, брудны, босыя ногі па калена вымазаны гноем. Ад яго пахла фермай. Вяртацца да Рыгора адказаўся.

У душы Рыгор шкадаваў, што хлопчык не прыжыўся ў яго сям`і. Але забраць да сябе без яго волі і жадання не мог. З цягам часу гісторыя гэтая забылася.

Гадоў праз дваццаць летнім спякотным днём каля магазіна ў гора­дзе да Рыгора падышоў малады чалавек. Быў ён без рубашкі. Спіна, грудзі і рукі замалёваны выколкамі.
«Дзе ваша малодшая дачка? — спытаў у Рыгора. — Не пазналі? Я Вовачка».

Сумная была гаворка. «Вярнуўся з трэцяй ходкі на зону, — расказваў сваё жыццё Вовачка. — Не раз сябе карыў, што не застаўся тады ў вас». Ад таго Вовачкі засталося толькі картавае вымаўленне гука літары «Р».

Яшчэ гадоў праз 15 адбылася сустрэча: памёр шматдзетны бацька. З`ехаліся амаль усе дзеці. Выдзяляўся сярод іх мужны, каранасты хлопец. Толькі па картаваму вымаўленні гука літары «Р» здагадаўся Рыгор, што гэта той самы Вовачка. Ён быў арганізатарам гэтай сумнай справы. Калі выдаўся час, падышоў да Рыгора, распавёў: «Працую на будоўлях горада. Вас успамінаю часта, але нічога не вернеш. Давялося вучыцца многаму. Цяпер усё добра: сям`я, праца і павага ў калектыве».

Рыгор радаваўся за хлопца і адчуваў у сваёй душы зайздрасць да яго маладосці і сілы. Невядомая да гэтага туга ахінула яго, што ў той час не настаяў на сваім, не забраў да сябе. Сёння быў бы доб­рым памочнікам, жыў бы побач. Сваіх дзяцей не вярнуць яму да сябе, вывучыў, каб раз`ехаліся па белым свеце.

А свет такі вялікі…

Уладзімір Дамель, г.Салігорск

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
2015
2015
12 июля 2015 19:39

Ну и бацька у того Вовочки был… что аж третья жена сбежала да еще и с дальнобойщиком, а это ещё хуже чем с саксофонистом. В целом спадабалася, кроме момента:"Цяпер усе добра: сямья, праца, павага у каллектыве".Как то это последнее не свойственно для «третьей ходки».Может и хорошо, что Вован сбежал. Двое разнополых детей (да еще не родных) в одной семье проблематично, особенно в период полового созревания.

215
215
13 июля 2015 01:22

Большой художественной силы добавило бы выражение Вовочки:"Як я з зоны адкинууся сябе шмат раз карыу…"