Гэты чалавек пражыў доўгае жыццё. Калі ўлічваць, што ён апынуўся ў цэнтры падзей, удзельнікі якіх амаль пагалоўна не дажылі да сівізны, то гэта выглядае проста фантастычным шанцаваннем. Ён зведаў цяжкую барацьбу за дарагую ідэю, урачыстасць перамогі і расчараванне. Звалі яго Язэп Дыла.
Гэты артыкул «Кур’ер» падрыхтаваў да яго 135-годдзя.
Вучань графа
Слуцк. 1893 ці 1894 год. У дом малодшага паштовага сакратара Леаніда Дыла, бацькі маленькага Язэпа, прыходзіць мясцовы настаўнік. Ён называе сябе графам Абуховіч-Бандынэлі. З вуснаў гэтага чалавека Язэп упершыню пачуў верш на беларускай мове. Гэты момант ён запомніць на ўсё жыццё.
«Я сядзеў і слухаў, як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах чуў «дзіва» — мілагучныя вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям’і дзеда і бабкі, карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад сваімі аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова», — пісаў Язэп Дыла.
Альгерд Абуховіч-Бандынэлі стане яго настаўнікам і адкрые для яго Беларусь.
Зрэшты, любоў да беларускай культуры была закладзена і сям’ёй. Язэп Дыла ўспамінаў сваю бабулю па матчынай лініі Дамініку, якая «ведала мноства беларускiх песень i казак i ахвотна дзялiлася iмi». Ад яе Язэп пачуў песню пра тое, як Слуцк абараняўся ад татарскага нашэсця, па матывах якой пасля напісаў гістарычную аповесць «У iмя дзяцей».
Хор цвярозасці
Пасля заканчэння Слуцкай гімназіі Язэп паступае ў Юр’еўскі (Тартускі) ветэрынарны інстытут. Беларусаў у Тарту было традыцыйна шмат. Студэнцкія карпарацыі былі забаронены, але беларускія студэнты ўсё ж стварылі свае зямляцтвы — Мінскае, у кіраўніцтва якога ўваходзіў Дыла, Магілёўскае і Чарнігаўскае. Рэвалюцыйнае «закісанне розумаў» там адбывалася на ўсю моц. Прыходзілася маскіравацца. Язэп уваходзіў і ў грамадства «Сябар цвярозасці», якое арганізавала эстонская моладзь.
Невядома, наколькі яны былі непітушчымі, але хор гэтага таварыства спяваў на нелегальных пасяджэннях рэвалюцыйныя песні, а кіраваў гэтым хорам Язэп Дыла.
Зразумела, такая актыўнасць не магла застацца незаўважанай — з універсітэта адлічылі ўсіх кіраўнікоў зямляцтваў, выгналі з інстытута і Язэпа.
На рэвалюцыйнай працы
Язэп працуе ў рэдакцыі мінскай газеты «Паўночна-Заходні край». Паралельна ён ездзіць па вёсках як рэвалюцыйны прапагандыст, збліжаецца з членамі аграрнай групы Мінскага камітэта РСДРП. Перамены, здавалася, такія блізкія. Але рэвалюцыя 1905 года скончылася паразай. У Мінску губернатар Курлоў загадаў расстраляць мірную дэманстрацыю.
І Язэп Дыла перабіраецца ў Пецярбург. Ён узначальвае выдавецтва часопіса «Сучасны свет». Знаёміцца з Аляксандрам Купрыным, Аляксандрай Калантай, Міхаілам Арцыбашавым. У Пецярбургу ў той час хапала і беларусаў: Дыла супрацоўнічае з Цішкай Гартным, Янкам Купалам, Якубам Коласам.
Кастрычніцкую рэвалюцыю Язэп Дыла сустракае ў Маскве. Гэтую падзею ён разглядае як мажлівасць пачаць будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці і актыўна ўключаецца ў працу.
У снежні 1917 года разважныя людзі Беларусі, прадстаўнікі розных сацыяльных пластоў і палітычных перакананняў, рашылі нарэшце сабрацца на першы агульнанацыянальны кангрэс, каб абмяркаваць галоўнае: як нашаму краю жыць далей — з бальшавіцкай Расіяй ці самастойна.
Старшынёй прэзідыума на ім быў Язэп Дыла.
Вядома, што кангрэс так нічога і не вырашыў — удзельнікі з’езда былі разагнаны бальшавікамі.
Калі ў Маскве ствараўся Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, у якасці камісара працы ў яго ўвайшоў Язэп Дыла. 1 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі ўрад апублікаваў Маніфест аб утварэнні Савецкай Беларусі.
Жылуновіч, Дыла і іншыя камісары-міністры нават наведалі ў Смаленску Янку Купалу, парадавалі навіной, што створана беларуская дзяржава.
Але 8-10 лютага 1919 года члены новага ўрада — Дыла і іншыя — былі арыштаваны сваёй жа савецкай уладай. Іх абвінавачвалі ў жаданні арганізаваць незалежную беларускую партыю, чым падрывалі савецкую ўладу на Беларусі.
Язэпу Дыла пашанцавала больш за іншых: ён пазбег турмы і ў 1921 годзе ўключыўся ў працу.

Арышты і высылкі
Язэп Дыла ўзначальваў Дзяржаўную планавую камісію БССР і Камісію па раёнаванню тэрыторыі рэспублікі, стаў дырэктарам Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (цяперашні Купалаўскі). Ён жа вучоны сакратар Інстытута беларускай культуры і намеснік загадчыка Белдзяржкіно па мастацкай частцы плюс інспектар Наркамасветы… Усюды Дыла адстойвае сваю пазіцыю. Мабыць, гэта і не падабалася ўладам.
Яго забралі па справе аб выдуманым Саюзе вызвалення Беларусі 10 красавіка 1931 года. Язэп Дыла быў асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую дзейнасць» на высылку з Беларусі.
Больш на радзіму ён не вернецца. З 1931 года і да смерці пражыве ў Саратаве.
У 1938 годзе яго арыштуюць яшчэ раз, у 1939-м выпусцяць… 15 лістапада 1957 года Язэп Дыла быў рэабілітаваны.
Але ж калі з вялікай помпай святкавалася 50-годдзе БССР (1968 год), апошняга, хто застаўся ў жывых, «бацькі БССР» на свята нават не запрасілі.
Нашчадкам
Сваю аўтабіяграфію Язэп Дыла заканчвае наступнымі словамі: «Часта вяртаючыся ў думках у край майго дзяцінства, юнацтва і сталасці, і сёння, аглядаючы жыццёвы шлях, я радуюся, што лепшую частку гэтага шляху я прайшоў, верна служачы майму народу, маёй Беларусі».
Памёр «бацька БССР» 7 красавіка 1973 года, пахаваны ў Саратаве.
Падрыхтавала Жанна Аўдзеева
Это мой родственник. Его отец похоронен на городском кладбище.
Навошта Аўдзеева Жанна выдае артыкул Людмілы Рублеўскай за свой (СБ, 07.04.2010 «Племянник слуцкого батлеечника»)? Пра аўтарскае права нічога не чулі?