Cалігарчанка з Чырвонай кнігі

1

У Салігорскім раёне жыве Надзея Захарава — прадстаўніца нацыі хантаў, якія ў Расіі занесены ў Чырвоную кнігу. З кожным годам усё меньш нараджаецца чыстакроўных хантаў. Менавіта таму гэты народ абараняецца дзяржавай.

«Нарадзілася я ў Цюменскай вобласці Ханты-Мансійскай акругі у сям'і хантаў», — пачала свой аповед Надзея Захарава.

РЭДКІ ЧАЛАВЕК. Надзея Захарава прадстаўляе ў Беларусі нацыянальнасць хантаў, якая занесена ў Чырвоную кнігу Расіі.  Фота: Уладзімір Амяльчэня
РЭДКІ ЧАЛАВЕК. Надзея Захарава прадстаўляе ў Беларусі нацыянальнасць хантаў, якая занесена ў Чырвоную кнігу Расіі. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Бацькі рана памерлі

«Бацька і маці былі камуністамі. Пазнаёміліся яны падчас вучэння ва ўніверсітэце.

У тайзе мае бацькі будавалі камуністычнае грамадства. Магчыма, таму бацька рана загінуў: ці сам утапіўся, ці дапамаглі — невядома.

Реклама

Маці таксама рана памерла. Таму здабываць на пражыванне давялося з малых гадоў самой, — усміхаецца бяззубым ротам Надзея Ксенафонтаўна. — Ставілі капканы на дзікую жывёлу. Са скуры аленяў, зайцаў, белак шылі адзенне. Гэта цяпер больш носяць адзе­нне з магазінаў — наступае цывілізацыя. Таксама лавілі рыбу. Увосень нарыхтоўвалі ягады на ўсю зіму. А зімою карміліся больш сырым мясам: струганінай з аленяў, замарожанай рыбай. Пасля пілі гарачы чай. Ад перападу тэмпературы трэскаюцца зубы. Таму ханты хутка становяцца бяззубымі.

Баяліся мядзведзя

Хата, у якой я жыла, стаяла на высокіх слупах, каб зімою не засыпала снегам, а летам каб не забраўся ў хату мядзведзь. Дра­пежніка баяліся дарослыя і дзеці, таму без стрэльбы ў тайгу не хадзілі.

Як у Беларусі пасуць кароў, так па чарзе мы пасвілі аленяў па месяцу зімою і летам.

Аднойчы мядзведзь задраў пастуха, хоць той быў са стрэльбаю. Мусіць, напаў на соннага.

У Беларусь за яблыкамі

Я вельмі рана стала дрэнна сябе адчуваць: дактары сказалі, што нізкі гемаглабін і цукар у крыві. Параілі спажываць больш яблык.

А дзе ж іх у тайзе набрацца?! Калі яблыкі да нас прывозілі, то больш за тры кіло ў сям’ю не давалі.
Неяк знаёмая сказала, што ў кожнай беларускай вёсцы можна яблык спажываць колькі хочаш.

Каб паправіць здароўе, у 1989 годзе я з трыма дзет­камі прыехала ў Беларусь. І сапраўды, яблыкі тут ва­ля­ліся на зямлі, ніхто іх не збіраў. Мы та­ко­га цуду не бачылі, та­му першы час аб’ядаліся імі.

Калгас даў дом і працу

Старшыня калгаса „Прамень Камуны“, у якім я жыла, Іван Іванавіч Сячко, прапанаваў папрацаваць даяркай — я згадзілася. Мне калгас даў домік, і маё жыццё пачало паціху наладжвацца.
У беларускай вёсцы жыць значна лепш, чым у халоднай тайзе. Горад зусім блізка, побач з вёскай хо­дзяць аўтамабілі.

Адзіная з хантаў

Пакуль працавала даяркай, ладзіла сваё здароўе і дзяцей, знік Савецкі Саюз. Тыя грошы, што прывезла з сабою, быццам вада скрозь пальцы, зніклі. Таму вяртацца назад не было за што. Так і засталася тут у Салігорскім раёне, адзіная з хантаў.

Жыву паціху, дапамагаю дачцэ расціць унукаў, пераймаю ад суседзяў беларускую мову».

Уладзімір Амяльчэня

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Капс
Капс
12 апреля 2015 23:28

Людей, и в Красную книгу? Пля, что за общество такое? Тьфу…