Паэт, прафесар, акадэмік са Случчыны

0
ЗЯМЛЯК. Аляксандр Сцяпанавіч Вечар. 1970-я гады. Фота з сайта belagroinform.by

25 сакавіка споўнілася 110 гадоў з дня нара­джэння Алеся Вечара, ураджэнца Случчыны, вядомага біяхіміка і паэта, доктара біялагічных навук, акадэміка, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі. Алесь Вечар нарадзіўся 25 сакавіка 1905 года ў вёсцы Машчыцы Слуцкага раёна ў сялянскай сям'і. Яму было некалькі месяцаў, калі ад тыфу памёр бацька, пакінуўшы на маці семярых дзяцей.

ЦЯГА ДА НАВУКІ. Скон­чыўшы пачатковую школу ў вёсцы, Алесь у 1916 годзе паступіў у Слуцкую гімназію. Але атрымаць адукацыю ён не змог: з-за недахопу грошай быў вымушаны вярнуцца да­моў.
Працуючы па гаспадар­цы, юнак не збіраўся ад­маўляцца ад сваёй мары атрымаць адукацыю. У вольныя часы ён самастойна авалодваў ведамі і ў 1923 годзе здаў экстэрнам выпускныя экзамены. У тым жа годзе паступіў у Слуцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. А ў 1925 годзе Алесь стаў студэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

Навучанне ў акадэміі ён сумяшчаў з актыўнай грамадскай і культурнай працай. Асабліва яго вабіла паэзія.

ЗЯМЛЯК. Аляксандр Сцяпанавіч Вечар. 1970-я гады. Фота з сайта belagroinform.by
ЗЯМЛЯК. Аляксандр Сцяпанавіч Вечар. 1970-я гады. Фота з сайта belagroinform. by
ДУМКІ Ў РЫФМЕ. У 1920-я гады многія беларускія юнакі і дзяўчаты захапляліся літаратурай, далучаліся да літаратурнага працэсу, спрабавалі выказаць праз вершаваныя радкі свае думкі і пачуцці. І акадэмія спрыяла гэтаму — там існавала кафедра беларускай мовы і літаратуры, якую ўзначальваў Максім Гарэцкі, а з мая 1925 года дзейнічала студыя Аршанскай філіі «Маладняка» (літаратурнага аб’яднання маладых літаратараў).

Реклама

Алесь Вечар уваходзіў у кіраўніцтва гэтага гуртка, быў актыўным яго членам. Студыя выдавала ўласны часопіс «Аршанскі маладняк».

У 1926−1927 гадах у часо­пісе з’явіліся першыя паэтычныя спробы маладога паэта: вершы «Дзве думкі» (пад псеўданімам Алесь Раніца), «Нашы акорды», «Якубу Коласу».
Як пазней успамінаў беларускі літаратар і перакладчык, былы член гэтай студыі Юрый Гаўрук, вершы Алеся Вечара друкавалі амаль без выпраўленняў, «як быццам напісаны яны былі не пачаткоўцам, а дасведчаным майстрам».

У 1929 годзе Алеся Вечара як перспектыўнага выпускніка накіравалі ў аспірантуру пры Навукова-даследчым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі БССР. З гэтага часу пачынаецца яго сталая праца на навуковай ніве.
Але ад літаратурнай твор­часці Алесь Вечар не адмаўляўся. У 1928−1930 гадах узначальваў Мін­скую філію Асацыяцыі пра­летарскіх пісьменнікаў, рэдагаваў часопіс «Шляхі калектывізацыі». Падборкі яго вершаў друкаваліся ў часопісах «Маладняк», «Полымя», газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», а ў 1930 годзе пабачыў свет і зборнік вершаў пад назвай «Кола дзён».

Малады літаратар спрабаваў свае сілы і ў галіне мастацкага перакладу — пераклаў на беларускую мову паэму Аляксандра Пушкіна «Домік у Каломне» (1937 год).

ВЫМУШАНЫ АД’ЕЗД. У 1930−1931 гадах Алесь Вечар працаваў выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці.

Адначасова пісаў нататкі ў газеты, часам крытычнага зместу, якія закраналі і працу мясцовага кіраўніцтва. У адказ чыноўнікі выставілі ілжывае абвінавачванне, згодна з якім гаспадарка яго маці была кваліфікавана як кулацкая. У выніку маці, а таксама брата і сяст­ру Алеся Вечара выслалі ў Архангельскую вобласць у горад Котлас, а непажаданага карэспандэнта пазбавілі партбілета з фармулёўкай «выключыць як памылкова прынятага».

Каб пазбегнуць далейшых рэпрэсій, Алесь Вечар з’ехаў з Беларусі. Працаваў на Сочынскай занальнай вопытнай станцыі. У 1932 годзе надрукавалі адну з першых навуковых прац вучонага «Прамысловая сушка бульбы».

АДКРЫЦЦІ НА БЛАГА. Першае аўтарскае пасведчанне вучоны атрымаў за распрацоўку спосабу вылучэння караціна з морквы. Яму належыць тэхналогія атрымання маркоўнага масла, якім у гады Вялікай Айчыннай вайны з поспехам лячылі апёкі. Цікавілі вучонага і метады атрымання шампанскіх він. Значна пазней менавіта ён удзельнічаў у распрацоўцы бесперапыннага спосабу вытворчасці шампанскага на Мінскім заводзе шампанскіх він.

У 1950 годзе Вечар з поспехам абараніў доктарскую дысертацыю з прысуджэннем вучонай ступені доктара біялагічных навук.

ВЯРТАННЕ НА РАДЗІМУ. Алесь Вечар вярнуўся на радзіму толькі ў 1959 го­дзе. Ён працаваў загадчыкам лабараторыі біяхіміі раслін Інстытута біялогіі АН БССР. Агульны сход Акадэміі навук БССР выбраў Вечара членам-карэспандэнтам АН БССР, а ў 1966 годзе — акадэмікам АН БССР.

Вечар меў вялікі аўтарытэт у навуковым асяроддзі. Ён з’яўляецца аўтарам звыш 420 навуковых прац, у тым ліку шасці манаграфій. Яму належаць каля 20 аўтарскіх пасведчанняў. Амаль усе навуковыя даследаванні вучонага мелі практычнае значэнне.

І хоць галоўным напрамкам яго жыцця заўсёды была навука, Вечар ніколі не забываўся пра паэзію. У 1960−1970-х гадах на старонках газет і часопісаў часта можна было ўбачыць яго паэтычныя нізкі. У 1977 годзе выйшла з друку кніжка вершаў паэта «Зварот да слова», а ў 1978 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Алесь Вечар пайшоў з жыцця 4 мая 1985 года. Пахаваны знакаміты слуцак на Усходніх могілках у Мінску.

Падрыхтавала Жанна Аўдзеева

Паэта не ахопіць страх

Няхай жа песня любіць буру,
Бо песня — з бураю сястра
І можа многа зла разбурыць.
Сярдзіся, бура!
Злуйся, шторм!
Пад свіст вятроў і брэх сабачы
Ізноў я выйду на прастор
І сонца яснае ўбачу.

Са зборніка вершаў А. Вечара «Зварот да слова»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии