Раённая паліклініка, 8 гадзін раніцы. У лабараторыі чарга даўжынёю на ўвесь калідор. Жанчына, якая стаяла перада мной, сказала тры словы з такім вымаўленнем, што я не ўтрымаўся, спытаў: «Вы з Германіі?» Адказ быў нечаканы: «Не, я з Парагвая».
Новая знаёмая запрасіла мяне ў госці, чым я і скарыстаўся праз пару дзён.

«Праходзьце смялей, — сустрэла ў дзвярах сваёй кватэры Надзея Аляксееўна Лузгіна. — Жывём з мамаю Таццянай Адамаўнай Капчук. Ёй 92-гі год. Яна пры добрай памяці».
Далей Таццяна Адамаўна распавяла мне пра жыццё за мяжой, вяртанне на радзіму.
Уцекачы ў Парагвай
Жылі мы ў Брэсцкай вобласці, у вёсцы Рубель. Была добрая гаспадарка. Але часта даходзілі да нас чуткі, што прыйдуць хутка бальшавікі, усё адбяруць, а нас адправяць у Сібір. Таму ў 1937 годзе сабраліся і паехалі. Улады Парагвая заахвочвалі такія пераезды.
На новым месцы мы хутка абжыліся. Пабудавалі хутар, ферму. Круглы год там растуць апельсіны, мандарыны, бананы, гранаты. Кукуруза за год дае тры ўраджаі. Ёю карміліся і кармілі жывёлу.
Пшанічнай мукі было так многа, што на базары за яе прасілі капейкі, таму жыта мы не сеялі.
На двары была ў нас гліняная печка, але часцей гатавалі страву на вогнішчы. Пакладуць радком два бервяны, з канца падпаляць, яны гараць без полымя, але зырка. Каля гэтага агню тройчы ў дзень пілі матэ (чай). Пілі з аднаго калабаса (кубачак у форме грушы) па чарзе, з дапамогай бамбізья (такой трубачкі з срэбра ці пазалочанай).
На гэтай ферме мы жылі з 1937 па 1950 год. Тут у 1940 годзе нарадзілася Надзея.
Перасяленцы з Украіны, Беларусі і Расіі жылі дружна, пабудавалі школу, у якую нанялі настаўніцу іспанскай мовы. Роднай мове дзяцей вучылі самі. Часта ладзілі сходкі, на якіх спявалі песні, ставілі пастаноўкі, бо ў кожнага з нас у душы жыла радзіма з яе песнямі.
Час сусветнай вайны
Аб тым, што на радзіме ідзе вайна, мы доўга не ведалі. Мусіць, падчас канца вайны да нас сталі прыязджаць бежанцы, расказваць пра вайну. Большасць з іх былі з Расіі. Мы хадзілі да іх, шукалі землякоў-беларусаў, але такіх не было.
Праз некаторы час бабуля Варвара даведалася, што сям’я яе сястры на Брэстчыне згарэла, немцы спалілі людзей у хляву. Бабуля вельмі плакала.
Пераезд у горад
У 1950 годзе мы пакінулі ферму і пераехалі ў горад Энкарнасьон. Муж працаваў у марскім порце, я была дома. Мы былі людзьмі сярэдняга дастатку. Тут пачаліся сустрэчы з мясцовымі камуністамі, усё часцей успаміналі Беларусь. Камуністы вялі гаворку аб вяртанні на радзіму.
А пад Новы 1952 год мы пераехалі ў сталіцу Аргенціны. У гэты час камуністы мелі тут вялікі ўплыў на грамадскую думку. Рускія, украінцы і беларусы пабудавалі свой клуб, у якім ладзілі сустрэчы, вяселлі. Тут працавалі розныя гурткі для дзяцей, у тым ліку і гурток рускай мовы.
Трапілі ў пекла
Пачалася агітацыя за вяртанне нас на радзіму. Камуністы расказвалі пра тое цудоўнае шчасце, што чакае нас там. Дзяцей прымалі ў піянеры, дарослыя хадзілі на палітзаняткі. Былі выпадкі, калі ўлада арыштоўвала прапагандыстаў і сажала ў турму. Тады для такіх збіраліся грошы.
За пераезд трэба было заплаціць 3 тысячы песа. Калі ў каго грошай не было, Савецкае пасольства аплачвала пераезд. Мы заплацілі сваімі грашыма, аб чым пасля шкадавалі.
На караблі нас было больш за 700 чалавек. Па прыездзе на радзіму ў нас адабралі пашпарты і адправілі працаваць у калгас. Гэта быў 1956 год.
Мы вярнуліся як пагарэльцы, бо ўвесь свой скарб пакінулі ў Аргенціне. Мяне адправілі працаваць даяркай, мужа — кладаўшчыком. З вёскі не маглі нікуды выехаць, бо не было пашпарта. Трапілі не ў рай, а ў пекла.
Аповед маці дапоўніла яе дачка Надзея Аляксееўна.
Людзі без пашпарта
Пасяліліся мы ў вёсцы Харомск Брэсцкай вобласці. У Аргенціне я скончыла 8 класаў, вучылася два гады ў мастацкім каледжы шыць прыгожае адзенне. Рускай мовай валодала кепска. Трошкі гаварыла па-беларуску. Пераняла ад бацькоў, ад бабулі. Але гэтага для вольных зносін з вяскоўцамі было вельмі мала, таму з мяне пасмейваліся, але не крыўдзілі.
Каб вырвацца з гэтага цяжкага становішча, у якім апынулася ўся сям’я, вырашана было мне пакінуць вёску і ехаць у горад. У 1957 годзе паехала ў Пінск. Але са мною ніхто не хацеў гаварыць, бо не было пашпарта.
У адчаі зайшла ў кабінет сакратара райкама камсамола. Я расказала яму пра піянераў у Аргенціне, пра абяцаны нам рай у Беларусі, пра тое, што я ўмею прыгожа шыць.
Малады ветлівы хлопец выслухаў мяне і паабяцаў дапамагчы. Хутка ў маіх руках была паперка, у якой ён прасіў дырэктара мастацкай фабрыкі прыняць мяне на работу. Так я стала зарабляць свае першыя грошы.
Цяпер шыю для душы
Год хадзіла ў вячэрнюю школу, каб падвучыць рускую мову. Беларускую перанімала ад жыхароў вёсак. Вельмі шкадую і не разумею, чаму беларусы цураюцца роднай мовы. Яна такая прыгожая, такая пявучая.
Хутка я пазнаёмілася са студэнтам міліяратыўнага тэхнікума. Калі ён скончыў вучыцца, ажаніліся і паехалі на яго радзіму – на Віцебшчыну.
У 1968 годзе пераехалі ў Салігорск. У 2000-м муж памёр. У мяне трое дзяцей, усе маюць вышэйшую адукацыю.
Быў час, калі пасля Чарнобыльскай аварыі актыўна супрацоўнічала на ніве аздараўлення беларускіх дзяцей у Іспаніі. Цяпер я на пенсіі, Па-ранейшаму для душы шыю сабе ды суседзям адзенне.
Уладзімір Дамель