Як грузіны ўвасобілі беларускую мару

0

Аксана Маслак калісьці пераехала ў Тбілісі з Кіева і з сяброўкай адчыніла ў сталіцы Грузіі кавярню-галерэю «Цільда». Тут можна выпіць кавы, паглядзець і набыць творы мастацтва, сувеніры… Але ці лёгка гэта было зрабіць? «Кур'ер» працягвае цыкл публікацый у рамках праекта «Рэфорум».

«Пачаць бізнес у Грузіі вельмі проста. Спачатку мы сабралі спіс неабходных дакументаў. У Доме юстыцыі з гэтай справай усяляк дапамагаюць. Нават даюць тыповы статут установы, — распавядае Ак­сана Маслак. — Мы пры­неслі дакументы ў па­нядзелак і забралі праз тры дні. Але як трэба тэрмінова, то дакументы можна забраць цягам некалькіх гадзін. У па­дат­ковай інспекцыі рэ­гіс­трацыя і атрыманне касавага апарата занялі 15 хвілін. За паўтара года працы нашага падатковага інспектара мы бачылі адзін раз. Жанчына рабіла абход сваіх падапечных, правярала, ці на месцы ўсе дакументы. Пакінула візітоўку і сказала тэлефанаваць ёй, як будуць нейкія пытанні. Ніякіх прыярытэтаў перад грамадзянамі Грузіі ў замежнікаў няма, усе роўныя перад законам».

АТРЫМАЛАСЯ. Украінка Аксана Маслак зрабіла бізнес у Грузіі. Фота з сайта novychas.info
АТРЫМАЛАСЯ. Украінка Аксана Маслак зрабіла бізнес у Грузіі. Фота з сайта novychas.info
Да слова, у Грузіі можна жыць і без ведання грузінскай мовы. Рускай і англійскай дастаткова нават для вядзення бізнесу, а не толькі побытавых кантактаў. Але, натуральна, веданне дзяржаўнай мовы будзе вялікім плюсам.

Реклама

Унікальная дапамога

Асобнага расповеду зас­лу­гоўваюць Дамы юс­тыцыі ў Грузіі. Гэтыя ўстановы можна назваць суперканцэнтратам прынцыпу «адно акно». Іх дзейнасць пабудавана на прынцыпах самаакупальнасці. Унікальнасць Дамоў юстыцыі ў тым, што яны аказваюць каля трох соцень відаў паслуг — ад атрымання розных даведак і дакументаў да аплаты рахункаў, у тым ліку і за жыллёва-камунальныя паслугі. У залежнасці ад складанасці працэдуры да­кумент можна атрымаць за 5 хвілін ці за 3 месяцы (напрыклад, калі вырашаецца пытанне аб ат­ры­манні грамадзянства і прымае яго асабіста прэзідэнт Грузіі).

Тэрміны атрымання большасці па­­слуг пры жаданні могуць быць скарочаныя, але за дадатковую плату. На­прык­лад, замежны пашпарт выдаюць праз дзесяць дзён, але можна аплаціць паслугу і атрымаць гэты дакумент праз дзень.

Пяць падаткаў

У Грузіі ўсяго пяць падаткаў. Калі прадпрыемства дасягне планкі абароту ў сто тысяч лары (пры­кладна 50 тысяч еў­ра), то пачынае плаціць падатак на дабаўленую вартасць. Але калі цягам некалькіх год прадпрыемства не паказвае росту абаротных сродкаў, то падатковая можа зацікавіцца гэтым пытаннем.

У Грузіі рэформы былі скіраваныя ў тым ліку і на змену свядомасці грама­дзян. Напрыклад, у тым, што падаткі трэба плаціць, бо з іх дзяржава будуе сацыяльныя аб’екты. І працаваць, натуральна, таксама трэба празрыста. Тут вялікія штрафы за адсутнасць касавага апарата, непрабітыя чэкі.

Але вернемся да кавярні. Сумяшчэнне столькіх відаў дзейнасці — ад аб’екта грамадскага харчавання да тэатральнай студыі — на невялікай плошчы кавярні ў беларускай свядомасці спара­джае пытанні кшталту: «Як на гэта глядзяць санстанцыя і МНС?» Але такіх кантралюючых органаў у Грузіі няма.

«Гэтыя моманты ў арганізацыі працы трымаюцца на сумленні, — тлумачыць Аксана Маслак. — Ёсць установы з вельмі высокім узроўнем, а ёсць і месцы, у якія мы прынцыпова не ходзім. У характары грузін ёсць некаторая бестурботнасць. І таму мінулай зімой, напрыклад, здаралася многа пажараў, былі загаранні ў кватэрах. Але менавіта гаспадар мусіць дбаць пра сваю маёмасць і бяс­пе­ку. Мы, да прыкладу, калі рабілі ў кавярні рамонт, перагледзелі ўсю праводку, каб не было сюрпрызаў».

Жаданне працаваць

Паводле словаў Аксаны, яе знаёмыя ўкраінцы, якія прыязджаюць у Грузію займацца бізнесам, дасягаюць поспеху. Бо ўмовы працы не экстрэмальныя, ніхто не тузае і не перашкаджае. Працуй, абы было жаданне!

«У саміх жа грузінаў, як у многіх паўднёвых народаў, гэтага жадання працаваць часта не хапае. А легенда пра залатое цяля не дае спакою, і хочацца, каб здарылася нешта вялікае-добрае, і працаваць не трэба было, — добразычліва кпіць з тубыльцаў Аксана. — Горад спіць у дзесяць раніцы, ёсць неабавязковасць у характары. Мы прыкладна праз паўгода працы перасталі пісаць сабе планы на дзень. Бо сустрэчы спаўзалі ў часе, адмяняліся. У грузінаў ёсць здольнасць «знікаць»: дамовіцца пра сустрэчу, не прыйсці на яе, не адказваць на тэлефон, а потым шчыра абурацца: «Як я мог так зрабіць!».
Разам з тым саўла­даль­ні­ца кавярні адзначае, што Грузія — кансерватыўная краіна, і гэта пакідае ад­бітак і на ўмовах вядзення бізнесу.

«Трэба заваёўваць рынак, публіку. Грузіны могуць гадамі хадзіць у адну і тую ж кавярню, хінкальную. Тут няма такога шырокага спектру рэстарацыяў з кухнямі краін свету, як, напрыклад, у тым жа Кіеве. Грузіны аддаюць перавагу сваёй кухні. Адкрылі ў Тбілісі вялікі рэстаран украінскай кухні, але ў хуткім часе побач з варэнікамі і баршчом у меню з’явіліся хінкалі і харчо. Ад гэтага нікуды не падзенешся. Але працаваць тут лёгка і прыемна», — рэзюмуе Аксана.

Да слова, у Грузіі можна жыць і без ведання грузінскай мовы. Рускай і англійскай дастаткова нават для вядзення бізнесу, а не толькі побытавых кантактаў. Але, натуральна, веданне дзяржаўнай мовы будзе вялікім плюсам.

Нацыянальны характар

Апісваючы нацыянальны характар, Аксана прыгадвае выслоўе: «Грузіны як дзеці». І пагаджаецца з ім: тут лёгка займець сяброў, але так жа хутка можна стаць аб’ектам непрыязнага стаўлення.
«Калі адбываліся падзеі на Майдане, то многія грузіны мне казалі, што яны не вытрымалі б проста так паўгода стаяць, а нешта б такое зрабілі. Гру­зіны сапраўды хутка загараюцца, расчароўваюцца. Мужчыны часта не працуюць, бо чакаюць не менш за пасаду дырэктара. Іншая справа — жанчыны. Яны адказна да ўсяго ставяцца, імкнуцца вырашыць пытанне. У краіне, на мой погляд, пануе матрыярхат. Жанчына ў сям'і — шэры кардынал. Але, — смяецца суразмоўца, — насамрэч кіруе ўсім мама мужа».

Пра хуткасць настрояў і пэўны інфантылізм нацыянальнага характару рас­павядае і палітолаг Гіа Нодзіа: ."Хаця звонку, паводле навінаў са СМІ, можа падавацца, што грузіны рашучыя і даклад­на ведаюць, што ра­біць і чаго чакаць.

І ўсё ж, нягледзячы на іс­крыстасці нацыянальнага характару і няпросты шлях рэформаў, Грузія змаг­ла змяніць ментальнасць людзей і лад жыцця. Грамадства было стомленае ад вайны, галечы, крыміналу і дало ўраду Мі­хаіла Саакашвілі вя­лі­кі мандат на перамены. Чым тагачасныя ўлады і скарысталіся.

«Каманда была даволі мэ­та­накіраваная, з ду­ма­ю­чымі людзьмі, і яны змаг­лі скарыстацца гэ­тым шанцам, гіс­та­рыч­ным момантам. Думаю, на грузінскі выбар паўплывала і геаграфія, бо Усход як мусульманскі свет за ўзор не разглядаўся. Расія, так склалася гіс­та­рыч­на, уяўляе небяспеку для нацыянальнай самасвядомасці. Нам заставалася абраць досвед заходняй цывілізацыі».

Вольга Хвоін, «Новы час»

Даведка «IК»

У справаздачы Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу» Беларусь заняла 57-е месца сярод 189 дзяржаў. У Расіі і Казахстана пазіцыі яшчэ горш: 62-е і 77-е месца адпаведна. Грузія ў гэтым рэйтынгу займае 15-е месца.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии