Здзек з гораду

0

Сяржук Кійко, супрацоўнік газеты «Кур'ер», стаў переможцам конкурсу «Народны журналіст» у намінацыі «Фота». Пры дапамозе фотаздымкаў Сяржук падняў праблему абыякавасці да помнікаў архітэктуры. «Праблема гэтая — у абыякавасьці мясцовай улады да старых будынкаў, якія зьяўляюцца помнікамі архітэктуры», — піша ён.

У «Народным журналісце» наш калега прымаў удзел першы раз.
«Аб яго правядзенні даведаўся ад знаёмых, а падрабязнасці прачытаў у інтэрнэце, — распавядае Сяржук. — Усяго на гэты конкурс я адправіў тры працы — два тэксты і адну фотападборку. Апошняя і перамагла».

Ведаць гісторыю

У тэксце «Гражданство без гражданина» Сяржук распавёў пра людзей, якія незадаволеныя сваім становішчам, ведаюць свае правы, але нічога не робяць, калі яны парушаюцца.

Реклама

У другім тэксце «Важные даты» распавядалася пра гістарычныя даты — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 лістапада) і Дзень герояў (27 лістапада). Яны, па меркаванні Сяржука, значныя для гісторыі. Але пра Дзень герояў, калі прынята ўспамінаць падзеі Слуцкага паўстання, мала хто ведае.

«У мяне засталося яшчэ некалькі ідэй, таму я збіраюся прымаць удзел і ў чарговым конкурсе, — адзначыў Сяржук Кійко. — А яшчэ мне хацелася, каб слуцакі больш звярталі ўвагу на гісторыю свайго краю і на тое, што адбываецца сёння вакол нас».

Анастасия Орловская

Прапануем вашай увазе артыкул-пераможца конкурсу.


Зьдзек з гораду

Вітаю цябе, чытач. Мяне зваць Сяржук. Я распавяду пра адну з шматлікіх праблемаў свайго роднага горада Слуцка. Праблему, актуальную таксама і ў іншых гарадох нашай любай Беларусі.

Праблема гэтая — у абыякавасьці мясцовай улады да старых будынкаў, якія зьяўляюцца помнікамі архітэктуры. Зразумела, што ў нашай гісторыі была такая жахлівая зьява, як бальшавізм, таму і помнікаў архітэктуры ў параўнаньні з заходнімі краінамі захавалася няшмат. Але і з таго, што засталося, працягваюцца зьдзекі, нібы тая жахлівая зьява нікуды не прападала.

Гэта я. Я — не прафэсійны фатограф. Я проста заўжды цікавіўся гісторыяй і культурай роднай краіны, таму для мяне гэтая праблема актуальная, як і для іншых случчан, якія хочуць бачыць свой горад прыгажэйшым і культурна багацейшым.

Фота: Юры Мяцельскі

Пойдзем ад малога да вялікага. Пачнем наш экскурс вось з гэтага будыначка. Нічога ў ім асаблівага няма, проста старая пабудова, дзе цяпер знаходзіцца ЖКГ раёну. Прыкладна месяц таму зрабілі, так бы мовіць, «касмэтычны» рамонт. Паставілі плястыкавыя вокны, перафарбавалі фасад з блакітнага колеру ў салатавы, дах пакінулі ранейшым. Затое не пакінулі ляпніну, унізе яе пазьбівалі. Незразумела, чым яна перашкаджала, але вокны выглядаюць ужо ня так прыгожа.

Фота: Сяржук Кійко

А вось гэты будынак з чырвонай цэглы стаіць побач, праз дарогу. Ён — стогадовай даўніны, пра што кажа каваная манаграма. Перад рэвалюцыяй тут знаходзіўся першы і, мабыць, апошні слуцкі… бардэль. Але мой аповед не пра тое. Гэты будынак стаў ахвяраю сапраўднага зьдзеку. Я не ўпэўнены, ці ёсьць разуменьне, што такое архітэктурна-гістарычная каштоўнасьць, у чалавека, які дазволіў зрабіць такі праект.

У тэму: «Забытая история столетнего дома», «Перемены коснулись столетнего дома в Слуцке».

Уласьніку, які вырашыў адкрыць у доме стаматалягічны кабінэт, дазволілі зрабіць уваход там, дзе было вакенца, а дзе раней быў уваход — цяпер глухая сьцяна! Нават зьліўную трубу разьмясьцілі побач з манаграмай. Якраз у той дзень я праходзіў побач і на свае вочы бачыў, як працоўныя лупяць кувалдаю па стагодзьдзях.

Фота з архіва "ІК"

Вось і атрымалася такая прыгажосьць у колеры дзяржаўнага сьцяга.

Фота: Сяржук Кійко

Крышку распавяду і пра асаблівую слуцкую каляровасьць. Апошнім часам у Слуцку сапраўдны трэнд — расфарбоўваць будынкі ў едкія, занадта яскравыя колеры. І вось вам такі «яскравы» прыклад.

Фота: Сяржук Кійко

Цяжка патлумачыць, чым выкліканы выбар менавіта такой фарбы, але для старога будынку, які сам па сабе прыгожы архітэктурнай выразнасьцю, я лічу гэта залішнім. Ды й пакуль ня чуў я ад гараджан станоўчых водгукаў пра гэткую «жаўтуху».

У тэму: «Фото-прогулка. Слуцк весёленьких расцветок», «Помнік, які чакае рэстаўрацыі«

На наступным фатаздымку мы бачым былую камэрцыйную вучэльню 1912 году, умела пераробленую мінулай уладай пад кансэрвавы завод. Перад нядаўнімі візытамі вышэйшых асобаў у наш горад гэтая старая пабудова была апранутая ў сетку, якую звычайна чапляюць падчас рэстаўрацыі, але, вядома ж, аніякай рэстаўрацыі тут няма. А сетка так вісець і засталася.

У тэму: «Слуцкае камерцыйнае вучылішча«

Фота: Сяржук Кійко

Неабыякавыя случчане наагул хвалююцца за лёс гэтага будынку. Некалькі гадоў таму ён патаемна быў пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, а гэта азначае, што дом больш не ахоўваецца дзяржавай. Завод жа cёньня нерэнтабэльны і хутка спыніць сваё існаваньне. Што будзе далей? Хаця б не зруйнавалі. І гэта не мае выдумкі, гэта цалкам магчыма. І зараз я вам распавяду пра падобнае.

Перад сьвятам «Дажынкі-2005», якое праходзіла ў Слуцку, ва ўладаў проста не знайшлося сродкаў на рэстаўрацыю арыгінальнага будынку былога земскага гарадзкога шпіталя, і ён быў зьнесены. Амаль на яго месцы цяпер знаходзіцца прыватная стаматалягічная клініка, якую можна было і побач пабудаваць.

У тэму: «Слуцкая бальніца: погляд у мінулае«

Фота: Сяржук Кійко

Нягледзячы на адмоўнае стаўленьне грамадзкасьці да такога рашэньня, яно ўсё ж было выканана. Быццам вярнулася савецкая ўлада, каб руйнаваць беларускую гісторыю ды адметнасьць. Быў стары будынак — дый няма яго. Сьведкі таго злачынства кажуць, што будынак быў не трухлявы і нібыта імкнуўся выстаяць пад моцнымі ўдарамі тэхнікі.

Далей самае цікавае. На наступным фатаздымку можна пабачыць складзкое збудаваньне слуцкага сыраробчага камбінату. З аднаго боку…

Фота: Сяржук Кійко

І зь іншага боку, калі ласка…

Фота: Сяржук Кійко

Увага! Так выглядае сёньня найстарэйшы будынак гораду! Вось так: будынак № 1 — гэта склад № 1. Перад намі рэшткі мураванага корпусу бэрнардынскага кляштару, пабудаванага ў 1770 годзе. Цяпер гэта проста вялікая белая сьцяна, калі глядзець з вуліцы. І невядома, ці будзе ў яго якая будучыня. Застаецца спадзявацца, што ён ня стане чарговай «стаматалёгіяй».

Невялічкая мая забава. Наляпіў на сьцяну тое, што заляпілі некалі бальшавікі. Магчыма, такія вокны калісьці ўпрыгожвалі гэты манастыр. Яны недзе там, глыбока, пад аздабленьнем.

У тэму: «Трэці помнік: без статусу і без аховы«

Фота: Сяржук Кійко

А вось самае істотнае ў гэтым усім што… аніводзін з названых будынкаў не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю! Некаторыя зь іх былі пад аховаю дзяржавы, але гэты прывілей быў пасьпяхова ў іх забраны.

Слуцак — стары горад з багатым мінулым, першая ўзгадка пра які датуецца пачаткам ХІІ стагодзьдзя, але ўсё ягонае культурнае багацьце бяздумна пахаванае за апошнія 80 год. З будынкаў, якія захоўваюць і нясуць у сабе дух старога адметнага гораду на Случы, засталіся лічаныя адзінкі. Як можна пераканацца, зьдзекі з нашага гораду працягваюцца і сёньня, быццам прывіды бальшавізму працягваюць сваю чорную справу.

Фота: Вікторыя Капская

А гэта ізноў я. Так я рэагую на пытаньне: «А ці ёсьць у вас у Слуцку што цікавага паглядзець?».

Сяржук Кійко

У тэму

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии