Суседзяў Бог падсяляе

0

Жыхары высотных дамоў у горадзе ведаюць, што суседзяў ім Бог падсяляе. Бо атрымаць кватэру не лягчэй, чым трапіць у рай. Таму Барыс Навумавіч адразу не цікавіўся, хто будзе суседзямі. А засяліўся — пазнаёміўся і ўзрадаваўся. Так у радасці і шчасці пражыў каля трыццаці гадоў.

А суседкі! Дзень адна без адной не маглі пражыць! Прыадчыняць дзверы ў калідорчык і па гадзіне стаяць, адна другой нешта вясёлае шчабечуць. Часам хто ўспомнiць, што на пліце нешта кіпіць, адвернецца ў кухню і зноў на парог.

Вось і дзеці параслі і разышліся. У суседа жывуць побач, у горадзе. Барыс Навумавіч зайздросціў яму, бо яго раз’ехаліся ў белы свет. Адзін сын недзе ў Сан-Францыску, вучоны. А другі ў Канадзе, таксама не дурань. Нядаўна прыязджаў у Еўропу наладжваць абсталяванне, да бацькі заглянуў.

Реклама

Завуць пераехаць за акіян, ды Барыс Навумавіч не адважваецца: не ведае мовы англійскай, ды з дачаю не развітацца. Пакінуў сын яму долараў — жыві бацька, а калі яшчэ спатрэбяцца, то кажы — у раз прышлём. Аб гэтым не раз расказваў суседзям, але ўсякі раз падкрэсліваў, што зайздросціць ім.

Усе слухалі, паддак­валі і радасць выказ­валі, як пашанцавала ім з суседзямі.

Нечаканы тэлефонны званок парушыў уклад жыцця Барыса Навумавіча. З Віцебшчыны тэлефанавала сястра яго жонкі — грыбоў процьма. А вакол Салігорска ані дожджыка — пра грыбы можна толькi марыць. Вось i сабраўся з жонкаю ў дарогу.

Ключ ад кватэры як заўсёды перадаў су­седзям: кветкі па­ліць, ды мала што можа здарыцца. Ад’ехаў на аўто да першай аўтазапраўкі і спахапіўся, што і грошы, і вадзіцельскія дакументы засталіся на стале. Давялося вярнуцца.

Жонку пакінуў у аўто каля пад’езда. Сам хутка падняўся на свой паверх, адчыніў дзверы ў калідорчык і здзівіўся: дзверы яго кватэры прыадчынены, з пакояў чуецца нейкая валтузня. Рашуча кінуўся ўперад.

У яго пакоі суседка спрабавала падняць на ногі мужа. Той войкаў ад болі, прасіў не чапаць. Каля яго валялася палічка з кнігамі і маленькі ўслончык. Барыс Навумавіч зразумеў: сусед зваліўся з услончыка, падаючы, хапіўся за полку і цяжка траўміраваўся.

«Што вы там лазіце, усе грошы на стале з дакументамі», — разгублена і вінавата сказаў гаспадар. — «Гэта яна. Кажа: «Шукай яшчэ», — скрыўлена прагаварыў сусед.
Барыс Навумавіч забраў са стала забытыя дакументы, павярнуўся і пайшоў.

Вярнуўся з Віцеб­шчыны з грыбамі нядзелі праз тры. У суседняй кватэры былі новыя жыльцы. Ад iх даведаўся, што былому суседу ў Мінску дактары паставілі металічны тазабедраны сустаў.
Якіх новых суседзяў прыслаў Бог Барысу Навумавічу, было яшчэ невядома.

Уладзімір Дамель

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии