Шалёная лiса

0

Сярэдзіна студзеня выдалася надзвычай халоднай. Але заядлых па­ляўнічых любое над­вор'е не палохае. Га­лоў­нае, каб трафеі былі, тым больш што і сняжку падсыпала, і сляды рознага звяр’я як на далоні. Тут, як адкрытая кніга, толькі чытай.

Вось заяц выпісвае свае петлі, а там лі­са, відаць, за зай­цам цікавала, заметваючы свой след хвастом-мятлою. Далей у лесе, дзе растуць векавыя дубы, сілкавалася сямейка дзікоў, падбіраючы апошнія жалуды. Пад старой высокай ялінай, якая ўвешана шышкамі, ляжыць шмат пацярухі з гэтых самых шышак. Відаць, вавёрка нядаўна адтрапезнічала. А што гэта за стук там, на высокай сасне? Дык гэта ж дзятлік, лясны доктар, выконвае свой абавязак. Заадно такім чынам здабывае сабе ежу, выкалупваючы з-пад кары розных жучкоў-караедаў.

У той паляўнічы сезон у сувязі са свінячай чумой паляўнічым быў дазволены адстрэл дзікоў. Па-першае, іх шмат развялося ў нашых лясах і яны наносяць вялікую шкоду сельскай гаспадарцы. За ноч адна свінячая сям’я можа «пералапаціць» трыд­цать сотак бульбяного поля. Па-другое, могуць падкінуць «свінячай заразы» у свінагадоўчыя гаспадаркі.

Реклама

У гэты раз хлопцам-па­ляў­нічым пад­фар­ціла. Падстрэлілі двух падсвінкаў, пудоў па пяць кожны, і старога мацёрага кныра. Мяса пасля праверкі было раздзелена. Кожнаму з паляўнічых дасталося па паўкабана.

Лявон перакруціў усё на фарш, і на шасце над печчу красавалася больш за трыццать каўбас, як у народзе кажуць, пальцам піханай. Па хаце віраваў пах ад прыпраў.

Адчыніліся дзверы, на парозе стаяў узрушаны сусед Мікола, таксама заядлы паляўнічы.
«Лявон, у цябе па агародзе ліса гуляе». — «Ды ну», — не паверыў сусед, але падхапіўся. Дас­таў з жалезнага сейфа сваю «вертыкалку» і, накінуўшы на плечы кацавейку, выскачыў на двор. Мікола за ім.

Паляўнічыя саба­кі ірваліся з лан­цугоў, ­мабыць, па­чулі лісу. Лявон выглянуў з-за дрывятніка, і сап­раўды каля куста парэчкі стаяла рыжая.
Хіба яна не чуе, як сабакі надрываюцца, неш­та тут не так. Лявон прыцэліўся — выбух. Лі­су падкінула ўгору. Па­дышоў да лісы, яна ўжо не дыхала, але навучаны горкім вопытам, ён крануў яе ствалом і ўбачыў на мордзе лісы крывавую пену. Падбег і Мікола. «Ну як трафей?» — але ўбачыўшы лісу, сказаў: — «Не чапай рукамі, загарні віламі ў цалафан і адвязі яе ў вет­санэпідэмстанцыю. Здаецца мне, што яна хворая…»
У санэпідэмстанцыі лі­су забралі, а праз два тыдні Лявона вызвалі і сказалі: «Ліса сапраўды была хворая — дыягназ падцвердзіўся. Вы яе не чапалі голымі рукамі? Бо гэта хвароба, шаленства.

Малюнак: Вера Шут

Былі выпадкі сярод паляўнічых нават са смяротным зыходам пасля таго, як шалёная ліса пакусала яго. Калі б ён адразу ж звярнуўся за дапамогай, застаўся б жыць".

Лявон ажно схамянуў, бо на ўспамін прыйшоў адзін выпадак.
Два гады таму назад на паляванні яго сабакі выгналі лісу. Лявон яе падстрэліў. Падышоў да яе, паторкаў ствалом ад ружжа — мёртвая. Узняў за хвост, сабакі падбеглі і пачалі кідацца на мёртвую лісу. Аказалася рыжая была толькі параненая. Яна пачала выкручвацца і цапнула Лявона за руку. Аб гэтым паляўнічы і расказаў док­тару.

«Вось бачыце, тады трэба было адразу ісці да док­тара. А калі б яна была хворая? Мы з вамі сёння ўжо не размаўлялі б, вам проста пашчасціла. Трэба быць больш агляднымі. Пра гэты выпадак раскажыце сваім сябрам-паляўнічым, каб мелі на ўвазе і не рызыкавалі сваім жыццём».

Мiкола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии