Сёння ў пятніцу, 19 снежня, па самым цэнтры Слуцка хадзіў Дзед Мароз, які запрошваў случчан на кірмаш, што ў гэтыя дні праходзіць у ГДК. Не толькі на яго кліч звярталі ўвагу мінакі, але і на той пазітыў, які ён выпраменьваў. Нехта яго фатаграфаваў, а нехта падыходзіў і рабіў здымкі разам з ім. Збольшага моладзь. І кожны атрымліваў ад Дзеда Мароза добрае слова.

Дзед Мароз, ён жа Мікола Котаў, — жыхар Мінска, прафесійны балетмайстар-пастаноўшчык Белдзяржфілармоніі, які цяпер на пенсіі.
«Завуць мяне Мікалай. Сёння па народным календары зімовы Мікола. Такое вялікае свята. Як кажуць, у нас два Міколы — адзін галодны, другі халодны. Я хаджу па галоўнай вуліцы Слуцка, каб парадаваць людзей. Сумнае надвор’е, але ж усміхаюцца людзі, дзякуюць за тое, што я ёсць сёння. А гэта ўжо значыць добра.
Хай бы наш беларус заўсёды ўсміхаўся і жыў здаровы, багаты — і духоўна, і душэўна, і на грошы», — сказаў Мікалай Котаў у размове з карэспандэнтам газеты «Кур’ер».
Некалі Мікалай працаваў у Доме культуры пастаноўшчыкам у хоры ветэранаў.
«Са Слуцкам сувязь ёсць, у горадзе мне і знаёмыя сустракаюцца», — дадаў суразмоўца.
Алесь Дастанка