Свята «Дажынкі–2014» Салігорскага раёна, што праводзілася 6 верасня ў вёсцы Крывічы, было ў разгары. На сцэне артысты танцавальнага ансамбля «Харошкі» адкручвалі польку.А каля плота цераз дарогу ад сцэны, у цяньку на лавачцы, сядзела з кіёчкам старэнькая бабулька, ў такт музыцы шавяліла плячуком і адстуквала палкай. Яна сама сабе ўсміхалася і быццам нешта спявала.
Я дачакаўся, калі скончыцца танец, каб не парушыць вясёлы настрой пажылой жанчыны, і падышоў, каб зрабіць фотаздымак.
«Завуць мяне Вольга Лаўрэнцьеўна Скалабан. Мне 94 гады, жыву ў хаце адна, – распавяла мая новая знаёмая. – Дапамагае дачка, якая жыве ў Салігорску. Я тут ў Крывічах нарадзілася, пражыла да гэтых гадоў, працавала ў калгасе». Размаўлялі мы з ёй пра нялёгкую працу на зямлі, пра святы, пра тое, якімі былі яны ў гады яе маладосці.
Высветлілася, што самым памятным святам у жыцці бабулі Вольгі былі пасляваенныя дажынкі. Тады яна з сяброўкамі адправілася ранкам у поле на жніво з адным дзіцём, а вярнулася ўжо з двума. «Там у полі я і нарадзіла», – сказала яна.
Потым змоўкла, успамінаючы аб нечым сваім. Пасля паўзы працягнула: «Заўсёды была я вяртлявай танцоркай, любіла спяваць прыпеўкі. А сёння ладзяць дажынкі, на якіх танцуюць артысты. У хаце застацца не змагла».
Уладзімір Дамель
