Каціная вернасць

0

Летнім ранкам Уллянка, жанчына ўжо не бальза­каўскага ўзросту, выйшла на ганак і па звычаю акінула поглядам сваю гас­падарку. Перакінуцца сло­вам не было з кім ­— жы­ла адна і будучае яе не цешыла. Думкі былі больш аб мінулым, як ва ўсіх старых людзей.

У маладосці яна была нядрэннай швачкай, абшывала ўсіх вясковых дзяўчат і жанчын, нават гарадскія модніцы былі частымі гасцямі. Адзіноцтва Уллянка не адчувала. Хата гаспадыні ператваралася ў месца, дзе чуліся песні, заводзіліся раманы, танцулькі пад патэфон.

Моладзь тут праходзіла школу наладжвання ўза­е­маадносін, кахання, рэў­насці, сталення, перамог і расчараванняў. Уллянка была аўтарытэтам для маладых і лепш за любога настаўніка дапамагала вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у юнацкім узросце.

Реклама

Сваю ж гісторыю кахання адганяла ад сябе і ў думках, і ў бяссоных начах. Хлопец, якога яна пакахала, здрадзіў ёй з лепшай сяброўкай. Пасля гэтага ўжо не змагла аддаць свае пачуцці каму іншаму.

Цяпер у хату Ул­лянкі ніхто не заходзіў, з чым старая паціху змірылася. Зараз яе цешылі дзве кошкі, Бася і Кася, якіх падабрала яшчэ кацянятамі. Прывязалася да іх і з асалодай назірала за кашачымі гульнямі і адданасцю адна другой. Што яны толькі не выраблялі: дурэлі, лазілі па дрэвах, бегалі, цешылі сваю гаспадыню. Так бы доўжылася і далей, але…

Завіхаючыся ў хаце, Ул­лянка раптам па­чу­ла нязвыклае злоснае мяўканне сваіх кошак і незнаёмы пісклявы брэх сабачаняты. Выскачыла на ганак і ўбачыла жахлівую карціну: дзве яе любіміцы скакалі, уздыбіўшы поўсць, перад рыжым камяком, які аказаўся маленькім шчанём.

Уллянка прагнала кошак у хату, затым падняла сабачанё. Той уткнуўся мокрым носам да грудзей сваёй збавіцельніцы і жалобка заскуголіў. Жанчына ад гэтага дотыку адчула такую асалоду, якой не ведала ўжо шмат гадоў. Гэта было, мабыць, штосьці большае, чым нават мацярынская любоў ­— яе Уллянка ніколі не адчувала. Бездапаможная істота зараз шукала абароны.

Пра шчанё ніхто ў вёсцы не пытаўся, і старая гэтаму вельмі радавалася. Яна назвала па-новамоднаму — Баксам, ці, як ёй больш падабалася, Баксікам. Слова «бакс» яна пачула ў горадзе. Так багатыя, як ёй здавалася, маладыя мужчыны называлі амераканскія «рублі».

Час ішоў. Баксік звыкся і нават пачаў есці разам з кошкамі. Гэты ілюзорны мір доўжыўся нядоўга. Неяк, прыбіраючы ў хаце, жанчына пачула з двара шыпенне, скугольванне і піск.

Старая выглянула ў вакно і апруцянела: дзве кошкі калашмацілі Баксіка, і ад яго ляцела рыжая шорстка. Шчаня, убачыўшы Уллянку, так жаласліва глядзела на яе, што ў той сэрца скалыхнулася ад ўнутранага болю і злосці адначасова. Жанчына адагнала кошак і забрала Баксіка ў хату. Там ён супакоіўся і прыціх на мяккім крэсле.

Сэрца ж Уллянкі калацілася ад гэтай няўдзячнасці і здрады. Здрады ёй, якая ўсю сваю цеплыню аддавала гарэтным істотам.

Уллянка выйшла на вуліцу. Непадалёку жыў Іван, чалавек нявызначанага ўзросту. Ён за пэўную плату ці, як казалі аднавяскоўцы, «поўную пляшку» выконваў працу, што нямоглым старым была не пад сілу. «Іван! Бяры мяшок і звязі маіх супастатаў-катоў падалей ад маіх вачэй. Зусім жыцця не даюць Баксіку!» — прапанавала яна суседу. Мужык, не ўнікаючы ў падрабязнасці, паклаў на багажнік ровара дзяжурны мех і пайшоў услед за Уллянкай. Гэта ж не гной выкідваць. Такі падробак яму быў па душы.

Кошкі спакойна далі ўзяць сябе на рукі. Яны падумаць не маглі, што іх карміліца можа зрабіць нешта дрэннае. Тая ж засунула бедалаг у мяшок і пайшла ў хату. На душы яе адразу ўзнікла палёгка: нарэшце Баксік зажыве без трывогі і страху. Уллянка не магла налюбавацца на свайго любімчыка. Радасці гэтай не было канца — так ей здавалася…

Праз колькі дзён у старой пачаў нарастаць нейкі неспакой, у галаву лезлі пакаянныя думкі: «Божа мой, што я нарабіла!» Гляне на крэсла — няма двух камячкоў, гляне на парог — зноў чагосьці не хапае. Яна хадзіла па наваколлі і клікала сваіх Басю і Касю — усё ў пустую. Іван бажыўся, што выкінуў іх за некалькі кіламетраў. Ужо і Баксік яе не радаваў, бо часта жалобна скуголіў, як быццам адчуваў сваю віну перад гаспадыняй. Уначы старая з трывогай уставала з ложка і выходзіла на двор. Так доўжылася больш за тры нядзелі.

Вось і на гэты раз Уллянка выйшла на ганак яшчэ прыцемкамі. Тое, што яна ўбачыла, ускалыхнула ўсё нутро: на лаўцы сядзела яе старэйшая Бася і звыкла аблізвала шорстку. «Бася! Басечка!» — жанчына кіну­ла­ся да кошачкі. Ёй здавалася, што жыццё зноў заіскрылася вясёлкай: «А дзе ж твая сяброўка?» Бася разумнымі вачыма глянула на Уллянку, пацерлася вусатай пыскай, саскочыла на зямлю — толькі яе і бачылі… Усё гэта было настолькі нечаканым, што старая не магла крануцца з месца. Няўжо Бася прыходзіла, каб назаўсёды развітацца з ёю?

Надвячоркам жанчына пайшла па­кар­міць сабачанё. Усплеск бурнай радасці зноў ахапіў яе — на парозе сядзелі Бася з Касяй і спакойна, нібы нічога не здарылася, вылізвалі адна другую, ды з такім імпэтам як бы даючы зразумець: тое, што было, ужо прайшло, мы прабачаем і па-ранейшаму любім цябе, наша карміліца.

Людміла Аляксеева, в.Сярагі
Дзядзька Алесь, а.г.Грэск

Малюнак: Вера Шут

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии