Цуд «Блакітнай» крыніцы

0

Наступіў сезон адпачынку, традыцыйны для кожнага лета. І калі вашы магчымасці - фінансавыя або працоўныя — не дазваляюць пакінуць краіну, ці адсутнічаць больш за некалькі дзён, прапаноўваем увазе маршрут, які задаволіць скарыстаць кароткі час для карыснага адпачынку.

Фото: Дарья Василькова
Фото: Дарья Василькова
Дагэтуль мяркуеце, што блакітная, сцюдзёная, празрыстая крынічная вада, якая лечыць раны і прыносіць палёгку любому, хто да яе дакрануўся, бывае толькі ў чароўных казках? А вось і не. Такі цуд існуе! Больш таго, знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а дакладней, у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.

Легенда

Даўно гэта было. Па берагах Сожа, дзе зараз Слаўгарад, жыло племя багатыроў. Увосень пасваталіся да прыгажуні Кацярыны жаніхі -Сцяпан і Марк. Сцяпана любіла дзяўчына, але ён быў не такі дужы, як Марк. І каб не забіў каханага пакрыўджаны адмовай Марк, Кацярына сказала, што пойдзе замуж за таго, хто далей кіне валун. Нялюбы хлопец кінуў камень якраз туды, дзе зараз вёска Кліны. Слабейшы Сцяпан кінуў не так далёка. Зразумела дзяўчына, што не быць ёй з каханым. І сказала: «Чым з нялюбым быць, лепш людзям вадой пайду служыць». Пераўтварылася ў ваду і знікла ў зямлі. А недалёка ад Сожа прабілася Блакітнай крыніцай. І вада ў той крыніцы блакіту вачэй дзявочых…

Рэлігійная значнасць

Славяне да канца Х стагоддзя заставаліся язычнікамі. Яны верылі, што ўсімі з’явамі прыроды кіруюць звышнатуральныя сілы — багі. Усходнія славяне абаслаўлялі неба, сонца, ваду, дрэвы, расліны, якія мелі, па іх уяўленням, цудоўныя якасці. Пасля прыняцця хрысціянства язычніцтва не знікла зусім, яно прыняла крыху іншую форму. Так, каля святых калодзежаў і крыніц хрысціянскія святары праводзілі набажэнствы.

Реклама

На працягу стагоддзяў існуе традыцыя асвяшчэння вады з «Блакітнай крыніцы» 14 жніўня, у дзень свята «Макавей». Кажуць, што некалі стаяла на сваях каля крыніцы царква Уселітасцівага Спаса, Прысвятой Багародзіцы і сямі дахрысціянскіх пакутнікаў - братоў Макавеяў. Лічылася, калі хворы чалавек прыйдзе ў гэты дзень пешшу да святой крыніцы і тры разы перайдзе яе воды, то вылечыцца ад усіх хвароб.

У часы існавання СССР, калі рэлігія была пад забаронай, свята «Макавей» таксама забаранялася. Але людзі з усіх канцоў вялікай краіны ішлі да святой крыніцы, нягледзячы на магчымыя непрыемнасці. Зараз святочнае паломніцтва да крыніцы мае арганізацыйны характар. А капліцу, зруйнаваную ў 1917 годзе, аднавілі.

Навуковы погляд

Цудадзейныя якасці крыніцы можна растлумачыць і з погляду навукі. У святой вадзе прысутнічае добрая палова элементаў з хімічнай табліцы Мендзялеева. Так, гідракарбанат, кальцый, крэмніевая кіслата, сульфат, магній, натрый, хлор, калій, стронцый, фтор … — гэта далёка не поўны іх спіс. Хімічны склад вады знішчае амаль усе мікробы. Тэмпература вады пастаянная на працягу ўсяго года і складае +5 градусаў па Цэльсію. Зімой яна не замярзае, а летам не награваецца. У мінулым жыхары вёскі Кліны выкарыстоўвалі ваду з ручая ў якасці халадзільніка: прадукты, якія паклалі туды, не псаваліся. Значнасць крыніцы падцвярджае і тое, што яна з’яўляецца помнікам прыроды Рэспубліканскага значэння і ахоўваецца законам.

Свята

Паломніцтва да «Блакітнай крыніцы» 14 жніўня штогод набывае масавы характар. Гэта самае маштабнае па колькасці гасцей мерапрыемства ў Слаўгарадскім раёне. Акрамя жыхароў нашай краіны, на свята «Макавей» прыязджаюць вернікі з Германіі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Польшчы, Украіны, Расіі і іншых дзяржаў. З самага ранку бясконцы паток машын рухаецца праз пантонны мост на рацэ Сож да вёскі Кліны. Становіцца па-сапраўднаму шкада супрацоўнікаў міліцыі, якія кіруюць працэсам руху аўтамабіляў праз мост на працягу ўсяго дня і у спёку, і падчас дажджу.

Крынічная вада ў гэты дзень, лічыцца, набывае сапраўдныя цудадзейныя якасці і вылечвае ад хвароб. Да таго ж, яе тут жа асвяцаюць, а ў капліцы вядзецца царкоўная служба.

Для зручнасці набора вады, якую людзі ў розным посудзе потым забіраюць з сабой, пабудаваны спецыяльныя спускі. Па звычаі трэба тры разы прайсці праз ручай, які выцякае з крынічкі. Месца, дзе паломнікі яго пераходзяць, таксама абсталявана пірсам.

Каля крыніцы пабудаваны альтанкі для адпачынку. Побач хапае месца, каб распаліць вогнішча, падсілкавацца і ўсталяваць палаткі. Навакольныя краявіды вартыя пэндзля мастака — прыгажосць месца гэтага сапраўды заслугоўвае.

Яшчэ адзін маленькі (калі так можна сказаць на валун) цуд -гэта «Маркаў камень». Так-так. Той самы, які нялюбы Марк кінуў па загаду Кацярыны. Існуе яшчэ адзін міф: да каменя трэба дакрануцца і загадаць самае запаветнае жаданне. Кажуць, што яно абавязкова збудзецца.

У гэты ж дзень вернікі адзначаюць першы, Мядовы Спас. Таму мёд тут карыстаецца попытам. Побач з крынічкай шырока разгорнуты гандаль. І галодным не застанешся, і мядку не забудзеш набыць. Свята заканчваецца позна вечарам, калі ўсе жадаючыя ўжо паспелі дакрануцца да святой вады і паспрабаваць яе на смак. А ён дарэчы, незабывальны.

Некалькі «але»

Першае, і, бадай, самае непрыемнае — гэта тое, што знаходзіцца крынічка каля былой вёскі Кліны, адселенай пасля аварыі на ЧАЭС. Менавіта таму крыніцы нельга надаць вялікае гаспадарчае значэнне, і, напрыклад, пабудаваць каля яе санаторый. Другое. Пантонны мост праз Сож перакінуты толькі з вясны па восень уключна, таму зімой «Блакітную крыніцу» убачыць складана. І трэцяе. Гэта вялізная аўтамабільная чарга 14 жніўня. Загадзя падрыхтуйцеся да таго, што пераправіцца праз пантонны мост у гэты дзень, у лепшым выпадку, атрымаецца праз паўгадзіны.

P. S. Як дабрацца

Ехаць трэба ў веску Кліны. На ўласным аўто зручней за ўсё ехаць праз Ст. Дарогі - Бабруйск — Рагачоў. Наступным будзе Слаўгарад. Паўсюль размешчаны ўказальныя знакі, а калі ёсць навігатар — заблудзіцца наогул будзе цяжка. Не саромейцеся пытаць дарогу да Блакітнай крыніцы ў мясцовых жыхароў - яны з задавальненнем яе пакажуць. Што датычыцца тых, каму не пашчасціла мець уласнае аўто: параю знайсці сайт Слаўгарадскага выканкама і загадзя запісацца на экскурсію. Хутчэй за ўсё, дабірацца прыйдзецца праз Мінск (маршрут Мінск-Клімавічы, адпраўленне з аўтавакзала «Усходні»), або Магілёў. Дарэчы, на сайце вакзала можна даведацца наконт патрэбнага маршрута падрабязней.

Даша Васількова

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии