Трэці помнік: без статусу і без аховы

2

У Слуцку, у горадзе амаль з 900-гадовай гісторыяй, самымі старымі помнікамі архітэктуры з`яўляюцца будынкі XVIII стагоддзя. І засталося іх усяго тры. Два з іх добра вядомыя случчанам — Свята-Міхайлаўскі сабор і Дом дваранскага сходу. Трэці не толькі абдзелены ўвагай, а нават не мае ніякага статусу. Гэта значыць, што ён можа быць знішчаны ў любы момант.

Размова ідзе пра будынак жылога корпуса былога бернардзінскага манастыра, які знаходзіцца ў самым пачатку вуліцы Чырвонаармейскай і з`яўляецца часткай маслабазы.

Сучасны выгляд аднаго з самых старых помнікаў горада.
Сучасны выгляд аднаго з самых старых помнікаў горада.
Графіка: Сяргей Грынюк
Графіка: Сяргей Грынюк

Рабіць высновы

Яшчэ сто гадоў таму ў Слуцку налічвалася каля двух дзясяткаў збудаванняў культу. Акрамя іх было шмат іншых старадаўніх пабудоў, якія стваралі аблічча Слуцка. Уявіць сабе толькі, як выглядаў бы горад на Случы, калі б усё гэта захавалася.
Пытанне аховы помнікаў паўстае яшчэ вастрэй, калі асвяжыць у памяці падзеі, якія адбываліся пры падрыхтоўцы да «Дажынак». Тады Слуцк згубіў дарэвалюцыйны дом камерсанта Файнберга (ён знаходзіўся па адрасе: вуліца Леніна, 102) і будынак земскай бальніцы (зараз на тым месцы знаходзіцца прыватная стаматалогія).

Бальніца была адкрыта больш за 170 гадоў назад. Салідны ўзрост не абараніў яе ад зносу. Хто ведае, што будзе з адным са старэйшых помнікаў горада, калі, напрыклад, маслабазе гэты будынак будзе непатрэбны? Ды і ці маем мы права паўтараць тыя ж памылкі: згубіць частку каштоўнай спадчыны, а потым бедаваць з гэтай нагоды? Трэба рабіць высновы.

Графіка: Сяргей Грынюк
Графіка: Сяргей Грынюк

Гісторыя будынка

Гісторыя слуцкага кляштара бернардзінцаў бярэ пачатак яшчэ ў XVII ст. Тады, у 1661 годзе, манахі-бернардзінцы прыбылі ў Слуцк з Нясвіжа і былі аднымі з першых манахаў-каталікоў, якія прыйшлі на слуцкія землі. Яны ўжо мелі ва ўласнасці зямельны ўчастак, які знаходзіўся на беразе Случы, насупраць старога замка. Гэтыя землі ім перадаў мазырскі стараста Самуэль Аскерка, папярэдне выкупіўшы іх з дазволу слуцкага князя Багуслава Радзівіла.
Спачатку бернардзінцы ўзвялі на падоранай зямлі капліцу, а ў 1734 годзе на тым жа месцы былі пабудаваныя драўляныя будынкі кляштара і касцёла. Па адных крыніцах, каменны будынак манастыра пачаў будавацца ў 1770 годзе, па іншых — у 1793-м. Менавіта ён і застаўся да нашых часоў.

Будынак былога кляштара бернардынцаў. 1950-я гады.
Будынак былога кляштара бернардынцаў. 1950-я гады.

Усцінаўская, Казачая, Чырвонаармейская

У 1810-ыя гады драўляны касцёл згарэў, а замест яго быў пабудаваны цагляны. Пасля паўстання 1832 года, якое падтрымлівала значная колькасць каталіцкіх святароў, слуцкі бернардзінскі кляштар быў зачынены, бернардзінцаў перавялі ў Нясвіж, а праз 30 гадоў яны наогул спынілі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.
Касцёл пасля закрыцця быў ператвораны ў праваслаўную царкву, а манастыр выкарыстоўваўся як казарма рускіх казакоў. Гэта стала падставай для змены назвы вуліцы з Усцінаўскай на Казачую.

Реклама

Пасля таго як войскі пакінулі горад, храм апусцеў. У 1852 годзе касцёл вярнулі каталікам. Службы ў ім праходзілі да 1933 года. У пачатку 1950-х ён быў знесены.
У былым манастырскім будынку пасля рэвалюцыі знаходзіўся павятовы ваенкамат. Пазней там быў арганізаваны ваенны шпіталь, што зноў стала падставай для змены назвы вуліцы з Казачай на Чырвонаармейскую.

Падчас Другой сусветнай вайны немцы прыстасавалі шырокія сутарэнні кляштара пад бамбасховішча. Пасля вызвалення горада ў будынку абсталявалі маслабазу, якая знаходзіцца там да цяперашніх часоў, а ў другой палове ХХ стагоддзя ў склепе манастыра быў знойдзены нямецкі архіў перыяду Другой сусветнай вайны.

Слуцкія бэры і сэрца Гераніма

Манахі-бернардзінцы ўнеслі нямалы ўклад у фарміраванне гістарыч-ных брэндаў Случчыны. Менавіта яны вывелі знакамітую слуцкую бэру. Па сведках барона Стаэль, які апісаў Слуцк 1820−1840-х гадоў, гэтую грушу мясцовыя жыхары называлі бернардзінкай.
А вось ў касцёле, па ўспамінах сучаснікаў, яшчэ ў канцы XIX ст. захоўвалася спецыяльная скрыначка з сэрцам князя Гераніма Радзівіла. Памёр ён у Польшчы, там і быў пахаваны, аднак сэрца яго прывезлі ў Слуцк, які ён вельмі любіў.

Вольга Шуманская

Ігар Ціткоўскі гісторык, краязнавец: Помнікі звязваюць сучаснага чалавека з мінулым

У старых гарадах не толькі будынкі, але і нейкія часткі мура, старыя камяні з`яўляюцца гістарычнымі помнікамі. Гэтым захоўваюцца фрагменты тапаграфіі і тапанімікі. На жаль, у Слуцку засталося вельмі мала гэтых гістарычных артэфактаў. Нават фрагменты будынкаў XII-XIII стагоддзяў, якія адкрываліся падчас раскопак на Замкавай гары, таксама знішчаны.

Справа ў тым, што ў будаўніцтве, архітэктуры мяняюцца тэхналогіі, матэрыялы. І тое, што рабілася некалі, зараз не паўторыцца: сама кладка, планіроўка ўнікальныя. Зараз ў некаторых гарадах спахватваюцца, аднаўляюць некалі існаваўшыя помнікі, але ўсё роўна гэта навабуд, імітацыя. Калі мы маем аўтэнтыку, вялікае значэнне атрымлівае яе ахова, у якім бы стане яна не знаходзілася.

Помнікі звязваюць сучаснага чалавека з мінулым. Мінулае — гэта не проста камяні, гэта людзі, якія тут жылі, гэта твае продкі. Гэта тое, што зроблена іх рукамі. Уся цывілізацыя заснавана на сувязі з мінулым. Калі ўзяць жывёл, то кожнае пакаленне нараджаецца, атрымлівае навыкі, неабходныя для выжывання, і памірае, так і не ведаючы мінулага сваіх продкаў. Чалавек жа адчувае сябе звяном у ланцугу пакаленняў. Захаванне звестак пра мінулае з`яўляецца асновай цывілізацыі. Калі мы гэта абрываем, усё пачынаецца спачатку.

Даведка «ІК»

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь сярод слуцкіх будынкаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, пералічаны: комплекс паштовай станцыі (сярэдзіна XIX стагоддзя), будынак былога Дома дваранскага сходу (XVIII стагоддзе) і Міхайлаўская царква (другая палова XVIII стагоддзя). Дарэчы, у тым самым спісе па Салігорскаму раёну значыцца помнік Леніну 1979 года, а слуцкі кляштар бернардзінцаў - адзін са старэйшых будынкаў горада — не.

Раней:

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Ленинец-Буддист
Ленинец-Буддист
18 июня 2014 11:47

Думаю, если бы эта статья вышла раньше, то постройку бы и порушили раньше. Просто не знал никто. Спасибо автору от всего бульдозерного цеха.

В уцелевших усадьбах лишь малость,
бывшей жизни былой уголок —
потолочная роспись осталась,
ибо трудно засрать потолок.
(И. Губерман)

ingenegr
ingenegr
18 июня 2014 17:42

Очень интересная статья. Только забыли указать, что с начала оккупации в 1941 г и до, как минимум, 1947 г. Красноармейская называлась Глухой.