Піліпаўская туга

0

Што стала рабіцца ў яе душы, Марына Міхайлаўна сама сабе не магла растлумачыць. Калі ў светлы дзень яшчэ неяк цярпелася, то з наступленнем вечара яна гатова была бегчы невядома куды, бо заставацца адной у трохпакаёвай кватэры станавілася страшна. Тады навальвалася невядома адкуль жалоба, якая застаўляла яе плакаць. Яна плакала, не разумеючы, ад чаго і па чым плача.

У доўгія ночы перабірала ў памяці сваё жыццё. Муж чамусьці не вытрымаў сямейнага жыцця і дзесяці гадоў, пакінуў яе з дзвюма малымі дачушкамі. Гонар за сябе — не горшая за другую — застаўляў працаваць за дваіх. Дачушкі выраслі, свае сем'і, жывуць у другой дзяржаве, прыязджаюць рэдка.

Неяк з работы прапанава­лі пуцёўку ў мясцовы пра­філакторый. Амаль штовечар танцы, а яна не стаяла пад сцяной, калі грала музыка, заўсёды запрашалі мужчыны на танец. У адным танцы пазнаёмілася з мужчынам са свайго горада. І ўсе астатнія дні ў прафілакторыі праляцелі весела.

Реклама

Ён часта забягаў да яе, тэлефанаваў. А калі пра сустрэчы з ёю стала вядома яго жонцы, яна адказала ёй з гонарам: «Забяры, прывяжы да сваёй спадніцы». Часта думала, ці правільна робіць, дазваляючы сабе гэтыя сустрэчы. «А тая дазволіла, забрала», — адказвала сабе і сумленне супакойвалася.

Гэтак цягнулася не адзін год. Неяк прыходзіць ён да яе засмучаны, сеў ля стала не распранаючыся і кажа: «Жонка мая цяжка хворая». «Выздаравее, з жанчынамі бывае гэта», — смяючыся, адказала яна. Але ён падняўся і пайшоў. А хутка яго жонка памерла.

Доўга з ім яна не сустракалася. Стала шукаць сустрэчу. Для гэтага хадзіла ў той магазін, што быў побач з яго домам. Разлік быў правільны. Сустрэла яго пры выхадзе з магазіна з торбаю ў руках. «Прыходзь палуднаваць. Мо кормішся ў сухамятку?» — пыталася. Ён стаяў, апусціўшы галаву. «Схуднеў. Адзін жывеш? Прыходзь».

У поўдзень патэлефанавала, што абедаць прыгатавана. З гэтага дня ён зноў стаў заходзіць, але нешта яго стрымлівала ў адносінах да яе. Неяк прапанавала застацца на ноч, ён адказаўся: «Будзе тэлефанаваць дачка».
Так цягнуліся дні, годы. Не раз пытала сябе: «Хто ён мне? Муж? — Не, не муж! Гасцявы любоўнік!» Ад пры­думанага стала смешна.

Гасцявы любоўнік прыхо­дзіў рэдка. Стаў з вудай хадзіць на водасховішча. Часам прыносіў улоў да яе. Тады разам гатавалі юшку. Гэтыя прыходы ра­давалі. Яна станавілася спакойнай і задаволенай: ёсць аб кім клапаціцца. Не раз прапанавала яму перайсці да яе, але гасцявы любоўнік аднекваўся, вяртаўся ў сваю кватэру.

Яго смерць для яе была нечаканай. Чаму пасля смерці жанчыну апанавала цяжкая туга? Хадзіла па вуліцах горада, часам сустракаліся знаёмыя. Тыя хваліліся сваімі ўнукамі, ёй хваліцца не было чым. Вярталася да сабе ў кватэру, станавілася тужліва, пачынала плакаць.

Чым ночы станавіліся даўжэйшымі, тым больш было нудна і цяжка. Гэта Піліпаўка, а ў Піліпаўку воўк нема вые. Не, выць яна не будзе. Ранкам пайшла ў прафілакторый прасіць пуцёўку.

Чатыры з паловай міль­ёны плаціце і, калі ласка, прыходзьце. Пакуль праходзіла медыцынскі агляд, туга некуды прападала.

Але ў прафілакторыі не было таго, што раней. Маладзешыя яе абходзілі, а равеснікаў мужчын было нямнога. І тыя вечарамі кучкаваліся і пілі гарэлку. Прабыла чатырнаццаць дзён і вярнулася ў сваю кватэру. Пужалася прыходу ночы, такой страшнай стала адзінота. Хоць Піліпаўка прайшла, але туга не знікала.

Зазваніў тэлефон. Здзіў­лена, хто б мог у позні час тэ­лефанаваць, пайшла да тэлефона. «Прабач, што позна, — гаварыла яе былая аднакурсніца, якая жыла ў вёсцы. — Піліпаўская туга не дае супакою. Дажыць бы хутчэй да вясны. У хаце сем градусаў цяпла, страшна схадзіць у хлеў па дровы».

Марына Міхайлаў­на не чула, аб чым далей гаварыла яе знаёмая, але бачыла занесены снегам двор, а там за агародам цёмны лес.
«Заўтра да поўдню каб была гатова да ад’езду. Я прыеду па цябе на таксі, зіму будзем тужыць разам. Усё вырашана, не аднеквайся», — адказала яна і паклала трубку.

У гэтую ноч упершыню спала спакойна. Заўтра забярэ да сябе адзінокую жанчыну, будзе аб кім клапаціцца.

Уладзімір Дамель

140515-tuga

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии