Генадзь Раманаў: «Чыноўнікам трэба даказваць, што я не дурань»

6

Гэты чалавек працуе на зямлі з 1994 года. Як змянілася жыццё селяніна за гады праўлення Лукашэнкі, навошта дзяржаве патрэбныя калгасы і што ён параіў бы міністру сельскай гаспадаркі — пра гэта карэспандэнту «ІК» і «Салідарнасці» распавёў фермер са Случчыны Генадзь Раманаў.

У сваім жыцці Генадзь Раманаў чым толькі ні займаўся: працаваў на абаронцы, майстрам у прафтэх-вучылішчы, будаўніком, гандляваў — вазіў цыгарэты і спірт. Кажа, задавальнення сабой і сваёй справай гэтыя заняткі не прыносілі. І аднойчы ён вырашыў, што будзе жыць з зямлі, і паехаў да цесця ў вёску пад Гродна.

— Гэта было ў 1994-м, — узгадвае Генадзь. — Мой сябар звёў мяне з чалавекам, які закончыў фермерскія курсы і аб`ехаў усю Еўропу. «Фермер — гэта чалавек!» — пераконваў ён.
Мне спадабалася тое, чым я займаўся. Гэта было сумленна. Памятаю, калі працаваў перакупшчыкам мяса, мяне здзіўляла, як мае калегі хваліліся, што падманваюць сялян. Яны называлі іх «калгаснікі». Мне было сорамна, а яны ганарыліся гэтым!

ПРАБЛЕМА. «Не хапае фермераў зусім у краіне. Але гэта яшчэ не прычына здавацца!» – гаворыць Генадзь Раманаў. Фота: Таццяна Гусева
ПРАБЛЕМА. «Не хапае фермераў зусім у краіне. Але гэта яшчэ не прычына здавацца!» — гаворыць Генадзь Раманаў. Фота: Таццяна Гусева
Для Генадзя сялянства — гэта філасофія, якая змяніла яго погляд на наваколле, на грамадства, прымусіла яго стаць больш самастойным, дбаць не толькі аб асабістым інтарэсе.

Реклама

— Ты нясеш адказнасць за сваю гаспадарку, за сям`ю, разумееш, што ніхто табе не дапаможа, бо няма над табой ні брыгадзіраў, ні старшыні. Над табой толькі Бог.

А яшчэ сялянства для яго — лад жыцця. Гэта адчулі на сабе і ягоныя дзеці.
— Калі сын вучыўся ў сёмым класе, папрасіў ў мяне прыстаўку для гульняў. Я прапанаваў: «Давай мы з табой пабудуем цяплічку, і ўсё, што там вырасціш, аддасі нам па аптовай цане. А ўсё астатняе — табе». Ён вырасціў памідоры і зарабіў не толькі на прыстаўку, яшчэ і на красоўкі хапіла.

Генадзь успамінае, як у 1994-м хадзіў у Гродзенскі райвыканкам прасіць зямлю.
— У мяне спыталіся, чым я буду займацца. Памідорамі і капустай, адказаў я. Гэта непрыбыткова, сказалі мне ў выканкаме і адмовілі.

Трэба, каб дзяржава прызнала, што фермеры такія ж, як калгаснікі

З Гарадзеншчыны ён пераехаў на радзіму ў Акцябрскі раён на Гомельшчыне.
— Калі б я ведаў, што будуць калгасы падтрымліваць, а мы бу­дзем вымушаны выжываць, безумоўна, не паехаў бы, — разважае суразмоўца. — Але мне падабаецца тое, чым я займаюся.
Што стаў селянінам, Генадзь Раманаў не шкадуе.

— Больш за тое, мне і падтрымка дзяржавы не патрэбная. Адзінае, што мне патрэбна, каб дзяржава нас прызнала. Мы такія ж, як і калгаснікі, робім тую ж самую працу, як і яны, але без дзяржаўнай падтрымкі. Мы яшчэ лаўчэй, яшчэ працавіцей, а нас успрымаюць як кулакоў і куркулёў.

Жадаючых працаваць на зямлі ў нашай краіне было б болей, калі б у гэтым была зацікаўленая дзяржава, — упэўнены фермер. — Але дзяржава зацікаўленая ў калгасах, хоць тыя не паказваюць эфектыўнасці. Яны могуць ураджайнасць паказаць, вал, але яны патрабуюць шмат грошай. Летась Лукашэнка сказаў, што за час дзеяння праграмы адраджэння вёскі (на той час гэта было восем год) у вёску ўкінута 40 мільярдаў долараў.

Калі падзяліць гэтыя грошы на 300 тысяч чалавек, якія занятыя ў сельскай гаспадарцы, атрымаецца на кожнага працаўніка ў год па 16 тысяч долараў. Атрымліваецца, што калі я і мая жонка працуем у сельскай гаспадарцы, мы эканомім для дзяржавы 32 тысячы долараў у год.
Калі б мне такія грошы былі дадзеныя, я б меў магчымасць з`ездзіць і павучыцца за мяжой.

Французы і амерыканцы не разумнейшыя за беларусаў

Генадзь расказвае, як яму прапаноўвалі з`ездзіць у Галандыю і ў Францыю за кошт іхніх фермераў. Адмовіўся.

— Можна назваць гэта гонарам. Я хачу ехаць не за іх кошт, а як роўны да роўнага, — тлумачыць ён. — Чаму мой калега з Францыі можа сабе дазволіць і да мяне прыехаць, і мяне запрасіць да сябе, а я — не?

Інфаграфіка: Алесь Дастанка (на падставе Google.Maps)
Інфаграфіка: Алесь Дастанка (на падставе Google. Maps)
Дарэчы, у гасцях у Генадзя ў вёсцы Паўлаўка Слуцкага раёна, дзе ён трымае гаспадарку з жонкай, прыязджалі фермеры з Францыі і ЗША.

— Яны не разумнейшыя за нас! — перакананы Генадзь Раманаў. — Амерыканец пры ўніверсітэце кансультуе дробных фермераў. У яго ведаў шмат, падтрымка ёсць. Ён ведае, як трэба правільна, а я ведаю, як трэба правільна ў нашых умовах.

Амерыканец убачыў маю цяпліцу, якая валіцца, бо я не паспяваю пабудаваць новую, і кажа: «Давайце я вам параю! Вам трэба зрабіць цяпліцу з металу». Ха, а то ён мне навіну сказаў! Дзе грошы ўзяць? — «Крэдыт вазьміце!» — А хто мне яго дасць?

Чаму ў таго ж паляка аптовая цана на памідор меншая за нашу? А таму што там, дзе паляк кнопку націснуў, мне трэба віламі варочаць. Там, дзе паляк гадзіну затраціў, мне трэба два-тры дні. Нічым яны не разумнейшыя, паверце!

Лукашэнка цалкам мае рацыю, калі кажа, што трэба красці лякалы. Толькі красці павінны не міністры, — лічыць слуцкі фермер. — Вось кітайцы цалкам крадуць лякалы, прыстасоўваюць да сваёй вытворчасці і добры прыбытак з гэтага маюць.

У 90-я фермеры былі надзеяй на будучыню, а сёння мы — ніхто

— Калі параўнаць узровень жыцця селяніна ў 1994-м і сёння, што змянілася? — такое пытанне нельга не задаць чалавеку, які працуе на зямлі столькі ж, колькі Лукашэнка кіруе краінай.
— У матэрыяльным плане, безумоўна, мы сталі значна багацей, — гаворыць Генадзь. — Цяпер прасцей з рынкамі збыту. Але, калі б я пачаў займацца сельскай гаспадаркай сёння, не ўпэўнены, што атрымалася б. У 90-я фермеры былі надзеяй на будучыню, а сёння мы — ніхто — выкрасленыя з жыцця людзі.

У 90-я на рынку гандлявалі сяляне, а сёння там сядзіць перакуп. І аб гэтым усе ведаюць.

Мяне не хвалюе, як чалавек зарабляе грошы. Калі гэта дзяржаву задавальняе — хай сабе. Але мяне гэта кранае з маральнага пункту гледжання. Навошта працаваць, калі можна не працаваць? Калі дзяржава хоча атрымаць спекулянтаў, барыг, вы ўсё для гэтага робіце. Не каб працоўны народ падтрымаць!

Генадзь неаднойчы аб`яўляў перакупшчыкам вайну.
— Гразіліся і вокны пабіць, і колы парэзаць, і самога пабіць, — расказвае пра наступствы селянін. — Я падняў і падатковую інспекцыю, і камітэт дзяржкантролю, і міліцыю. Прыходжу да начальніка дзяржкантролю, і ён мне кажа: «І чаго ты дабіўся? Усе службы месяц працавалі па тваёй заяве. А ў выніку два перакупшчыкі былі аштрафаваныя на 400 тысяч. І чалавек восем атрымалі па дзвесце тысяч. За колькі яны адаб`юць гэтыя штрафы? За дзень».

Генадзь сам развозіць па крамах памідоры і капусту, якія вырошчваюць з жонкай.

— Калі мая капуста ляжыць на відным месцы і яны добра яе прадаюць, раблю зніжкі, — гаворыць ён. — У адрозненне ад калгасаў мы, сяляне, якія працуюць на сябе, павіны бегчы наперадзе. Калгасы могуць узяць вялікім аб`ёмам вытворчасці і падтрымкай дзяржавы.

Але дробныя фермеры патрэбныя, бо ў чалавека павінен быць выбар: працаваць на буйное прадпрыемства, дзе яму домік дадуць, сацыяльныя выплаты, працаваць на фермера, які не будзе яго быдлам называць, як старшыня калгаса, альбо працаваць на сябе.

Ёсць нішы, якія не выгадныя буйным гаспадаркам. А мы ўвесь час у пошуку. Зараз мы хочам даказаць, што сталовы вінаград для Беларусі - гэта нармальная культура. Той жа мой сябар спрабуе фундук вырошчваць. Мы шукаем — і знаходзім.

Як Русы хацеў даць крэдыт слуцкаму фермеру

За гады працы ў сельскай гаспадарцы Генадзь не атрымаў ад дзяржавы ніякіх пернікаў.
Гадоў сем таму ён паехаў у аграрную камісію ў парламент.
— Яе тады ўзначальваў Русы. Да дэпутатаў чамусьці ўсе едуць, каб вырашыць уласныя праблемы.

«Што вам асабіста патрэбна?» — пытаюцца ў мяне. Я кажу: «Прычым тут я? Вы ж заканадаўчы орган. Я прашу, каб вы закон змянілі, стварылі нішу для дробных фермераў. Па-першае, прызнайце, што мы ёсць. Крэдытамі падтрымайце!».

Русы патэлефанаваў Румасу, які на той час працаваў старшынёй праўлення «Белаграпрамбанка», дамовіўся, каб асабіста мне выдалі крэдыт.
Такіх, як я, тысяч дваццаць, кажу. Дык што, кожнаму прыходзіць да вас і прасіць?
Крэдыт я не ўзяў. Не ведаю, чаму. Магчыма, гэта гонар.

Пакуль крадуць з калгасаў, а потым прыйдуць да мяне красці

Камусьці можа падацца дзіўным, але селянін Генадзь Раманаў не супраць калгасаў.
— Але ж вы самі даводзіце, што колькі ім грошай не давай, усё роўна толку не будзе. Калі я праглядаю здымкі калегі з уборкі ўраджаю, мне хочацца плакаць. Ды й на свае вочы бачыла, хто ў нас гэтым займаецца: беспрацоўныя, пацыенткі ЛТП, навучэнцы каледжа. Памятаю, пытаюся ў старшыні гаспадаркі: «А дзе вашыя паляводы?». Якія паляводы, дзівіцца ён і просіць: «Вы толькі не пішыце, яны ўсе п`юць». Дык навошта калгасы, калі нават убіраць ураджай няма каму? — пытаюся.

— З бліжэйшых вёсак паедуць у горад працаваць, а з далёкіх? Чым будуць зай­мацца тыя вяскоўцы? Не дадзім калгасам падтрымкі — цукровыя буракі будуць горшай якасці і ўраджайнасць знізіцца. Цукар падаражэе і будзе неканкурэнтаздольны. Тое самае будзе з мясам і малаком. Дзе горад, такі як Слуцк, будзе зарабляць грошы?

Мяркую, калі падзяліць калгасы на паі, мала хто зможа гэтым паем скарыстацца паўнавартасна. Іх у людзей проста забяруць. Я супраць уласнасці на зямлю, бо калі гэта здзейсніцца, уласнікамі стануць старшыні калгасаў, райвыканкамаў. Мы атрымаем новых паноў. Гэта не вырашыць праблемы вёскі.

Я лічу, павінна быць сістэма развіцця дробных сялян і сярэдніх фермераў. Пакуль гэтая сістэма працуе на задушэнне нас.

…Калі калгасы ляснуцца, разваліцца сельская гаспадарка. Пакуль крадуць з калгасаў, а потым прыйдуць да мяне красці. І хтосьці кагосьці прыб`е: ці ён мяне, ці яго.

Парада міністру

— Што б вы параілі мініс-тру сельскай гаспадаркі? — задаю Генадзю наіўнае пытанне.
— Я б пажадаў, каб паважалі фермераў. Пакуль што стаўленне да нас грэблівае. У кабінетах чыноўнікаў я губляю 99 адсоткаў свайго часу, каб даказаць, што не дурань Як толькі змог даказаць, што я не быдла тупое, пытанні звычайна вырашаюцца адразу.

У будучыню беларускай вёскі Генадзь Раманаў не надта верыць.
— Беларускага сялянства няма, — піша ён у сваім блогу, які мае назву «Нататкі вольнага аратага». — Сялян, якія б ставіліся да зямлі не як да сродку вытворчасці, а як да сімбаля самастойнасці, незалежнасці, вартасці, няшмат. Мабыць, колькі соцен сапраўдных сялян і набярэцца па ўсёй краіне, ды й то ў асноўным у Заходняй Беларусі, як рудыменты жыцця «за польскім часам».

Ва ўсходняй палове колечкі наскрабецца мутантаў, гэткіх як я. І ўсё! Вынішчылі. Ёсць тыя, хто ставіцца да зямлі як да магчымасці выжыць альбо нажыцца.

А як жа вольнае беларускае сялянства? Мана. Мроя. Трызненне хворай душы. Як і беларусы ўвогуле. Так, у стужцы сяброў хапае тых, хто лічыць сябе беларусамі, ліцьвінамі, крывічамі, але колькі іх? 2%? 3%? 5%? Ды нікому яны са сваёй беларускасцю-ліцьвінскасцю не патрэбныя. Гэта патрэбна толькі нам самім, каб запоўніць вакуум у душах, бо іначай слабая чалавечая абалонка можа не стрываць знешняга ціску, і душа скрывіцца, сплюшчыцца, пакалечыцца.

Таццяна Гусева

6 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
МихаиЛ
МихаиЛ
12 мая 2014 23:27

Приятно почитать. Хоть в чем-то можно поспорить, но главно почитал и как будто с умными людьми поговорил. Такие разговоры редкость.

Генадзь
Генадзь
13 мая 2014 14:12
Ответить на  МихаиЛ

Дзякуй, МихаиЛ, за добрыя словы.

ingenegr
ingenegr
13 мая 2014 10:30

Отсутствие идеологии в современной РБ сегодня начинают признавать даже высшие эшелоны. Дай Бог жизненные принципы Генадзя услышат и возьмут на вооружение.

Генадзь
Генадзь
13 мая 2014 14:22
Ответить на  ingenegr

На жаль, ingenegr, не возьмуць — за тыя гады, што я соўгаўся па розных кабінетах з ідэяй падтрымкі дробнага сялянства, як дурань з торбай, я зразумеў, што там, на версе, хапае разумных, шмат разумнейшых за мяне людзей, якія ўсё цудоўна разумеюць. Чаму жывем так, як жывем — гэта тэма для іншай размовы.

Modernist
Modernist
14 мая 2014 21:47

Настоящий белорусский крестьянин.Уважаю.Помогай вам Бог, Генадзь

Генадзь
Генадзь
15 мая 2014 00:16
Ответить на  Modernist

Дзякуй, Modernist