Крыж пры дарозе

0

Калі б сабраныя ў кабінеце старшыні кааператыва «Пра­цавічы-Агра» Мікалая Новіка хлебаробы вёсак Вуглы і Працавічы прамаўчалі, засталіся б мудрымі ў сваіх вачах і агракіраўніка, тым болей чужага сёння ім Аляксея Бялько.

— Вы здароўе маеце — не заўважаеце, растраціце — плачаце. Старшыня паказвае вашу праўду і няпраўду, а вы пра царкоўны крыж і рэлігію. Не змешвайце.

Вялікаігрушаўскі доктар Аляксей Бялько вельмі громны для выкліканых шасці працавічцаў, аднаго вуглоўца, прыйшлых за кампанію дзесяці сваякоў, суседзяў. Выказваўся б Аляксей Бялько першым, памяркоўныя жыхары дзвюх вёсачак абняславілі б яго, нагрубілі. У межах выхавання і набытага вопыту няпрошанага дарадчыка лёгка астудзілі б, параілі выметвацца ў суседнюю Вялікую Ігрушу, Слуцак, Мінск, а то й падалей.

Реклама

Падумаць цяжка: свойскі чалавек паўстае супраць крыжа, святой праваслаўнай рэлігіі. Нельга, ці бачыце, крыж на месцы гібелі родзіча паставіць.
— З праўдамі, як сведкамі, не жартуюць. Грошы, слёзы, гнеў часта заціраюць ісціну, замяніць жа яе не могуць, — упарта цягне сваю ляйчыну Аляксей Бялько. — Не хацеў ехаць сюды, займацца вашай хцівай прававернасцю. Ажно добра што прыехаў.

Беларусы часта цалуюць сакральныя аб`екты — сцягі, храмы, крыжы, іконы. Гэта нармальна. Аляксей Бялько пацікавіўся, хто з прысутных летась і сёлета цалаваў хоць адну паўмятровую трубчатую перакрыжаку, укопаную за вёскаю, хто прыходзіў да такога крыжа праз год-два пасля ўстаноўкі, хто цалаваў яго, запальваў там свечку.

— Ваша, землякі, праца бачна пешым і ездным, маўчанне і адабрэнне цемрацтва таксама. Чаго болей у перакрыжаваных заржавелых трубках паўз дарогі - ацаніце самі.

Мікалай Новік па праву старшы­нёўства і дабравяскоўства згладжвае вострыя фразы вострага чалавека, пахвальвае землякоў. Дабрачнікі хацелі лепей. Атрымалася няўежна і няўлежна, яны памыліліся, паправяцца.
— Памяць пра майго Іваньку на дарозе будзе. Казала няраз, паўтараю сёння, — з напраломнасцю цісне Хрысціна Тупік. Жанчыне за пяцьдзясят, добрыя шэрыя вочы зрэдзь пацірае хусцінкаю.

Людзі адзіным фронтам асуджалі Аляксея Бялько, угаварвалі Мікалая Новіка. Невялічкія металічныя крыжыкі ўскрай абнядольнага месца нікому не замінаюць. Тут забіла іх сыночка, дачушку, дзядзьку, родзічы пазначылі месца трагедыі. Дамятровы крыжык стаіць не на полі ці дарозе, выдаткаў не патрабуе, здарма чэпяцца няверцы да крыжа і нас. Ніхто дасюль не паўставаў супраць дарожнага знака.
— Зачэпіця крыж, полюдна ці ўночы, будам ведаць чые выстарванні. Так ні спусцім, — нахілілася да суседкі, мацней уселася на табурэтку Мар`я Іванюк. Ёй за семдзесят, усе гады працавала ў полі.

Цяжкая каструбаватая размова гразіла перарасці ў лёгкую паміж неадукаванымі свару, з непазбежнымі пагрозамі, крыўдамі, слязьмі.
— Ваш Андрэй пахаваны за Працавічамі?
— Піў гарэлку, дык не чалавек? Чаго яму там быць: нашыя клады тутэйшым месца даюць…

Ці пра­вільным будзе «крыжаваць» ву­ліцы вёсак і гарадкоў усюды, дзе, на­­прыклад, лоб­­нуліся ма­­шынамі і загінулі людзі? Фота: Вікторыя Кап­ская
Ці пра­вільным будзе «крыжаваць» ву­ліцы вёсак і гарадкоў усюды, дзе, на­­прыклад, лоб­­нуліся ма­­шынамі і загінулі людзі? Фота: Вікторыя Кап­ская
Матку Андрэя Тупіка невыхавана перабіў Аляксей Бялько:
— Ідзяце ў Вялікаігрушаўскую ці Слуцкую царкву, прыблізіўшыся, жагнаецеся? — Зацягненае маўчанне сам дапаўняе: — Хрысціцеся, шапку знімаеце. На перакрыжаванні дарог у Пагосце вялізарны крыж, абярэг вёскі. Хрысціцеся. Праходзіце паўз ваш крыжык за вёскаю, не хрысціцеся, шапку не знімаеце. Чаму? Давайце вуліцы вёсак і гарадкоў пачном крыжаваць усюды, дзе вашы невінаватаўцы лобнуліся машынамі, затхнуліся з гарані ўлетку, узімку акачанелі ад холаду.

Перад кожным крыжыкам, перавязаным і неперавязаным, супыняцца трэба, шапку знімаць, кланяцца. Праехаў, прайшоў, не заўважыў - саграшыў. Вы хто такія, што усіх робіце грэшнікамі. Пекла пабойцеся. Праходзіш бліз храма (манастыра, кляштара, царквы, касцёла, мячэці, малітоўні, сінагогі, дацана…) — знімі шапку, пакланіся. Прававерныя жагнаюцца. Праязджаеш — пахілі галаву.

У хатах паміралі людзі - крыжы побліз хат не ставіце. Чаму? Воддаль вёскі ставіце, а каля хаты не. Што даражэй? Нясеш свой хвілінны боль на пастаянны ўсіхны разгляд — не спачуванне выклікаеш. Недаўменне. Выстаўляеш свой боль для абмочвання і пачэсвання жывёл — крыўдзіш свайго мёртвага, няславіш радзімных.
— Добра, Аляксеевіч, што я вас запрасіў, — шэпча Мікалай Новік, хуценька шкрэбае ў запісной кніжцы, хіліцца да субяседніка. — Многаму вучылі нас, а пра крыжовую грэшнасць ніхто дасюль не абазваўся.

У чарговы раз Аляксей Бялько катэгарычна абараняе старшыню: выдатна, звярнуў Новік увагу на крыжы ўзбоч дарог, дрэнна, што схіляецца зняць іх з дарожнага ўзбочча сіламі кааператыва. Хто ўстанавіў крыжык — той яго зніме. Як прыбіраць крыжы, куды дзяваць — пытайцеся адзін у аднаго, слуцкага начальства, царкоўнікаў.
— Як бы ні змушвалі, крыж з месца гібелі Хведзькі не прыбяру, — упэўненасць у Мар`і Іванюк. Яе ўнучак правільна пераходзіў дарогу, легкавік забіў, вінаваты ў турме сядзіць.
Запланаванае паўгадзіннае субяседдзе зацягвалася. Мікалай Новік упрошаваў Аляксея Бялько не спяшацца, уласнаю таратайкаю падкіне доктара да Слуцка.
Кіпелая шчырасцю і энергіяй гразьба бабулі Іванюк практычна не закранула Новіка і Бялько, абнадзеіла рэшту кры­жаўстаноўнікаў. Народ вычуйваў праўду старшыні і доктара, але звычаёва не жадаў лішніх тур­бот. Якія б не былі абмежаваныя гэтыя людзі, з імі ўсе прыезджыя размаўлялі акуратна, ба­яліся закрануць гонар, а вялікаігрушаў­скі тэрапеўт душыў лаканізмам, акрэсленасцю, важкасцю казы­роў, перапыняў пярэчанні.

— Крыжы ахоўваюць. У драцяных сетках і металічных платах вакол хат мноства перакрыжыкаў. Моліцеся кожнаму ці купна? — смяецца Аляксей Бялько. — Душа неўпакоеная доўга пачуваецца ўстрывожанай. Трэба мёртвага не проста адпусціць — супакоіць, успамінаць не адно на Радаўніцу. Бо здані днямі і ўночы пачнуць хадзіць да вас, мучыць, а вы сюсюкаеце — крыжык, крыжык. Сабакі бліз іх узнімаюць нагу, не бачыце. Сябе крыўдзіце такімі ўстаноўкамі.

Раскідаеш сілу душы па прасторавых цэнтрах — слабіш не адно Тагасветных крэўных, а і ўстаноўшчыкаў крыжоў. Крыж сонцаваротамі арыентуе ўсе бакі зямной восі, нябесныя, прасторавыя, часавыя. Праз яго ведкі медыцыруюць, звязваюцца з штрыхамі, квадратамі, ромбамі, коламі, тварамі, душамі. Яго за шалупінне нельга лічыць. А слуцкія дабракі прыніжаюць.
— Мёртвыя не павінны ўпакутніваць жывых, цягнуць да сябе. — Хоць якога адказу ад разважных вяскоўцаў Аляксей Бялько не чуе. — У сталіцы на вуліцах і перакрыжаваннях нямала смерцяў. Патрэбна ставіць крыжыкі, добрыя людзі загінулі, невінаватыя. Не ставяць.

— Усыплюць мінскія, маскоўскія, варшаўскія, лонданскія вуліцы крыжамі, там шмат смерцяў, тады і бліз вёскаў на ўздарожжах стаяцьмуць. — Старшыня адступаць не жадаў. — Праўленне на днях паўторна паведаміць устаноўні­кам тэрмін ачысткі дарог.

Што мёртвыя чуюць і бачаць, кожнага душу і намеры розняць, субяседцаў не турбавала. Асветным і неасветным патрэбна было вырашаць сваю нявыкрутку.

Валер Санько

АД РЭДАКЦЫІ. Стыль і арфаграфія аўтара захаваны.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии