Твой талент успыхнуў зорачкай яскравай…

Я хачу, каб землякі ведалі, што быў на Случчыне малады таленавіты мастак Аляксандр Юр`евіч Каранюхін. У 29 гадоў 6 мая 1991 года яго не стала. Як сёння памятаю, лета 1960 года. Бацькі вырашылі па вярбоўцы паехаць на цаліну. Атрымалі «пад`ёмныя», цэлую кіпу грошай. Праз тры дні яны паехалі, а я застаўся з бабуляй у вёсцы.

Хутка праляцеў час. Наступіў новы 1961 год, мне тады ішоў ужо сёмы год. У студзені мы атрымалі ліст ад маці, што ў мяне 28 снежня нарадзіўся малодшы брацік і назвалі яго Аляксандрам. У сакавіку бацькі з-за хваробы Сашкі пакінулі працу. Медыкі параілі змяніць малому клімат, і я з вялікай радасцю пазнаёміўся з маім меншым брацікам.

Цікаўны і моцны

Реклама

Саша быў вельмі цікаўным хлапчуком, як той слонік з мульціка. Ён мучыў усіх сваімі пытаннямі – яму да ўсяго была справа, таму і чытаць самастойна пачаў рана.

Хоць Саша і быў хваравіты, але духам быў моцны. Аднойчы мы гулялі на разбураным бульбасховішчы ў хованкі, і ён абедзвюма нагамі ўскочыў на цвікі і прабіў наскрозь ступні. І зараз я памятаю яго словы: «Вось закушу губу і плакаць не буду», — хоць на твары і цяклі гарошыны-слёзы.

Любоў да прыгожосці

Прайшоў час. Аляксандр вельмі зацікавіўся маляваннем. Бацька бачыў гэта і пачаў купляць хлапчуку алоўкі, фарбы, лісты бумагі, альбомы.
Пазней у школе першым штуршком да мастацкай кар`еры стала настаўніца Бокшыцкай сярэдняй школы Яўгенія Фёдараўна Шаўчык. Яна ўдыхнула ў хлопца любоў да прыгажосці.

Творчы пошук

Скончыўшы дзевяць класаў, Аляксандр паступае ў Мінскае мастацкае вучылішча і на выдатна яго заканчвае. Затым два гады службы ў войску.

Пасля Аляксандр знаходзіцца ў творчым пошуку. Працуе настаўнікам у школе, афармі-целем у кінатэатрах. Вандруе па ўсяму Савецкаму Саюзу. У 1988 годзе паступае ў Львоўскі інстытут імя Фёдарава, і вось тут па-сапраўднаму раскрываецца яго талент мастака.

Слуцкі мастак Аляксандр Каранюхін за сваё кароткае жыццё стварыў карціны, вартыя таго, каб быць выстаўленымі ў мастацкай галерэі горада. Аднак на арганізацыю выставы няма грошай. Фота з сямейнага архіва
Слуцкі мастак Аляксандр Каранюхін за сваё кароткае жыццё стварыў карціны, вартыя таго, каб быць выстаўленымі ў мастацкай галерэі горада. Аднак на арганізацыю выставы няма грошай. Фота з сямейнага архіва

Дапазна ў майстэрні

Ён апантана працуе над карцінамі. У асноўным гэта краявіды Львоўшчыны, партрэты сучаснікаў, нацюрморты. У Львове ёсць месца, так званы «Манмартр», дзе мастакі выстаўляюць і прадаюць свае карціны. Каб неяк зарабіць на мастацкія прылады, Аляксандр піша дапазна. З яго слоў, на Львоўскім «Манмартры» былі прададзены больш за тры дзесяткі карцін.
На пятым курсе яго сябар Слава Галімулін прапанаваў Аляксандру працу па афармленні трох кніг: пра далёкаўсходнюю флору, кнігу вершаў далёкаўсходняга паэта і казку пра Русалачку. Асабліва прыгожай і красачнай атрымалася апошняя – прататыпам гераіні стала яго дачка Ульяна.

Спяшаўся пражыць

Мабыць, Усявышнім быў адмераны яму свой час на гэтым свеце. І сам Аляксандр нібыта гэта адчуваў, таму і спяшаўся жыць. Не шкадуючы здароўя, працаваў над карцінамі суткамі. І ў кожны свой прыезд на радзіму прывозіў іх у падарунак: то адну, а то і дзве.

На жаль, пры пажары восем яго работ загінулі, другія разышліся па сябрах і родных, а некаторыя знаходзяцца за мяжой, у Бельгіі і Францыі, дзе жыве яго дачка, тая самая «Русалачка», дарэчы таксама мастак-дызайнер.
Часам, калі не было натхнення, ён пісаў вершы. Гэты верш з яго апошніх.

Когда нахлынут грустные дожди,
Когда тоска подкатит к горлу комом,
Свою ты шляпу чёрную возьми
И выходи гулять из дому.
Над шляпой мир, под шляпой мир,
Блюз на полях играет дождь,
Что было – было. Будет ли ещё?
Я об ушедшем не жалею, его уж не вернёшь.

P.S. Звяртаюся з просьбай да мецэнатаў. Дапамажыце сродкамі, каб зрабіць выставу работ майго брата Аляксандра ў мастацкай галерэi Слуцка. Прапановы дасылайце на адрас рэдакцыі: info@kurjer.info 

Мікола Корань 

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Modernist
Modernist
8 мая 2014 19:12

А какова роль собранных средств в организации выставки?…….Стихи хорошие……..Жаль вашего брата.

NEKTO
NEKTO
16 мая 2014 09:24

Вот и я не понимаю, зачем деньги… Насколько знаю, плату никакую за организацию выставки в картинной галерее не берут, аренду художники не платят. Может быть только привезти работы, да в рамы оформить…на это нужны средства?