Апошні заплыў

0

Летам заўсёды хочацца кудысьці з`ехаць з шумнага і душнага горада, куды-небудзь у цішыню і прахалоду, далей ад мітусні і жыццёвых клопатаў. Для малечы лепшым месцам, дзе можна правесці вакацыі, канешне ж, бы­ла вёска. Тут і прастор, і меншы кантроль з боку бацькоў. Калі ж там ёсць яшчэ возера ці рэчка, лес, то малыя заўсёды знойдуць сабе занятак да цямна.

Акімка, колькі сябе памятаў, штогод чакаў лета як самай лепшай пары, калі ён з бацькамі за дзве гадзіны язды на аўтамабілі апынаўся зусім у іншым свеце, дзе ўсё было не так, як ў горадзе — і дамы, і прастор, і чыстае паветра з водарам натуральнай прыроды, і нават мова, на якой размаўлялі вяскоўцы.

Бацька тут знаходзіў свой занятак: тоё-сёе падрамантаваць, накалоць дроў на зіму, плот падфарбаваць ці яшчэ што. А зранку ці надвячоркам — рыбалка, бо возера з чысцюлькай вадой мясцілася адразу за агародамі.

Реклама

У бабулі быў сабака, старэйшы за Акіма гадоў на дзесяць. Звалі яго даволі дзіўна для гарадскіх дзяцей — Гузік. Яны часцяком перакладалі гэтую мянушку — «Пуговица».

Бацька навучыў яш­чэ шчаня Гузіка ўсякай сабачай навуцы: даць лапу, сядзець, ляжаць, падаць голас, але любімым заняткам сабакі была каманда «апорт». Калі бацька кідаў палку нават у возера, той з задавальненнем кідаўся за ёй.

Зараз жа сабака ўжо не быў такім завіхатым і больш ляжаў каля сваёй будкі, нязлосна бурчаў, калі ў двор заходзіў хто чужы, і здавалася, яго ўжо нічога не радавала.

Акімка любіў свайго Гузіка, і той пазнаваў яго заўсёды пасля гадавой разлукі: віляючы хвастом, падыходзіў да хлапчука і спрабаваў стаць на заднія лапы, каб лізнуць малога.

Гэта лета выдалася спякотным, і ранкам, як заўсёды, да Акіма прыбеглі суседскія хлапчукі Янка з Лявонам і паклікалі купацца. Бабуля адпусціла ўнука, бо ведала, што бацька даўно з вудамі на возеры і прыглядзіць за дзецьмі.

«Давай возьмем з сабой Гузіка, паглядзім, ці будзе ён прыносіць палку з ва­ды», — прапанавалі сябры.

Сабака без вялікай ахвоты, але пайшоў услед за дзятвой. У старога Гузіка адданасць людзям была ў крыві, і адказаць ім — было насуперак яго волі.

Возера сустрэла дзяцей сваім хараством і спакоем. Наводдаль сядзеў бацька з вудай. У вядзерцы каля яго плёхалася некалькі збянтэжаных карасёў. Па­ві­таўшыся з рыбаком, малыя па чарзе патрымалі ў руках злоўленую рыбу і адышлі да свайго месца.

Акунуўшыся ў яшчэ цёплую пасля ночы ваду, вылезлі на бераг, знайшлі сухую палку і пачалі кідаць яе непадалёк у во­зера: «Гузік, апорт!»

Сабака няспешна заходзіў у ваду, браў у зубы палку і, выносячы яе на бераг, аддаваў Акімку, ігнаруючы іншых хлапчукоў. Радасці дзяцей не было канца.

Старэйшы Янка шпурнуў палку далей ад берага, дзе было глыбей, і паслухмяны Гузік паплыў па во­­зеры.

Акімка першы заўважыў, што на гэты раз штосьці пайшло не так: сабачая галава раз-пораз пачала хавацца пад вадой, але назад ён не паварочваў. «Гузік, назад! Гузік, да мяне!» — закрычаў напалоханы Акімка, але сабака ўсё-такі даплыў да палкі і толькі тады павярнуў назад, гледзячы мокрымі вачыма на свайго маленькага гаспадара, як бы кажучы: «Я выканаў твой загад…» Сілы пакідалі яго, галава апусцілася пад ваду і больш не паказвалася. «Тата, тата, хутчэй! Гузік тоне! Дапамажы!»

Бацька, напалоханы крыкам сына, забыў пра вуду і кінуўся на дапамогу. Схапіўшы сабаку за холку, ён даплыў да берага і выцягнуў Гузіка на сушу. З апантанасцю пачаў валтузіць яго, спрабуючы прывесці ў прытомнасць. Сабака нерухома ляжаў на траве, вочы яго былі расплюшчаны і глядзелі кудысьці ў блакітнае неба. У зубах Гузік моцна сціскаў палку, якую бацька з цяжкасцю выцягнуў і ў роспачы адкінуў далёка ў кусты.

Толькі пасля гэтага ён адышоў у бок, каб дзеці не бачылі яго ўсхліпаў і слёз, якія міжвольна каціліся з яго вачэй.

Людміла Аляксеева, в.Сярагі
Дзядзька Алесь, а.г.Грэск

180414aposhni_zaplyu
Малюнак: Вера Шут

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии