Мае захапленнi

1

Існуе многа захапленняў, якія прыцягваюць да сябе сваёй непаўторнасцю і рамантыкай. Асабліва ярка гэта з`ява праяўляецца ў юнацкім узросце. Яна можа запаланіць сабой значную частку часу, а можа і ўзяць у палон увогуле. Усё залежыць ад самога чалавека, яго ўмення кіраваць сабой у дадзеным становішчы.

Я хачу расказаць аб тым, як я спрабаваў курыць. Гэтая з`ява адбываецца не спантанна, а з «лёгкай рукі» кагосьці з сябрукоў. Я памятаю, якой была першая спроба зрабіць самакрутку.

Уся гэта гісторыя пачалася летам, калі ў нас былі канікулы і многа вольнага часу.
Мы, я і суседскі хлопец Саша, дзесьці дабылі тытуню, схаваліся ў трубе пад дарогай і там далі дыму. Цяпер ужо цяжка ўспомніць, якое ўражанне зрабіла гэтая спроба, але самакрутак мы больш не рабілі, хаця нашы бацькі курылі ў асноўным іх.

Реклама

У той час у нашай вёсцы была школа і клуб у адным будынку. Вось за гэтым будынкам мы і збіраліся, каб пакурыць ці пагуляць у карты. Хтосьці з аднавяскоўцаў прыносіў цыгарэты, якія стырыў у бацькі, і ўсе курылі па чарзе, бо прыносілі адну ці дзве, каб непрыкметна была прапажа. У асноўным былі ў той час цыгарэты «Прыма» і «Памір». Куплялі іх бацькі па многа пачкаў. Аднойчы нас засталі за гэтай справай. Хоць цыгарэту і ўдалося выкінуць, але ж дым выдаў усю сакрэтнасць. Потым бацькі ў кожнага пыталі: «Курыш ці не?»

Прыязджалі да нас у вёску на лета дзеці з гарадоў да сваіх родзічаў. Да нашых суседзяў прыязджаў унук з Салігорска. У яго «арсенале» былі цыгарэты з фільтрам «Ява» ці «Гродненские». Памятаю, як кружылася галава, калі першы раз выкурыў «Гродненскую», быў нібыта п`яны. Другі раз такога адчування ўжо не было. Курыў я не так часта, як іншыя, бо аднаму займацца гэтым было не так цікава, як у кампаніі.

Непадалёк ад школы і клуба быў хлеў, у якім захоўваліся дровы, торф і іншыя рэчы. Вось за гэтым хлявом расло адзінокае дрэва. Было яно невысокае, разгалістае, з нізкай кронай. У гушчыні яго лістоў можна было спакойна пакурыць.
Тут вось мяне і застала маці за гэтым заняткам. Прыйшлося ўцякаць з усіх ног і хавацца ў кустах, пакуль не пройдзе яе гнеў. Пасля гэтага здарэння ахвота пакурыць на некаторы час прапала, але не зусім.

На наступнае лета старая прывычка паўтарылася. З адным хлопцам, якога звалі Віктар, мы паспрабавалі папяросы «Казбек». Больш з такімі я не сутыкаўся.
Узгадваю адну выхадку ў лес. Сабралося нас чалавек пяць ці шэсць. Узялі з сабой сабаку. Пакуль дайшлі да лесу, а гэта каля двух кіламетраў, то высмалілі па цыгарэце ці па дзве. Ходзячы па лесе, дабавілі яшчэ па адной. Калі вярталіся дамоў, лік працягваў расці.

Назад ісці прыйшлося полем, бо сабака пачаў лавіць мышэй. Мы бегалі па полі і паказвалі яму мышыныя норкі. Калі сабака здаволіўся, то пачаў бегаць за намі, і мы пачалі яго даганяць. Бегаць прыйшлося па раллі. Ад гэтага было так цяжка дыхаць, што здавалася, сэрца вось-вось выпрыгне з грудзей. Дадому я прыйшоў страшэнна стомлены, нібыта разгрузіў вагон з таварам. Ногі былі як не свае, нібыта я ішоў у ботах з волава. На грудзі нібыта палажылі камень і на спіну палілі вадою.

Вось пасля такой прагулкі я вырашыў для сябе больш не курыць, таму што нічога прыемнага ад гэтага захаплення не атрымліваеш. Як ні дзіўна, але да цыгарэт больш не цягнула.

Праз некаторы час, у восьмым класе, я спрабаваў адгаварыць ад гэтай нездаровай прывычкі свайго аднавяскоўца. Тлумачыў, што ў гэтым нічога добрага няма, ніякай асалоды і радасці яно не прыносіць. На што ён мне адказаў: «Люблю курыць».

Дарэчы, мой бацька памёр ад рака лёгкіх, і курэнне тут аказалася не на апошнім месцы.

Анатоль Станіслаўчык
Cлуцк

030214_vuchyusja_kuryc

Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур'ер» (№ 6 от 6 февраля).

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Постмодернист
Постмодернист
22 февраля 2014 21:29

Каб на цябе шэрць курэла…