Баявы певень

1

Сумна было абодвум старым жыць у вёсцы. Дзеці раз`ехаліся яшчэ ў маладосці, рэдка прыязджалі, часцей улетку, калі асабліва працы на агародзе ўжо не было. Ды і старыя пакуль спраўляліся самі. Яны аддалі адзін аднаму і цяпло, і ласку, а зараз дажывалі свой век і стараліся не паддавацца сумоце.

Дзед Аляксей быў статным і з выгляду малажавым чалавекам, любіў пажартаваць, любіў жыццё і ўсіх, хто яго акружаў. А баба Люба была спакойная цiхая жанчына. Асалоду жыцця яна знаходзіла на сваім агародзе, дзе цяжка было знайсці хоць намёк на пустазелле.
Вакол хаты ў бабы Любы заўсёды быў разбіты кветнік, які яна з любоўю даглядала і песціла, збірала насенне, каб на наступны год зноў засеяць лапец зямлі вакол хаты. І гэтак доўжылася з гадоў яе маладосці. Дзед да гэтага занятку адносіўся абыякава і часцяком мог незнарок і патаптацца па бабінай асалодзе, і тут падымаўся такі вэрхал, что дзед ледзь не подбегам стараўся знікнуць куды далей ад бабскага ляманту.

Малюнак: Вера Шут
Малюнак: Вера Шут

Дзед жа ўсю сваю прыхільнасць ад­даваў не рас­лінам, а жывой істоце — пеўню, якога звалі Пеця. Гэты правадыр курынага племя быў даволі храбрым і баявым. Пяць яго курак нічога з ім не баяліся і смела пераляталі праз шчыкетнік у суседскі агарод. І, не дай Бог, хто паспрабуе выгнаць яго адтуль — ён адразу ўзлятаў, ляпатаў крыламі і пачынаў дзяўбацца, так што чужому да яго лепш не падыходзіць.

Пасля такога ляманту дзед падыходзіў да Пеці, гладзіў яго і ў паўголаса падхвальваў. Нездарма певень любіў дзеда і толькі яго слухаўся, а бабу Любу дэманстратыўна не заўважаў. Калі ж улетку прыязджалі ўнукі, то і да іх Пеця праяўляў сваю птушыную агрэсіўнасць. «Да ветру» яны маглі схадзіць толькі тады, калі дзед трымаў пеўня на руках.

Реклама

З усяго гэтага дзед Аляксей толькі пасміхаўся: як жа, яго любімы певень толькі яго і слухаўся, толькі яго і любіў. А ўнукі толькі дзядулю просяць, а не бабулю, патрымаць пеўня, каб свабодна прайсціся па двары. Дзед з гонарам зачыняў брамку ля хлява, і толькі пасля гэтага ўсе з ўдзячнасцю да дзеда маглі спакойна выходзіць на двор.

Акрамя птушкі ў гаспадарцы быў яшчэ і парсюк, які аднойчы захварэў. Дзед выклікаў ветэрынара, а, калі той прыйшоў, ён забыў праз перажыванне за захварэўшага парсюка пра Пецю. Ветэрынар з сумкай у руках накіраваўся да хляўчука, як тут ззаду на яго заляцеў певень і пачаў дзяўбаць у галаву. Але лекар не разгубіўся, схапіў птушку за ногі і з размаху шпурнуў таго на высачэзную яблыню.

Парсюку зрабілі ўкол, і, як прынята ў такіх выпадках у вёсцы, гэтую справу крышку замачылі. І хоць дзед горкай асабліва не захапляўся, пра Пецю ён успомніў праз некалькі гадзін. Той увесь гэты час сядзеў высока на галіне і як бы апруцянеў. На кліч дзеда не адзываўся, прыйшлося браць драбіны і лезці на яблыню, хоць для старога чалавека гэтая задача даволі складаная. Тым не менш дзед з цяжкасцю дакарабкаўся да свайго любімчыка, пяшчотна пагладзіў яго і асцярожна зняў з дрэва. Яшчэ цяжэй было спускацца долу, бо адна рука была занятая лепшым сябрам, якому стары мармытаў нешта супакойваючае.

Ступіўшы трывала на зямлю, цяжка дыхаючы і трымаючыся болей за Пецю, чым за драбіны, дзед успомніў, што з маленства баяўся вышыні, і сам сабе здзівіўся сваёй смеласці. Ад перажытага дрыжэлі ногі, але яны данеслі пеўня да куратніка.

На наступны дзень дзед Аляксей адчуваў сябе кепска і ў куратнік пайшла баба Люба, дзе знайшла Пецю нежывым. Храбры певень спалохаўся вышыні. Дзед доўга яшчэ пакутаваў за смерць свайго любімага пярнатага. Другога не завёў.

Людмiла Аляксеева, Сярагi, Слуцкі раён

Прысвячаецца памяцi Аляксея Андрэевiча Новiка.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Слуцак
Слуцак
17 февраля 2014 10:27

Я так понял, что название рассказа относится к обоим персонажам иллюстрации. Просто об одном из них это сказано с иронией.