Навагоднія ўспаміны з дзяцінства

0

Так павялося ў славян, што Новы год абавязкова сустракаюць з калектывам ці ў сям`і. Але дзе калектывы тых пенсіянераў, якім па восемдзесят гадоў? У майго суседа дзеці і ўнукі на поўначы Расіі, а мае — па беламу свету, ад Масквы да Парыжа. Вось сядзім двое перад тэлевізарам, на століку сялёдка ў кавалках з бульбаю ў мундзірах ды пляшка ад «Мінскага Крышталя», рашаем задачу: ад чаго гэта тэрор у Расіі. Мяфодзій баіцца за сваіх у Расіі, а мне шкада нявінных.


«А якія першыя ўспаміны аб Новым годзе ў цябе?"­ ­­-­ пытаецца Мяфодзій. Я пачынаю расказваць, як пад Новы 1943 год упрыгожвалі ёлку ў хаце, выразалі з паперы зорачкі і вешалі на галінкі. Раптам пачуліся выбухі. Патушылі газоўку. Праз акно сталі бачыцца сполахі зарыва — гарэў будынак школы, у якой жылі немцы з паліцаямі. А назаўтра ў вёску наехалі немцы, сталі ўсіх выганяць з хат. Ноччу конны атрад партызан абстраляў школу, загінулі паліцаі і адзін немец.

Вось да гэтай школы прыгналі нас, перад намі паставілі кулямёт. Мацяркі плакалі, абнімаючы сваіх дзяцей, быццам у мацярынскіх абдымках быў іх паратунак. Але выйшаў сусед — ён доўга жыў палонным у Германіі ў мінуўшую вайну — аб нечым стаў гаварыць з галоўным немцам, і нас адпусцілі. Вяскоўцы выдзелілі тры фурманкі, каб адвезці загінуўшых паліцаяў і немца. Мы вярнуліся ў хату, але радасці ад ёлкі ўжо не было. Тую ёлку вынеслі ў дрывотню.
«А мы жылі ў хляве на рацэ Гарынь у прыфрантавой паласе на хутары, — стаў расказваць Мяфодзій. ­- Дом наш займалі немцы. Штодзень вечарам я насіў ім малако, яны давалі цукеркі. Вось гэтыя цукеркі збіралі, каб павесіць на ёлку.
Ды ў вечар пад Новы год здарылася бяда. Мама пайшла са мною ў iстопку набраць бульбы. І раптам туды заскочыў рыжы ўласавец, мяне выкінуў за дзверы, а мама пачала крычаць. Я закрыў клямку з вуліцы на крук, а сам пабег па немцаў.

Реклама

Немцы адчынiлі iстопку, мама плакала. Уласаўца вывелі за хлеў, далі рыдлёўку і загадалі капаць яму. Калі ён выкапаў глыбокую яму, загадалі зняць форму. Уласавец прасіўся, але немцы расстралялі яго. Маме далі рыдлёўку і сказалі засыпаць яму. Помню, мама пастаянна пасля гэтага плакала.
У хуткiм часе немцы адступілі. Блiжэй да восені ў мяне быў рыжы брацік. Калі падрос, яго звалі не інакш як Рыжы Уласавец. Скончыўшы сем класаў, ён з`ехаў у Ленінград і больш дамоў не прыязджаў. Так жылі з мамаю ўдваіх. Калі яна плакала, я ўспамінаў той пераднавагодні вечар».
Мы з Мяфодзіем жывем побач даўно, але толькі цяпер даведаліся, якія першыя ўспаміны з дзяцінства пра Новы год носім у сваёй памяці.
«Пуціну ўдалося паса­дзіць за стол перамоў, здавалася б, непрымірымых у Сірыі, Іране, — усхвалявана гаварыў Мяфодзій. — А чаму не чуваць ніякіх спроб перамоў з каўказцамі?»

З тэлевізара раздаўся перазвон курантаў. Мы налілі па шкаліку за Новы 2014 год.

Уладзімір Дамель

230114-uspaminy

Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур'ер» (№ 4 от 23 января).

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии