Выставу случчанкі назвалі асноўным цудам галіны выяўленчага мастацтва гэтага года

1

«На мой сціплы погляд, гэтая экспазіцыя — ці не асноўны цуд, які чакае нас у галіне выяўленчага мастацтва ў 2014-м», — піша пра выставу случчанкі Алены Кіш беларусі журналіст, мастацтвавед і пісьменнік Віктар Марціновіч у тэксце, апублікаваным на сайце «Будзьма беларусамі!».

Адна з трох найбольш пазнавальных мастакоў Беларусі

«Хто такая Алена Кіш? Ды ўсяго толькі адзін з трох найбольш пазнавальных мастакоў Беларусі — так бы я вызначыў яе месца ў культурным працэсе першай паловы 20-га стагоддзя», — адзначае журналіст.

На думку Віктара Марціновіча, калі-небудзь працы Алены Кіш стануць візуальным сімвалам Беларусі. «Прыйдуць часы, і яе сюжэты будуць друкаваць на цішотках і змяшчаць на беларускіх сувенірах, як грузіны — выявы Пірасмані», — мяркуе ён.

Реклама

Kaver-2-560x373

Такіх дываноў няма ні у каго з нашых суседзяў

Як піша мастацтвававед, тое, што стварыла Кіш, — гэта не толькі цуд выяўленчага мастацтва ў жанры «прымітыў»: «Бо „прымітывам“ займаліся той жа Пірасмані ды мой любімы француз Русо. Ад Русо ды Пірасмані Кіш адрозніваецца тым, што рабіла свае „дзівакаватыя“ творы на дыванах, упісаўшы іх у вясковую беларускую традыцыю. Такіх распісаных дываноў няма ні ў каго з нашых геаграфічных суседзяў — ні ў рускіх, ні ў літоўцаў, ні ў украінцаў. Кажуць, бліжэйшая да нас краіна, дзе ў вёсках на сцены вешаюць дываны-распісанкі, — Румынія».

Дываны забяспечаць Мінску вядомасць

Мастацтвавед бачыць і рэалізацыю творчай спадчыны Кіш у будучыні: «З „Вернісажу“ мастакоў у цэнтры Мінска знікае мазня „пад Айвазоўскага“ ды „Шышкіна“ і з’яўляюцца палатняныя дываны: „Рай“, „Дзева на водах“, „Ліст да каханага“. Турыстам апавядаецца пра дзівачку, што прыдумала тыя дываны. Дываны разлятаюцца за $ 500 і забяспечваюць Мінску вядомасць куды лепей за чэмпіянат свету па хакеі. Бо, пабачыўшы тую „дзеву на водах“, яе не забудзеш ніколі!».

Kaver-560x485

Працы, якія пабывалі мяшкамі пад бульбу

«На выставе ў галерэі Савіцкага вы ўбачыце 13 прац, атрыбутаваных Алене Кіш. Дзве з іх дакладна напісаныя не ёй — тут не трэба быць доктарам мастацтвазнаўства, каб пазнаць не яе руку. 11 астатніх дзеляцца на два тыпы: адрэстаўраваныя і некранутыя, — піша пра выставу крытык. — Мне болей падабаюцца тыя пажоўклыя, шэра-залацістыя, да якіх пакуль не дайшла рука рэстаўратара. Кажуць, некаторыя з іх паспелі пабываць мяшкамі пад бульбу, але тое можа быць адным з апокрыфаў пра гэту жанчыну.

Ёсць людзі, якія плачуць, калі глядзяць на яе працы. Але мяне тут напаткала шчасце. Адсюль, ад яе выяў раю, да сапраўднага раю на нябёсах — тры крокі. Можна дакрануцца рукой. Тут ужо чутно спяванне анёлаў і вуркатанне чароўных ільвоў».

Выстава Алены Кіш адкрылася ў сярэдзіне снежня ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага і працягне работу да сярэдзіны студзеня.

Даведка «ІК»

Кіш Алена Андрэеўна (1889 (па іншых крыніцах — 1896)), в. Леніна (Раманава) Слуцкага раёна — 1949, в. Грозава, Слуцкага р-на) — майстар народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аўтар серыі маляваных дываноў, створаных у 1930-я — 1940-я гг. Яна адзіная прадстаўляе Беларусь у Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва. У 2010-м на кінастудыі «Беларусьфільм» пра яе створаны дакументальны фільм «Маляваны рай».

Аддзел навін

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Артефактолог
Артефактолог
9 января 2014 19:12

Помню её работу"Лист ддля каханага".